Для круглага стола з апазыцыяй, неабходна вызваліць лідэраў апазыцыі

Для круглага стола з апазыцыяй, неабходна вызваліць лідэраў апазыцыі

Лукашэнка прапанаваў сёньня апазыцыі, ЕС і Расіі сесьці за сумесны круглы стол. Малады Фронт лічыць, што круглы стол мусіць абавязкова адбыцца ў прысутнасьці лідэраў апазыцыі Мікалая Статкевіча, Андрэя Саньнікава, Зьмітра Дашкевіча, Паўла Севярынца.

“Цяпер ёсьць тры варыянту разьвіцьця падзеяў, на мой погляд”,-  камэнтуе словы Лукашэнкі намесьніца старшыні МФ Наста Палажанка Першы: Лукашэнка сапраўды хоча склікаць кольны стол і апазыцыя можа прыняць у ім удзел, пасьля безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Другі: Лукашэнка хоча прадэманстраваць чарговую імітацыю лібералізацыйнага фарсу, бо крэдыт МВФ такі ўсё ж неабходны нашай краіне і па чыстай выпадковасьці менавіта сёньня заяўка Беларусі стаіць на павестцы дня. Трэці: чарговая хлусьня.”

На дадзены момант беларусы мусяць дакладна й ясна ўяўляць, што апазыцыя і дэмакратычная супольнасьць ня мае маральнага права ўдзельнічаць ні ў якіх перамовах, пакуль кожны з палітвязьняў ня выйдзе на свабоду й не атрымае магчымасьць сесьці за гэты круглы стол. Толькі тады мы пераканаемся, што Лукашэнка хоць троху можа трымаць сваё абяцаньне, а не жыве па прынцыпу “гаспадар свайго слова”: слова даў – слова ўзяў.

“Я ня раз паўтарала калегам па палітычнаму сэктару: часам каб ворагу свайму сказаць, што ты вораг – гэта трэба прамовіць, глядзячы яму ў вочы. Каб выставіць патрабаваньні ці тлумачыць пазыцыю – трэба размаўляць і гаварыць з упэўненасьцю таго, што цябе пачуюць,” — кажа Наста Палажанка.

— Я вельмі хачу, каб рашэньне пра дыялёг прымалі на сумеснай нарадзе дэмакратычнай супольнасьці Уладзімір Някляеў і Андрэй Саньнікаў, Віталь Рымашэўскі і Дзьмітрый Вус, Аляксандр Мілінкевіч і Мікалай Статкевіч, Андрэй Дзьмітрыеў і Дзьмітрый Дашкевіч, Юрась Губарэвіч і Павал Севярынец і многія іншыя, асабліва тыя, каго цяпер няма з намі побач. Я хачу, каб тыя людзі, каторыя не з намі, прынялі гэтае рашэньне гледзячы нам у вочы.”

Малады Фронт заклікае лідэраў дэмакратычнай апазыцыі – не паддавацца на чарговую спробу імітацыі дыялёгу, як гэта было раней. Маладафронтаўцы просяць памятаць пра адказнасьць, каторую Вы, дэмакратычныя актывісты, узялі перад Богам і Бацькаўшчынай, назваўшы сябе лідэрамі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі.

Падзяліцца:

Каментары