Дзякуй табе, Дзіма

Дзякуй табе, Дзіма

Пра палітвязня Змітра Дашкевіча піша Святлана Калінкіна

Са Зміцера Дашкевіча зрабілі злоснага парушальніка рэжыму і завялі новую крымінальную справу. Ён павінен быў выйсці на волю 18 снежня, але, мяркуючы па ўсім, не выпусцяць. Проста не выпусцяць.

Бо некаму вельмі не хочацца, каб ён быў на волі. Ненавісныя сённяшняй уладзе такія, як Дашкевіч.

Пустазвоны, якія балаболяць за Беларусь, але нават не могуць датумкаць, дзе ў іх афіцыйны сцяг перавернуты дагары нагамі, а дзе правільны — тыя прыгрэтыя і аблашчаныя. Прыстасаванцы, якія не паварушацца, калі ім грошай не заплацяць ці адгулам не засалодзяць — тыя для ўлады свае. Балбатуны, якія ведаюць, дзе і што сказаць ды ў чые вушы — гэтыя наогул разумнымі лічацца. А з такімі, як Дашкевіч, сённяшняй уладзе няма на чым сысціся. Калі б ён бабуль абкрадаў ды валяўся п’яны па завуголлях — даўно быў бы на волі з пажаданнямі шчасця і дабрабыту. А паколькі ідэйны, то будзе сядзець.

Гэтай уладзе не патрэбны ідэйныя, ёй патрэбны тыя, хто чмякае ля карыта.

Але людзі ад жывёл тым і адрозніваюцца, што здольны клапаціцца пра высокае, узнёслае, пра ідэалы. Напярэдадні Дня незалежнасці ў дубровенскай раёнцы (гэта ў той жа Віцебскай вобласці) я прачытала бліц-апытанне пра патрыятызм — у людзей цікавіліся, каго ў нашы дні можна лічыць патрыётам? І ніхто не сказаў, што патрыёт — гэта той, хто ў патрэбных месцах уладзе падчаўквае. «Гэта чалавек, які любіць сваю краіну, які беражэ яе традыцыі і здольны да самаахвяравання на карысць сваёй Радзімы», — адказала нейкая Таццяна, 26 гадоў. «Патрыёт — гэта чалавек, для якога служэнне Радзіме з’яўляецца галоўнай мэтай і сэнсам усяго жыцця», — Вольга, 47 гадоў. «Патрыёты — гэта моцныя духам людзі, тыя, хто любіць сваю Радзіму і гатовыя служыць ёй усё жыццё», — гэта ўжо нейкая Людміла Барысаўна, 56 гадоў. Не ведаю, ці быў у гэтых простых людзей з глыбінкі прыклад перад вачыма, калі гаварылі яны такія правільныя словы, але я чытала — і думала менавіта пра Дзіму Дашкевіча.

Хлопца збівалі за майкі з надпісам «Люблю Беларусь», яго судзілі за заклікі «Жыве Беларусь!», яго запалохвалі, вывозілі ў лес, розныя хлуслівыя плёткі пускалі, каб дыскрэдытаваць…

Але ён упарта стаяў на сваім: «Мы не рускія, мы беларусы. Мы годны народ з годнай гісторыяй. Мы маем права на годнае жыццё».

Улада вар’яцела. Але словы Дашкевіча адгукаліся ў сэрцах тысячаў беларусаў.

Зміцера прыніжалі за беларускую мову, толькі сёння нават футбольныя фанаты падтрымліваюць свае каманды беларускамоўнымі расцяжкамі і крычалкамі.

Хлопца хапалі за бел-чырвона-белы сцяг, а цяпер алімпійская зборная едзе ў Лондан у касцюмах, выкананых у колерах сапраўднага нацыянальнага сцяга.

І гэта значыць, што ён, нацыянальны сімвал, перамагае. Такія, як Дашкевіч, перамагаюць.

Улада рабіла недапушчальнае — фактычна выхоўвала ў беларусах комплекс непаўнавартасці.

І, маўляў, нічога вялікага на нашай мове не напісана, і ніколі ў гісторыі мы не былі самастойнымі, і нашы гістарычныя сімвалы — сцяг і герб — нечым там зганьбаваныя, і небаракамі мы ўдаліся, таму самі, без падказкі, не разбяромся, за каго на выбарах прагаласаваць… Мы — дарослыя, разумныя, вопытныя — ад адчаю не ведалі, што рабіць. Хто зусім змоўк, хто абураўся на кухні, хто пісаў акадэмічныя артыкулы, хто з’язджаў у эміграцыю. А гэтыя хлопчыкі і дзяўчаты змагаліся, лезлі ў самае пекла. З падкрэсленай беларускасцю, з бел-чырвона-белымі-сцягамі, з улёткамі, з вулічнымі акцыямі, з упартай упэўненасцю, што ўсё можна змяніць, яны жылі па прынцыпе «Люблю Беларусь» і траплялі ў турмы…

І Дашкевіч быў у іх наперадзе. У лідарах.

Дык хто самааддана служыць Радзіме, хто патрыёт? Тыя, чыімі рукамі і па чыім загадзе над ім здзекуюцца, ці маладзён, які не словы пра патрыятызм на палітінфармацыях гаворыць, а ахвяруе сабой у імя Беларусі?

Сёння нейкія словы падтрымкі трэба казаць яму, Дзіме. Бо гэта адзінае, што мы можам. Пакуль няма ў нас іншых спосабаў дабіцца справядлівасці. Няма магчымасці абараніць хлопца, якога цкуюць ні за што.

Няма спадзяванняў на закон, на суд, на розум, на сумленне. Няма ля ўлады маральных аўтарытэтаў, якія б пайшлі, сказалі «Сорам!» і ўлада б адразу засаромелася, выпусціла.

Дажыліся…

Але пакуль ёсць такія хлопцы, як Дашкевіч, застаецца надзея, што за гэты перыяд апантанага цемрашальства перад гісторыяй беларусы апраўдаюцца.

Бо неяк жа і Дашкевіч, і многія іншыя, такія, як ён, яны сярод нас нарадзіліся. Разумелі мы іх ці не разумелі, падтрымлівалі ці не падтрымлівалі, толькі менавіта яны даказвалі, што беларусы — гэта не толькі баязліўцы, прыстасаванцы і манкурты без каранёў.

Дзякуй табе, Дзіма! Бо нават з-за кратаў ты падтрымліваеш у сэрцах людзей надзею, што Беларусь абавязкова будзе менавіта такой, якую ты любіш. Годнай, свабоднай, прыгожай еўрапейскай краінай.

Ты мацуеш веру ў тое, што перажывём мы гэты цяжкі этап. Але тады ўжо ніколі наша Радзіма-гаротніца не зведае часоў, калі людзі баяцца выйсці на вуліцу з плакатам «Люблю Беларусь!». Калі антыдзяржаўным лічыцца лозунг «Жыве Беларусь!». Калі такія хлопцы — за кратамі

Наша Ніва

Падзяліцца:

Каментары