Статут Маладога Фронту


1. СТАТУТ МАЛАДОГА ФРОНТУ

1. Агульныя палажэньні

1.1. Моладзевы рух Малады Фронт (МФ) – гэта шырокі, грамадзка-палітычны рух моладзі, які выступае за абарону і рэалізацыю правоў моладзі, спрыяе выхаваньню маладога пакаленьня беларусаў на падмурку нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў.

1.2. Малады Фронт мае статус міжнароднага моладзевага аб’яднаньня беларускай моладзі, дзейнічае ў Беларусі і ва ўсіх краінах, дзе мае прадстаўнікоў. Малады Фронт рэалізуе свае мэтавыя задачы ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй той краіны, дзе дзейнічае, а таксама ў адпаведнасьці з “Міжнародным пактам аб грамадзкіх і палітычных правох ”ААН.

1.3. Малады Фронт мае герб, у выглядзе крыжа Эўфрасіньні Полацкай, зьмешчанага на белым шчыце з чырвоным крыжом; і сьцяг, у выглядзе нацыянальнага, бел-чырвона-белага сьцяга, са зьмешчаным на ім маладафронтаўскім гербам.

1.4. Малады Фронт можа прымаць удзел у стварэньні і ўваходзіць у грамадзка-палітычныя кааліцыі; удзельнічаць у правядзеньні выбарчых і іншых кампаніяў.

2. Мэты, задачы і мэтады дзейнасьці

2.1. Галоўнай мэтай Маладога Фронту зьяўляюцца: выхаваньне маладога пакаленьня беларусаў на падмурку нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў; патрыятызацыя хрысьціянаў і хрысьціянізацыя патрыётаў.

2.2. Асноўнымі задачамі Маладога Фронту зьяўляюцца: выяўленьне і спрыяньне рэалізацыі грамадзкай і творчай ініцыятывы сярод моладзі, агітацыйна-масавая дзейнасьць па адраджэньню беларускай школы, культуры, мовы, фармаваньне ў моладзі адказнасьці за лёс сваёй Бацькаўшчыны.

2.3. Малады Фронт дасягае сваіх мэтаў і вырашае задачы наступнымі мэтадамі: праводзіць масавыя акцыі (мітынгі, пікеты, дэманстрацыі, вулічныя шэсьці ), культурніцкія, адукацыйныя і спартовыя мерапрыемствы, прымае ўдзел у выбарчых кампаніях, прымае заявы, выдае газеты, бюлетэні і іншыя інфармацыйныя матэрыялы, а таксама мае права займацца іншымі відамі дзейнасьці, якія не супярэчаць Канстытуцыі і дадзенаму Статуту.

3. Удзел у працы МФ

3.1. Малады Фронт прадугледжвае фіксаванае сяброўства фізычных асобаў. Сябрам МФ можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, замежны грамадзянін, ва ўзросьце ад 14 да 31 году, любы, хто прызнае мэты і задачы Маладога Фронту ды спрыяе іх ажыцьцяўленьню.

3.2. Прыём у сябры руху адбываецца Управаю, пры наяўнасьці анкеты ўступальніка. Сябрам Маладога Фронту лічыцца той, хто прыняў маладафронтаўскую прысягу і атрымаў пасьведчаньне сябра Маладога Фронту.

3.2.1 Управа Маладога Фронту мае права прымаць у ганаровыя сябры МФ любога, без абмежаваньняў веку і месца жыхарства, хто прызнае мэты і задачы Маладога Фронту ды спрыяе іх ажыцьцяўленьню.

3.3. Спыненьне сяброўства ў МФ наступае:

· па ўласным жаданьні сябра пасля таго, як ён праінфармаваў аб гэтым Управу;

· па рашэньні Рады, Управы ці Сойму, у сувязі з парушэньнем сябрам арганізацыі Статуту, Праграмы ці Стратэгіі Маладога Фронту, рашэньняў калегіяльных ворганаў МФ, а таксама ў сувязі з учынкамі, якія шкодзяць аўтарытэту Маладога Фронту.

3.4. Сябра МФ мае права:

3.4.1. Абіраць і быць абраным у кіраўнічыя органы МФ;

3.4.2. Браць удзел ва ўсіх мерапрыемствах МФ;

3.4.3. Зьвяртацца ў кіраўнічыя ворганы МФ па дапамогу ў абароне і рэалізацыі сваіх правоў , выкарыстоўваць у гэтых мэтах арганізацыйныя і матэрыяльныя магчымасьці арганізацыі;

3.4.4. Уносіць прапановы датычна дзейнасьці МФ;

3.4.5. Быць сябрам іншых грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, задачы і мэты каторых не супярэчаць задачам і мэтам Маладога Фронту;

3.4.6. Вольнага выхаду з МФ.

3.5. Сябра МФ абавязаны:

3.5.1. Выконваць патрабаваньні гэтага Статуту;

3.5.2. Удзельнічаць у працы дзеля выкананьня статутных мэтаў і задачаў МФ;

3.5.3. Выконваць рашэньні кіраўнічых ворганаў МФ.

4. Структура і кіраўнічыя ворганы

4.1. Аснову МФ складаюць Суполкі, якія ствараюцца па ініцыятыве ня менш як трох чалавек па месцы жыхарства, працы ці вучобы і рэгіструюцца ва Управе МФ. Суполкі могуць мець правы юрыдычнай асобы, рэглямант і плян дзейнасьці, якія не супярэчаць Статуту, Праграме і Стратэгіі дзейнасьці МФ. Суполка абірае кіраўніка, намесьніка(ў). Вышэйшым кіруючым ворганам суполкі зьяўляецца Сход. Суполкі займаюцца рэалізацыяй статутных мэтаў і задачаў МФ, выкананьнем рашэньняў кіраўнічых ворганаў руху, рэгулярна праводзяць Сходы.

4.2. У межах пэўнай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі дзьве і болей Суполкі могуць утвараць Рады. Рады рэгіструюцца ва Управе МФ. Рады могуць мець правы юрыдычнай асобы, правы на выдавецкую дзейнасьць, правы абіраць кіраўніка і ягоных намесніка(ў). Справаздачна-выбарчыя сходы Рада праводзяць не радзей за 1 раз на год.

4.3. Рады МФ дзейнічаюць на адпаведнай тэрыторыі для каардынацыі дзейнасьці Суполак. Іх кіруючымі ворганамі зьяўляюцца Сходы, якія абіраюцца з упаўнаважаных прадстаўнікоў Суполак.

4.4. Кіраўнічыя органы МФ з’яўляюцца выбарнымі, дзейнічаюць па прынцыпах публічнасьці і калегіяльнасьці.

4.5. Вышэйшы кіраўнічы ворган МФ — Зьезд. Рашэньне пра скліканне Зьезду прымае Сойм ці Управа. Дэлегаты Зьезду абіраюцца з прадстаўнікоў Суполак і Радаў. Пры неабходнасьці можа быць скліканы нечарговы Зьезд на патрабаваньне Сойму ці адной трэці ўсіх Радаў.

4.6. Зьезд:

4.6.1. Найвышэйшы кіраўнічы ворган МФ, які складаецца з Сойму і дэлегатаў Зьезду;

4.6.2. Зьбіраецца не радзей аднаго разу на два гады;

4.6.3. Прымае Статут, Праграму і Стратэгію МФ;

4.6.4. Абірае Старшыню і намесьнікаў Старшыні МФ;

4.6.5. Прымае любыя іншыя рашэньні.

4.7. Сойм

4.7.1. Сойм – кіраўнічы  ворганам МФ, які складаецца з кіраўніцтва арганізацыі, адказнага сакратара Ўправы, прэс-сакратара, кіраўнікоў аддзелаў Управы, каардынатара Менскага МФ і вабласных каардынатараў;

4.7.2. Зьбіраецца не радзей аднаго разу на тры месяцы;

4.7.3. Кожны сябра Сойму не радзей аднаго разу на тры месяцы дае справаздачу аб сваёй дзейнасьць;

4.7.4. Прымае праект дзейнасьці Статута, Праграмы, Стратэгіі МФ, якія да зацьвярджэньня Зьездам маюць юрыдычную моц;

4.7.5. Фармуе склад Управы;

4.7.6. Прызначае вабласных каардынатараў, з далейшым зацьвярджэньнем іх адпаведнымі Вабласнымі Радамі;

4.7.7. Прымае рашэньні аб ўдзеле МФ у кампаніях;

4.7.8. Склікае Зьезд МФ і фармуе дэлегацкія квоты на яго;

4.8. Управа:

4.8.1. Кіраўнічы ворганам МФ, які складаецца з кіраўніцтва арганізацыі (Старшыні і ягоных намесьнікаў), адказнага сакратара Ўправы МФ, прэс-сакратара МФ, кіраўнікоў аддзелаў Управы МФ, старшыні і каардынатараў Менскага МФ;

4.8.2. Зьбіраецца не радзей аднаго разу на тыдзень;

4.8.3. Кожны сябра Ўправы, не радзей аднаго разу на тыдзень, дае справаздачу аб сваёй дзейнасьці;

4.8.4. Ладзіць сувязь з грамадзкімі аб’яднаньнямі, палітычнымі партыямі і дзяржаўнымі ворганамі Рэспублікі Беларусь;

4.8.5. Рэалізуе кампаніі і кіруе арганізацыйна-тэхнічнаю дзейнасьцю МФ;

4.8.6. Ажыцьцяўляе прыём у сябры МФ і вядзе ўлік сябраў арганізацыі;

4.8.7. У выпадку грубага парушэньня сябрамі МФ Статута, Праграмы, Стратэгіі МФ, рашэньняў калегіяльных ворганаў МФ, а таксама ў сувязі з учынкамі, якія шкодзяць аўтарытэту Маладога Фронту, валодае правам прыпыненьня сяброўства ў МФ, зьняцьці з займаемай пасады, выключэньня з арганізацыі сябра МФ;

4.8.8. Склікае Сойм;

4.8.9. Пры немагчымасьці правядзеньня Сойму, склікае Зьезд і фармуе дэлегацкія квоты на яго, прымае праект дзейнасьці Статута, Праграмы, Стратэгіі МФ, якія да зацьвярджэньня Зьездам маюць юрыдычную моц;

4.8.10. Зьдзяйсьняе іншыя функцыі апэратыўнага кіраваньня МФ.

4.9. Агульныя палажэньні працы кіраўнічых ворганаў МФ

4.9.1. У сваёй дзейнасьці намесьнікі Старшыні МФ падпарадкоўваюцца Старшыні МФ; Старшыня, намесьнікі Старшыні МФ, Суполкі і Рады – Управе; Управа – Сойму; Сойм – Зьезду. Усе рашэньні вышэйстаячых ворганаў Маладога Фронту, абавязковыя для выкананьня ўсімі ніжэйшымі кіраўнічымі ворганамі МФ.

4.9.2. Усе рашэньні калегіяльных ворганаў МФ афармляюцца пратаколам і прымаюцца пры наяўнасьці кворуму простай большасьцю галасоў.

5. Сродкі, маёмасьць

5.1. МФ можа мець ва ўласнасьці любую рухомую і нерухомую маёмасьць дзеля ажыцьцяўленьня статутных мэтаў і задачаў, за выключэньнем аб’ектаў, якія згодна з заканадаўствам могуць знаходзіцца толькі ва ўласнасьці дзяржавы.

5.2. Малады Фронт нясе адказнасьць па ўзятых на сябе абавязках усёй сваёй маёмасьцю. МФ не адказвае па абавязках сваіх сяброў, сябры МФ не адказваюць па абавязках МФ.

5.3. Грашовыя сродкі Маладога Фронту фармуюцца з:

· дабраахвотных ахвяраваньняў фізычных і юрыдычных асоб;

· мэтавага фінансаваньня з боку фізічных і юрыдычных асоб;

· іншых крыніцаў, не забароненых Канстытуцыяй.

5.4. Сродкі МФ выдаткоўваюцца на ажыцьцяўленьне статутных мэтаў і задачаў МФ.

5.5. У выніку спыненьня сяброўства ў МФ, фінансавыя сродкі і маёмасьць, перададзеныя ягонымі сябрамі у МФ бязвыплатна, звароту не падлягаюць. Матэрыяльныя сродкі, перададзеныя у МФ ягонымі сябрамі ў часовае валоданьне і карыстаньне, вяртаюцца адпаведна з умовамі дамоваў, на падставе якіх гэта часовае валоданьне і карыстаньне ажыццяўляецца.

5.6. Усе паўнамоцтвы МФ, зьвязаныя з валоданьнем, карыстаньнем і распараджэньнем маёмасьцю, ажыцьцяўляе Сойм МФ ці ўпаўнаважаныя ім афіцыйныя асобы.

5.7. МФ самастойна ажыцьцяўляе разлікі з бюджэтам, у парадку і памерах устаноўленымі дзеючым заканадаўствам, падае дадзеныя ў дзяржаўныя ворганы фінансавага кантролю, нясе адказнастць за іх паўнату, сапраўднасьць і сваечасовасьць прадстаўленьня.

6. Рэарганізацыя і спыненьне дзейнасьці.

6.1. Спыненьне дзейнасьці МФ адбываецца шляхам рэарганізацыі ці ліквідацыі.

6.2. Ліквідацыя Маладога Фронту адбываецца паводле рашэньня Зьезду, калі за гэта прагаласуюць 9/10 яго дэлегатаў, альбо праз суд, у выпадках і ў парадку вызначаных дзеючым заканадаўствам. Рэарганізацыя МФ ажыцьцяўляеца рашэньнем Зьезду, маёмасьць і грашовыя сродкі пры гэтым пераходзяць да правапераемніка.

6.3. Ліквідацыя ажыцьцяўляецца ліквідацыйнай камісыяй, якая ствараецца ворганам, які прыняў рашэньне аб ліквідацыі.

6.4. Ліквідацыйная камісыя ацэньвае маёмасьць МФ, задавальняе прытэнзыі крэдытораў у адпаведнасьці з дзеючым заканадаўствам. Рэшта маёмасьці выкарыстоўваецца ліквідацыйнай камісыяй на мэты, прадугледжаныя гэтым Статутам.

 

[ Закон аб асновах моладзевай палітыкі ]
[ Статут ]
[ Крэда ]
[ Прысяга ]
[ Герб і сьцяг ]
[ Вярнуцца да падзелу ‘Дакуманты’ ]