Дэбютны альбом ад «Людзей на балоце» (інтэрнэт-прэзэнтацыя)

Дэбютны альбом ад «Людзей на балоце» (інтэрнэт-прэзэнтацыя)

Гурт «Людзі на балоце» прадстаўляе на партале Tuzin.fm свой дэбютны альбом, які прысьвечаны гісторыі антыбальшавіцкага супраціву ў Беларусі. Музыкі паспрабавалі паглядзець на падзеі з падручнікаў па гісторыі вачыма звычайнага чалавека, які жыў у тыя часы. Праца гарадзенцаў унікальная тым, што дагэтуль яшчэ ніхто зь беларускіх музыкаў не ствараў цэлай праграмы на дадзеную тэматыку.«Людзі на балоце» — праект малады, ня мае яшчэ і году. Але музыкі ў ім задзейнічаныя спрэс вядомыя і дасьведчаныя. Выходзіць па-сутнасьці такі гарадзенскі аналяг «Народнага альбому». У сваім дэбютным альбоме «Людзі» вырашылі засяродзіцца на падзеях амаль стогадовай даўніны. Усе восем трэкаў з дыску так ці інакш прысьвечаны гісторыі антыбальшавіцкага супраціву ў Беларусі. Іх аўтар і выканаўца Алесь Дзянісаў кажа, што ён імкнуўся не даваць ацэнак і пазьбягаў хоць якога ідэалягічнага налёту: «Я хацеў уявіць, якія б песьні мог сьпяваць звычайны чалавек, што жыў у тыя часы. Чым ён пераймаўся і што за турботы меў, якія б словы ён мог сказаць сваім нашчадкам. Вось пра гэта я думаў пры напісаньні твораў, што ўвайшлі ў дыск».

Хоць «Людзі на балоце» існуюць толькі з траўня 2011 году, яны пасьпелі ўжо даць некалькі дзясяткаў канцэртаў. Гарадзенскую каманду з ахвотай клічуць з выступамі, як у беларускія гарады, так і за мяжу. Сярод іншага, яны выступалі на польскім Halfway Festival у Беластоку і на «ПІКНІК.BY» у Шаблях, а 17 кастрычніка прадставяць свой альбом ужывую ў межах праекту «Жывы Тузін» у менскім Loft cafe. Алесь Дзянісаў абвесьціў ужо пра падрыхтоўку другога альбома зь лірычнымі песьнямі на вершы заходнебеларускіх паэтаў, якога можам чакаць налета.

Свой дэбютны альбом гурт прадстаўляе пры падтрымцы парталу Tuzin.fm. Калекцыйны СD-варыянт гэтай працы можна набыць на канцэртах каманды.

Цяперашні склад гурта «Людзі на балоце»:

Алесь Дзянісаў (вакал, гітара)

Аляксандар «Барабан» Рацько (вакал, пэркусія)

Мікола Палякоў (акардыён)

Наста Цыбізава (вакал, скрыпка)

Вася «Хіпар» Валошчык (флейта)

Паша «Трабл» Трублін (бас-гітара)

Спампаваць альбом можна тут

Паводле  tuzin.fm

Падзяліцца:

Каментары