Дома Эдуарда Лобава чакае марская чарапашка (фота)

Дома Эдуарда Лобава чакае марская чарапашка (фота)

Чарговыя абвінаваўчыя прысуды — 4 гады турмы для Эдуарда Лобава і 2 гады няволі для Змітра Дашкевіча — шакавалі беларускую незалежную супольнасць. Калі Зміцер Дашкевіч — асоба вядомая ў дэмакратычных колах, то пра Эдуарда Лобава многія пачулі ўпершыню.

Хатні заапарк сям’і Лобавых

«Юра, прытрымай Ветачку», — крыкнула мужу Марына Лобава, маці Эдуарда, калі ветліва праводзіла мяне ў двухпакаёвую кватэру на ўскраіне Мінска ў Малінаўцы. Распрануўшыся, я пабачыла Ветачку — вялізнага карычневага і надзвычай прыгожага сабаку, які сціпла сядзеў у калідорчыку і здзіўлена глядзеў на мяне. Тут я прыгадала, як аднойчы ў размове спадарыня Марына згадала, што яны ўсёй сям’ёй ездзілі вандраваць ва Украіну і бралі з сабою сваіх выхаванцаў — двух прыгожых ньюфаўлендаў — маці і дачку.

«Гэта наша малодшая. Маму Шэйлу мы зачынілі ў дзіцячым пакоі, бо яна крыўдзіцца, калі да нас прыходзяць незнаёмыя людзі, і пачынае скуголіць», — спехам тлумачыць спадарыня Марына. Дзіцячы пакой — гэта пакой Эдуарда і ягонага малодшага брата Улада. І хаця Эдуарду ўжо споўнілася 22 гады, а брату — 17, і яны, зразумела, даўно лічаць сябе дарослымі мужчынамі, аднак для маці іх статус «дзяцей» непарушны. «А вось Эдуард заўсёды хацеў сабе ката. Казаў, як будзе жыць адзін, возьме каго з прытулку для жывёл, каб уратаваць ад смерці. Яны з Уладам заўсёды падкормлівалі бяздомных катоў і сабак, што швэндаліся ля дома», — распавядае яна.

Раптам раздаецца «бульк» і, злавіўшы мой пытальны позірк, бацька Эдуарда, спадар Юры, далучаецца да размовы: «Гэта нашы сомікі. Яны выскокваюць з вады, каб каўтануць паветра». І сапраўды, у невялікім акварыуме ў форме бакала для віна плаваюць дзве маленькія вусатыя рыбкі.

Спадарыня Марына сумна ўздыхае: «Ага, а Эдуарда вінавацяць, што цвікадзёрам на вуліцы людзей збівае. Ды ён і мухі не кране! У дзіцячым пакоі яшчэ адзін акварыум — там жыве Эдзікава марская чарапашка. Пайшоў у заакраму і набыў. І сам заўсёды за ёй і за рыбкамі прыбіраў, вычышчаў акварыумы, мяняў ваду. А з таго часу гэта ўсё раблю я».

Дома Эдуарда чакае вялікая сям’я

 

«Суддзя нават галаву не ўзняла, не магла глядзець у вочы»

«З таго часу» — з моманту арышту Эдуарда, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Больш за суткі Лобавы не ведалі, куды знік іх сын, а ўпершыню пабачылі толькі на судзе. «Следчы не даваў мне дазволу на спатканне. А на пашпарце Эдуарда, які мне вярнулі, знайшла надпіс «За Лукашэнку». Пытаюся ў следчага: «Гэта вы за Лукашэнку»? Ён ажно ўскочыў з месца, пачаў апраўдвацца. А дазволу так і не даў», — гаворыць спадарыня Марына. «Ну дык ты ж яму выгаворвала, спрабавала перавыхаваць, сварылася з ім», — усміхаецца спадар Юры, слухаючы спешную гаворку сваёй жонкі.

Тым часам жанчына працягвае: «Як суддзя зачытала прысуд, да мяне падышоў нейкі супрацоўнік і параіў пайсці напісаць заяву на спатканне. Дык суддзя нават галаву не ўзняла, не магла глядзець у вочы. Схіліўшыся да стала, хуценька накрэмзала паперу і аддала мне. Спрабавала на наступны дзень пасля суду патрапіць да Эдзіка, але на Валадарцы столькі людзей — не прабіцца. Відаць, трэба з Уладам прыехаць гадзіне а 7 раніцы, каб паспець. Час я маю, я ж — хатняя гаспадыня. Хацела пайсці на працу, але муж сказаў, што дзеля майго заробку бібліятэкара ў 400 тысяч не варта і пальцам варушыць».

Праўда, зараз цэлымі днямі спадарыня Марына занятая справамі сына: «То перадачу адвезці, то з адвакатам сустрэцца, то рэчы забраць. Вунь у пятніцу забрала зімнюю куртку, дык яна ажно смярдзела курывам. А Эдзік жа не паліць, значыцца, гэта ў камеры такі пах. Вымыла і парашком, і іншымі сродкамі, і на балконе павесіла выветрывацца — усё роўна смярдзіць. Прасіў перадаць лягчэйшую куртку, з нашыўкай «Малады Фронт» на рукаве. І кубак з выявай «Пагоні» прасіў набыць — рыхтуецца прыбыць у калонію ў поўнай амуніцыі».

Спадарыня Марына расказвае, што яе жыццё кардынальна змянілася пасля зняволення сына: «Пазнаёмілася з такой колькасцю добрых людзей! Штодня стэлефаноўваемся з бацькамі іншых вязняў. На Дзень Волі тэлефаную Алене Ліхавід, пытаюся, ці павіншавала яна свайго сына са святам. Яна войкнула: забылася, а праца ж да вечара. Мне ж не цяжка схадзіць на пошту — адправіла Мікіту Ліхавіду віншавальную тэлеграму. Падпісала «мама». Паштаркі сабралі цэлы кансіліум наконт словаў «Дзень Волі», але даслалі».

Лобавы сталі наведваць усе апазіцыйныя акцыі, хаця раней хадзілі як атрымоўвалася. Марыну Лобаву часта запрашаюць у амбасады, і паўсюль яна гаворыць пры неабходнасць увядзення эканамічных санкцыяў. На яе думку, гэта адзіны шанец вызвалення ўсіх палітвязняў.

«Эдзік перахацеў паступаць у спецназ»

Эдуард Лобаў марыў займацца вайсковай справай. Кроўны бацька Эдуарда — вайсковец, услед за якім сям’я пераехала з Вільні ў Паставы. Прадзед юнака служыў у польскім войску, за што камуністы саслалі яго ў лагер на 20 гадоў. Выйшаў праз 10 — па амністыі, пасля смерці Сталіна.

«Эдзік з дзяцінства чытаў вайсковыя кнігі, вывучаў віды зброі, вайсковыя тактыкі. Ён марыў паступіць у ваенную акадэмію, самастойна праходзіў лекараў, ляжаў у шпіталях на абследаваннях. Але яму адмовілі з-за невялікага скрыўлення хрыбта — ён у дзяцінстве патрапіў у аварыю. Для Эдзіка як быццам бы рухнуў сусвет. У ваенкамаце нейкі службовец параіў яму пайсці служыць — маўляў, пасля службы паступіш у акадэмію без праблемаў, і на паказчыкі здароўя ніхто і глядзець не будзе. Я настаяла, каб перад гэтым ён атрымаў хоць якую прафесію, і Эдуард скончыў каледж па спецыяльнасці «слесар кантрольна-вымяральных прыбораў». А пасля пайшоў у дэсант».

Марына Лобава паказвае калекцыю танкаў, сабраных і размаляваных Эдзікам

 

Пытаюся, няўжо такі невысокі і худзенькі хлопчык па характарыстыках падыходзіў для дэсантных войскаў? У маім уяўленні дэсантнікі заўсёды былі двухметровымі бугаямі, што шумна купаліся ў фантанах на сваё прафесійнае свята. «Эдзік вельмі вынослівы, — уступае ў размову Улад Лобаў. — Аднойчы ён пешкі дайшоў да лініі Сталіна (45 кіламетраў ад Мінска). А летам мы з ім часта ходзім купацца на Пціч».

Спадар Юры апавядае, што раней Эдуард хацеў ісці ў спецназ, але падзеі 2006 года, калі хлопец пабачыў, чым займаюцца беларускія спецназаўцы, кардынальна змянілі ягонае рашэнне.

Па словах бацькоў, патрапіўшы ў войска, Эдуард першы час быў шчаслівы — ён на свае вочы бачыў зброю, якую раней разглядаў толькі ў кніжках. Эдуард быў самым адданым і адказным салдатам. Напачатку. «Пасля таго, як Эдзіка разам з іншымі салдатамі прымушалі пераносіць снег з аднаго месца на другое і назад, разбіраць і збіраць каробкі са зброяй, ён зразумеў, што нічому карыснаму яго тут не навучаць. І ён, калі і стане афіцэрам, то не зможа добра выхоўваць салдат. Таму ён вырашыў адкласці паступленне ў ваенную акадэмію да часу, калі там сапраўды будуць вучыць ваеннай справе», — гартаючы фотаальбом Эдуарда, працягвае Марына Лобава.

«А перад дэмбелем, — узгадвае малодшы брат, — Эдзік наогул патрапіў на гаўптвахту на 10 сутак. Ён папрасіў мяне раздрукаваць улёткі накшталт «Спыніце беззаконне ў войску» і разляпіў іх па вайсковай частцы. Злавілі. Але пасля гэтага ў частцы сапраўды троху палепшыліся ўмовы — прынамсі, карміць сталі лепш».

Дарэчы, у войску Эдуард пазнаёміўся з сябрам «Маладога Фронту» Андрусём Цянютам, які і захапіў яго маладафронтаўскімі ідэямі. Адразу пасля дэмбеля Эдуард патэлефанаваў Змітру Дашкевічу, з якім моцна пасябраваў. Са Змітром Дашкевічам іх і арыштавалі ў той дзень.

«Ці не думаеце зараз, што лепш было б забараніць Эдуарду ўсе стасункі з «Маладым Фронтам»? — пытаюся ў маці. «Вы што! Мы наадварот мусім быць удзячнымі і Цянюту, і Дашкевічу, што канчаткова раскрылі вочы Эдуарду на тое, што адбываецца ў нашай краіне. У нас, шчыра кажучы, гэта атрымоўвалася не вельмі паспяхова. А тое, што ён у турме… Для мяне галоўнае, каб сын быў сумленным і шчырым чалавекам, якім я магу ганарыцца. Я б не хацела памяняцца месцам з маці спецназаўцаў і суддзяў, якія мусяць саромецца за сваіх дзяцей», — цвёрда і ўпэўнена гаворыць Марына Лобава.

Падчас нашай сустрэчы ў мяне перад вачыма стаяла асацыяцыя Лобаў-Статкевіч. Абодва прасякнутыя ідэяй беларускага войска, абодва займаюцца палітычнай дзейнасцю, абодва — у турме. Бацькі Лобава пагадзіліся са мной і выказалі спадзяванне, што наступнай асацыяцыяй будзе — абодва на волі.

Таццяна ШАПУЦЬКА, «Новы час»

Падзяліцца:

Каментары

  1. o (Aug 29, 2011:19:46)Адказаць

    Свабоду ньюфаўлендам! У двухпакаёвай кватэры 2 вялізныя сабакі! …