“ДЗЕ ДУХ ГАСПОДНІ, ТАМ СВАБОДА” 2КАР 3:17

“ДЗЕ ДУХ ГАСПОДНІ, ТАМ СВАБОДА” 2КАР 3:17

Свабода. Папулярнае й у той жа момант супярэчлівае паняцьце ў сучасным сьвеце. Для адных свабода гэта – свабода дзеяньня, якая то мяжуе, то перасякаецца з уседазволенасьцю, для другіх свабода – магчымасьць безперашкодна песьці праўду, а для іншых – пусты гук, а значна “За свабоду” на адзежы, ёсьць проста моднай фішкаю.

Дык што ж такое свабода? Ці існуе ў нас, людзей што адстойваць прынцыпы дэмакратыі й справадлівасьці, адзінае й правільнае разуменьне свабоды, якую мы імкнемся зрабіць падмуркам справядлівай і законнай Беларусі. Бо калі разуменьне нашае няправільнае, дык такім жа будзе й падмурак, а на няправільным падмурку можна пабудаваць толькі хісткі й нетрывалы дом, у якім мы наўрадці знойдзем парадак і дабрабыт. Каб зразумець сапраўднае значэньне гэтай, так дарагой многім з нас, каштоўнасьці трэба перш-наперш адказаць на пытаньне: “Хто дае свабоду асобе й нацыям?” – Урад? Парлямант? Прэзыдэнт? Некаторыя могуць пагадзіцца з тым, што нейкі дзяржаўны інстытут, з пералічаных вышэй, сапраўды забясьпечвае людзей свабодаю.У такім разе той, хто дае вам свабоду, так жа проста можа забраць яе ў вас.
Менавіта таму нацыі, каторыя вераць, што свабода ад партыяў і правадыроў, так ціха й бязропатна пагаджаюцца са зьнішчэньнем любых праяваў іншадумства.

Але, я думаю, мала хто пагодзіцца з такой лёгікаю. Тады мы мусім прыйсьці да разуменьня, што свабода даецца нам ня Ўрадам, Прэзыдэнтам, альбо Палатаю прадстаўнікоў Беларусі ці Злучаных Штатаў Амэрыкі. Свабода – Божы падарунак, дадзены кожнаму з нас ад нараджэньня, а дзяржаўныя інстытуты мусяць толькі выступаць гарантам непарушнасьці гэтага прынцыпу.

І калі свабода ёсьць Божым дабраславеньнем, дык давайце паспрабуем прасякнуцца Біблейскім разуменьнем гэтага паняцьця.

У другім пасланьні да Карыцянаў Апостал Павал піша: “Гасподзь ёсьць Дух, а дзе Дух Гасподні, там свабода” (2 Кар 3:17). Згодна з гэтым Словам, свабоднымі могуць быць толькі тыя асобы й нацыі, сярод якіх жыве Дух Гасподні.

У Беларусі, многія дэмакраты, на гэтае могуць сказаць: “Безумоўна, Гасподзь сярод нас, бо мы вядзем барацьбу са злом, з паднятымі з руінаў ідэалёгіямі ленінізму й сталінізму й г.д. І ў прынцыпе, я сам нейкі час прытрымліваўся гэтае тэорыі – калі ты супраць д’ябла, дык за табою Бог.
Але, неяк аналізуючы вышэйзгаданую філязофію, я нарэшце ўбачыў (хаця раней і чытаў шмат разоў). 13-16 вершы 19 разьдзелу Дзеяў Апосталаў:

13. Нават некаторыя вандроўныя заклінальнікі Юдэйскія пачалі заклікаць імя Госпада Ісуса над тымі, што былі апанаваныя злымі духамі, кажучы: заклінаем вас Ісусам, Якога Павал прапаведуе.

14. Гэта рабілі нейкія сем сыноў Юдэйскага першасьвятара Скевы.

15. Але злы дух сказаў у адказ: Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы, а вы хто?

16. І кінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адолеўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны, голыя і пабітыя, выбеглі з таго дома.

Сапраўды, урывак гэты шмат чаму нас вучыць – калі Госпада няма ў нашых сэрцых, калі мы ў сваім жыцьці кіруемся ня Божымі Запаветамі, дык можна колькі заўгодна пісаць на сваіх штандарах “З намі Бог!”, але вынік нас чакае адзін:

16. І кінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адолеўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны, голыя і пабітыя, выбеглі з таго дома.

Таму, каб у нашым жыцьці й нашай дзейнасьці прысутнічала й зьдзяйсьнялася Божая Воля, мы мусім жыць згодна зь Ягоным Словам. Як напісана : “Калі вы застанецеся ў слове Маім, вы сапраўды мае вучні, і спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі”. (Дабравесьце паводле Яна. 8:31-32).

31. Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні.

32. І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі.
Некаторыя мне кажуць: “Дашкевіч, ты ідэаліст, Усе людзі грэшныя й мы ў сваёй дзейнасьці мусім сыходзіць з гэтага, а ты цягнеш нас у нейкую рэлігію”.

Усе правільна – я ідэаліст. Усе правільна – людзі грэшныя. Але гэты не азначае, што яны ня могуць перамяняць сваё жыцьцё!
І я прапаведую не рэлігію, а жывое Божае Слова й рэальныя рэчы, праз якія прайшоў сам! Я піў, гадоў сем паліў і рабіў шмат іншых непрыстойных справаў, але служэньне Духоваму Адраджэньню Беларусі мяне перамяніла. І я кожны дзень бачу, як Ісус перамяняе тых, хто побач са мною! Я бачу, як моладзь дастае жалеза з вуснаў і носу, адмаўляецца ад гарэлкі, піва, цыгарэтаў; а перамяніўшы сябе, нясе Слова Праўды іншым. Вось яно – сапраўднае Адраджэньне Беларусі! Якое пачынаецца ні недзе там, у агітацыйных матэрыялах партыяў, а ў нашай душы, калі хлопец ці дзяўчыны вырашаюць – піва й блуд, гэта не для мяне, бо Божы плян для майго жыцьця й маёй краіны іншых.

І менавіта гэтая, адроджаная моладзь, будзе сапраўдным трывалым падмуркам моцнай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі! Менавіта яна будзе фармаваць аблічча нашай зямлі праз 10-20 гадоў, калі аб сучасным рэжыме застануцца толькі ўспаміны. І ад таго, якою будзе моладзь сёньня ( то бак мы з вамі) залежыць якою будзе праз некалькі гадоў нашая Бацькаўшчына.

Менавіта таму, мы мусім гранічна ясна ўсьвядоміць гэтую ісьціну – да Нацыянальнага Адраджэньня , праз адраджэньне нашай душы! Да справядлівых законаў і дэмакратычнай Беларусі праз Справядлівы Закон, што мусіць быць напісаны ў сэрцы кожнага з нас!

Толькі тады мы можам разьлічваць на Божую падтрымку й перамогу нашае справы! Толькі тады мы можам стацца сапраўды свабоднымі! Нават калі нехта з нас, апынецца ў няволі фізычнай.

Зьміцер Дашкевіч

Падзяліцца:

Каментары