«Доўг» Дашкевіча перад калёніяй у Горках — 9 дзён карцэру

«Доўг» Дашкевіча перад калёніяй у Горках — 9 дзён карцэру

Невядома, ці давядзецца Зьмітру Дашкевічу адбываць 9 дзён карцэру, якія ён не дасядзеў у горацкай калёніі. Ці этапавалі Андрэя Саньнікава ў бабруйскую калёнію ў кайданках? Адвакат Дзьмітрыя Вуса накіравала запыт адносна стану здароўя падабароннага. Дзьмітрый Бандарэнка ўжо не пакутуе ад болю ў левай назе. Эдуард Лобаў наракае на холад у калёніі.

1 кастрычніка з ізалятару на Акрэсьціна выйшаў на волю актывіст «Маладога фронту»Уладзь Яроменак, які быў асуджаны на 12 дзён арышту за акцыю ў 20-ю гадавіну прыняцьця «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі Рэспублікі Беларусь. За дзень да таго выйшла на волю і намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка, якая за тую ж акцыю адбыла за кратамі 11 дзён. Наста паведаміла, што асноўнай праблемай для яе на Акрэсьціна быў холад у камэры. «Але дапамаглі практыкаваньні, якім мяне навучыў Мікіта Ліхавід», — кажа Наста Палажанка. Пры гэтым актывістка мяркуе, што пакуты вязьняў на Акрэсьціна нельга параўнаць з тым, што выпала на лёс старшыні «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, якога нядаўна перавялі з Горацкай калёніі ў Глыбоцкую турму і трымаюць у адзіночнай камэры:

«Яго адвакат наведваў 28 верасьня. Вядома толькі, што ён знаходзіцца ў нейкай адзіночнай камэры і што на ім „вісіць“ 9 сутак „шыза“, якія ён не дабыў у калёніі ў Горках. Невядома, ці прыйдзецца яму гэты тэрмін даадбываць. Я паеду туды ў аўторак, каб разьбірацца».

Саму Насту Палажанку на панядзелак, 3 кастрычніка, выклікаюць у міліцыю паводле парушэньня ў адбыцьці пакараньня, якое ёй залічылі, арыштаваўшы на 11 сутак.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў у ноч на 30 верасьня быў прывезены з магілёўскага ізалятару ў бабруйскую калёнію.

Жонка палітыка журналістка Ірына Халіп: «Ён пэўна ў Бабруйску. Вядома, што пагражалі туды прывезьці ў кайданках. Адвакат яго наведаў і сказаў, што небясьпека для жыцьця застаецца. Але падрабязнасьцяў няма, і ня ўсё можна паведаміць праз тэлефон».

Зьвестак ад экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча няма болей за два тыдні.

Ад каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі ягоная жонка Вольга атрымала два лісты і паштоўку з віншаваньнямі на дзень народзінаў. Зьміцер паведаміў таксама, што падаў заяву на тэлефонны званок дамоў у нядзелю, але ня ведае дакладна час званку. Пра сваё здароўе Бандарэнка напісаў, што стала лепей зь левай нагой — пакутлівых боляў ужо не адчувае.

Вязень калёніі «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі Эдуард Лобаў паведаміў пра пагаршэньне ўмоваў утрыманьня.

Маці актывіста Марына Лобава: «На здароўе ня скардзіўся, адзінае, што стала холадна па начах, а цёплыя рэчы, цёплую бялізну не выдаюць. Здаў увесну на захоўваньне цёплыя рэчы і пакуль, да 15 кастрычніка, не выдаюць, бо кажуць, што няма пераходу на зімовую форму адзеньня. Таму раніцай холадна. Майка і адна роба — гэта холадна».

http://www.svaboda.org

Падзяліцца:

Каментары