Дзякуй Вам, сп. Станіслаў!

Дзякуй Вам, сп. Станіслаў!

Маладафронтаўцы падзякавалі афіцэру Станіславу Халадовічу, былому начальніку івацэвіцкага ізалятара, за падтрымку Зміцера Дашкевіча сваім сваім публічным зваротам да начальніка мазырскай калоніі садыста Ю.Збароўскага. 

Дарагі сп. Станіслаў!
Мы дзякуем Вам за Вашу мудрасць, годнасць і мужную грамадзкую пазіцыю! Мы дзякуем Вам за Вашы словы, за Ваш учынак, за Вашу падтрымку! Мы сапраўды, спадзяемся, што Вашыя калегі ў мінулым, пакінуць Зьмітра ў спакоі, бо ад іх не залежыць ягонае вызваленне, але залежыць ягоны фізічны стан на нейкі час – і ўсё. Дзякуй за Вашу дапамогу і Ваш зварот!
Няхай Госпад дабраславіць Вас і Вашу сям’ю шматкроць . З вялікаю пашанаю і ўдзячнасцю,

маладафронтаўцы

 

 

Былы начальнік ізалятара часовага ўтрыманьня ў Івацэвічах публічна зьвярнуўся да начальніка Мазырскай калёніі, дзе працягваецца ціск на Зьмітра Дашкевіча, перадае Радыё Свабода.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч працягвае знаходзіцца ў карцэры Мазырскай калёніі, дзе ён абвясьціў галадоўку пратэсту супраць ціску і зьняваг паводле рэлігійнай прыкметы. 27 верасьня на сайце «Маладога фронту» нявеста Дашкевіча Наста Палажанказаявіла, што да ціску на актывіста нібыта датычны начальнік калёніі Юрый Збароўскі ды іншыя супрацоўнікі калёніі. Праз два дні на «Свабоду» патэлефанаваў былы начальнік івацэвіцкага ізалятару Станіслаў Халадовіч і зачытаў свой зварот да начальніка мазырскай калёніі:

«Спадар Збароўскі Юры Багданавіч, спыніце зьдзекі ў дачыненьні да Зьмітра Дашкевіча. Ня ўцягвайце сябе ды іншых супрацоўнікаў калёніі, вашых падначаленых, у злачынствы. Помніце, гэты рэжым ня вечны, адказнасьць рана ці позна прыйдзецца несьці ня толькі маральную, але і крымінальную. Зьвяртаецца да вас былы начальнік ізалятара часовага ўтрыманьня, капітан міліцыі ў адстаўцы Станіслаў Халадовіч, горад Івацэвічы».

28 верасьня Станіслаў Халадовіч даслаў у Мазырскую калёнію тэлеграму з словамі падтрымкі Зьмітру Дашкевічу.

У Мазырскай калёніі сытуацыю вакол палітвязьня Зьмітра Дашкевіча па-ранейшаму не камэнтуюць.

Зьмітру Дашкевічу за непадпарадкаваньне павялічылі тэрмін зьняволеньня яшчэ на год і на мінулым тыдні перавялі з Глыбоцкай калёніі ў Мазырскую.

Падзяліцца:

Каментары