Дэкамунізацыя грамадзтва — наша першасная задача

Дэкамунізацыя грамадзтва — наша першасная задача

З лістапада пад час акцыі «Дзяды» Малады Фронт распачаў збор подпісаў у Савет міністраў і Менгарвыканкам з патрабаваньнем распачаць дэкамунізацыю беларускага грамадзтва.

«Мэта чарговай антыкамуністычнай кампаніі МФ — данесьці да як мага большай колькасьці беларусаў праўду пра злачынствы камунізму, — гаворыць сустаршыня МФ Зьміцер Дашкевіч.— На “Дзядах” мы распачалі збор подпісаў пад зваротам у Савет міністраў і Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт з патрабаваньнем распачаць дэкамунізацыю Беларусі, вярнуўчы цяперашняй вуліцы Леніна яе гістарычную назву: вуліца Францынсканская. Малады Фронт ці не штогод праводзіць антыкамуністычныя кампаніі й па той прычыне, што ўся існая ідэалогія беларускага рэжыму трымаецца менавіта на камуністычных ідэалах. Тут і правапераемнік ЛКСМ — БРСМаўцы, і палітыка неасталінізма, і шторазовыя заклікі Лукашэнкі аб адраджэньні ў той ці іншай форме сэсэсэра. Таму дэкамунізацыя грамадзтва — адна з першасных задачаў дэмакратычных сілаў, без выкананьня якой немажліва будзе дасягнуць глыбінных пераменаў свядомасьці беларускага грамадзтва».

У звароце актывісты МФ нагадваюць грамадзянам пра адну з самых злачынных акцыяў камуністаў і непасрэдна Леніна — тэрор супраць хрысьціянскай царквы.

Уладзімер Ленін з’яўляецца адным з самых крывавых дыктатараў чалавечай гісторыі. У пераліку многіх іншых заклікаў да тэрору і забойстваў, менавіта яму належаць словы: Нам во что бы то ни стало необходимо провести изъятие церковных ценностей самым решительным и самым быстрым образом, чем мы можем обеспечить себе фонд в несколько сотен миллионов золотых рублей (надо вспомнить гигантские богатства некоторых монастырей и лавр). /…/Чем большее число представителей реакционного духовенства и реакционной буржуазии удастся по этому поводу расстрелять, тем лучше. Надо именно теперь проучить эту публику так, чтобы на несколько десятков лет ни о каком сопротивлении они не смели и думать”. (Сакрэтнае пісьмо Леніна членам Палітбюро ЦК РКП(б). Архіў: РЦХИДНИ. Ф. 2. Оп. 1. Д. 22947. Источник: История России. 1917 — 1940. Хрестоматия / Сост. В.А. Мазур и др.; под редакцией М.Е. Главацкого. Екатеринбург, 1993. Опубликовано в INTERNET: 2001, июль).

Маладафронтаўцы лічаць, што «нягледзячы на многія і многія факты зладзействаў заснавальніка чырвонага тэрору Уладзіміра Леніна, ягоная асоба дагэтуль станоўча прапагандуецца ў Беларусі, падаецца як прыклад для моладзі дый усяго грамадзтва. Мы, ніжэй падпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, лічым, што на такім “прыкладзе” можна выхаваць толькі злачынцаў і вар’ятаў».

На “Дзядах” маладафронтаўцы сабралі больш за сто подпісаў. Подісы будуць зьбірацца актывістамі МФ у Менску і іншых гарадах Беларусі да 7-га лістапада і ў чарговую гадавіну камуністычнага перавароту ўсе падпісныя аркушы будуць перададзеныя ў Менскі і іншыя гарсаветы гарадоў і ў Саўмін.

Падзяліцца:

Каментары