Дзякуй за вашу расейскую мову!

25.10.2012:01:04
0
794
Беларусь, Навіны
Дзякуй за вашу расейскую мову!

“Стары, купляй кніжкі — прыйдуць бальшавікі, то зноўку нічога ня будзе,” — кажа прафесійны распаўднік “ARCHE”.

Сапраўды: прыйшлі ды пазабіралі. Больш за 5000 асобнікаў… 

У менскую друкарню “ARCHE” завіталі супрацэўнікі дэпартаменту фінансавых расследаванняў, адбыўся ператрус, пачаліся выклікі для дачы тлумачэнняў, арыштаваны рахунак выдання.

Ідуць размовы аб крымінальнай справе супраць Валера Булгакава.

Беларускі Sonderweg (“Асобны шлях”, не блытаць з “зондэр-камандай”) праходзіць па досыць дзіўных мясцінах, нязведаных географамі ды гісторыкамі.

Само паняцце “Асобнага шляху” паходзіць з Нямеччыны ХІХ ст — калі дзяржава ўжо існавала, але немцаў яшчэ не было. Былі прусакі, гессэнцы, саксонцы і г.д.

Было вырашана, што краіне не патрэбен ані ангельскі лібералізм, ані французкая “зараза”, а патрэбны свой унікальны шлях.

Нацыянальная гісторыя Нямеччыны — справа досыць заблытаная. Напрыклад, Фрыдрых Вялікі кпіў з нямецкай мовы, лічачы, што яна годная свінапасаў. Сам жа карыстаўся лацінай для перапіскі з Вальтэрам ды французкай для асабістых размоваў.

Але пры гэтым “Фрыц” займаўся разбудовай баяздольнага войска, а не аграгарадкоў. Змагаўся з расейцамі ды аўстрыякамі, а не шведсім “мядзвежым дэсантам”… Розніца відавочная.

Па логіцы рэчаў, беларускі рэжым меўся б быць нацыянальнай дыктатурай, з сакратарамі БПСМ у вышыванках.

“Нац-дыктатура” была моднай у свеце як у 1920-х, так і ў 1990-х. На шчасце, гэтага не адбылося: вынікі падобных эксперыментаў зазвычай катастрафічныя для нацыі.

Менавіта дзякуючы Гітлеру Нямеччыну захапілі спачатку саюзнікі, а пасля курды.

Дзякуючы палітыцы Гімлера ды СС нават расейскае прозвішча “Тополь” трактуецца ў ФРН як папулярнае турэцкае “Тапал”…

Бязглуздае дзеянне выклікае адпаведнае супрацьдзеянне. Чаргаванне прыўладных кіруючых элітаў заканамернае для любога грамадства: “рэспубліканцы” і “дэмакраты”, Януковіч і Юшчанка, Аляксандар Рыгоравіч і…

Улады мысляць стратэгічна, але нібыта “за нас”, на нашу карысць. Чым далей будзе адцягвацца пружына аўтарытарызму, тым больш ліберальнай будзе краіна пасля яго.

Чым болей цяпер ставіцца помнікаў сталыпіным ды дзяржынскім, тым болей пасля будзе адлівацца бронзавых каліноўскіх ды філістовічаў.

Зазвычай аўтарытарныя рэжымы пакідаюць сваім апанентам шанец для адступлення — зыйсці ў культуру. “Працуйце там, толькі не прэтэндуйце на палітычную ўладу,” — кажуць яны.

Парадокс сучаснай сістэмы ў тым, што яна не пакінула такога шансу. Прыклад “ARCHE” ды Булгакава аб гэтым сведчыць. І гэта добра.

Рускамоўны Чаргінец нашмат больш карысны для нацыі, чым беларускамоўны Латушка.

“Стоадсоткавы расеец” Вадзім Францавіч Гігін меў бы атрымліваць спецыяльныя датацыі ды ўзнагароды ад ТБШ, напрыклад, абы толькі не вызнаваў сябе беларусам.

Усё беларускае застаецца напаўлегальным, але чыстым. Рызыкоўным, але жудасна перспектыўным.

Каб сапраўды любіць Беларусь, трэба пакахаць яе спачатку нелегальна, пры адсутнасці камфорту і бяспекі, “на ізмене”. Новая беларуская эліта з’яўляецца на нашых вачах у ізалятарах, пасля акцыяў, ды ў гаражах, падчас падпольных канцэртаў.

У кабінетах ды акадэміях гадуюцца ўсяго толькі сакратары будучых міністраў.

Паміж паўстаннем Каліноўскага ды абвяшчэннем БНР прайшло паў стагоддзі. Край не згінуў.

Цяпер, атрымаўшы незалежнасць, нам патрэбен чарговы рывок, на які беларусаў, дзякуй Богу, ёсць КАМУ правакаваць.

Гэтаму чалавеку нашыя нашчадкі будуць забавязаныя альбо знікненнем, альбо сапраўдным нараджэннем сваёй нацыі.

Алесь Кіркевіч “Твой Стыль”

 

Падзяліцца:

Каментары