Dzieciuki: «Мы не пяем для камуняк, фашні ды паган-фрыкаў» (аўдыё)

Dzieciuki: «Мы не пяем для камуняк, фашні ды паган-фрыкаў» (аўдыё)

На беларускай незалежнай сцэне паўстаў новы гурт «Dzieciuki», які ўзяўся выконваць нацыянальны панк-рок. «Надышоў час разбураць стэрэатып талерантнага і згоднага з усім навокал беларуса», — зазначаюць музыкі. Першы ж іх канцэрт апынуўся пад забаронай. «Dzieciuki» далі вялікае інтэрвію Tuzin.FM і прадставілі песьню «Хлопцы-балахоўцы» з дэбютнага EP «Гарадзенскі гармідар».

dzieciuki_vokladka_300Так склалася гістарычна, што годныя панк-рок гурты нараджаюцца ў Горадні. Шэсьць мясцовых музыкаў вырашылі заснаваць новы праект, каб выказаць сваю нязгоду зь некаторымі стэрыятыпамі, што сфармаваліся ў дачыненьні да беларускай нацыі высілкамі дзяржаўнай ідэалягічнай машыны. Назваліся яны «Дзецюкамі» (пішуцца лацінкай — Dzieciuki). Музыкі ўжо хваляцца сваім дэма-сынглам «Гарадзенскі гармідар», які запісалі за два дні на сваёй кропцы ў гаражы. Працу сваю яны называюць адукацыйна-выхаваўчай і кажуць, што зроблена яна была з мэтай выяўленьня сваіх аднадумцаў. Упэўненыя ў тым, што такіх нямала. У інтэрвію парталу Tuzin.FM хлопцы выклалі сваю пазыцыю і распавялі пра сваю творчую місію падрабязьней. На пытаньні адказвалі аўтар тэкстаў Дзяніс Жыгавец (аўтар тэкстаў), Паша Трабл (вакал, дуда, флейта), Алесь Дзянісаў (вакал, акустычная гітара, губны гармонік).

Слухаць: Dzieciuki — Хлопцы-балахоўцы
[audio: http://tuzin.fm/content/catalog/mp3/dzieciuki_chlopcy_balachoucy.mp3]

ТГ: Натуральнае пытаньне найперш: скажыце даступна, дзеля чаго паўстаў гэты праект?

Дзяніс Жыгавец (Д.Ж.): Праект паўстаў для выплеску нашага творчага патэнцыялу і для ажыцьцяўленьня ідэі стварэньня нацыянальнага панк-рокавага гурта, дзе нацыянальны, гэта ня проста прыналежнасьць да нацыі, а падкрэсьленьне галоўнай мэты праекту — культаваньне нацыянальных каштоўнасьцей праз панк–рок.

Паша Трабл (П.Т.): Неяк сумна стала ад таго, што беларускія музыкі ў сваіх песьнях альбо скардзяцца на нашае цяжкае жыцьцё, альбо сьпяваюць пра нешта зусім абстрактнае. Нам падалося гэта няправільным. Надышоў час разбураць гэты стэрэатып талерантнага і згоднага з усім навокал беларуса. У нашай гісторыі былі гераічныя, бурныя падзеі, якія сьведчаць, што беларусы — баявы свабодалюбівы народ. Мы паспрабавалі перадаць гэты настрой. Натуральна, што неад’емнай часткай акампанэмэнту зьяўляецца дуда — гук якой закладзены ў генах кожнага беларуса. Гэта сапраўды наш музычны інструмэнт, не прывезены зь іншых краін, а народжаны тут.

Алесь Дзянісаў (А.Д.): Генэратарамі гурта сталі Дзяніс, які піша тэксты, і Паша — які ўсіх каардынуе (сьмяецца). Апошні — проста акумулятар пазытыву! Але без астатніх музыкаў гурта яны нічога не зрабілі б! Таму, усе робяць сваю справу. Усе — на сваіх месцах. Мы ўсе розныя, але знаходзім шматлікія прычыны, каб разумець адзін аднаго, разам працаваць і ствараць. Дзяніс, напрыклад, больш правых поглядаў, я — больш левых. Але мы аднолькава бачым «цмока», які зьнішчае нашу краіну, культуру, мову, таму мы шчырыя паплечнікі.

 

ТГ: Алесь, а табе двух праекту мала? Патлумач, чаму гэтыя песьні ня ўпісваюцца ў рэпэртуар «КальЯну» ці «Людзей на балоце».

А.Д.: Па-першае, трэба вызначыцца па гурце «КальЯн». У сьнежні мінулага году мы абвесьцілі, што больш граць ня будзем у складзе, які запісаў альбом «Антыпазытыў». Так і здарылася. Калі зьявілася прапанова адлабаць у Берасьці і Менску, мы сабраліся скарочаным складам: без акардыяніста Міколы ды басіста Пашы, і аднавілі дзевяць старых песен з рэпэртуару альбомаў розных часоў. На бас сеў Косьця «Кот», а замест дзьвюх гітараў, засталася толькі адна. У Берасьце мы так і не даехалі, а вось у Менску адыгралі. Што будзе далей — пытаньне. Не зусім цікава паразытаваць на старых песьнях, хочацца ісьці далей. А вось з гэтым — пакуль праблема. Мы ня вырашылі што хочам далей рабіць. Па-другое, гурт «Людзі на балоце». Гэта такі фольк-праект, творчасьць якога вельмі перакрыжоўваецца з тым, што робяць Dziеciuki, але пры гэтым яна іншая. Я пляную ўжо другі альбом гурта «Людзі на балоце». Ёсьць матэрыял. І гэта ўжо будзе не гістарычная тэматыка, а лірыка. Вось таму, нічога нікому не перашкаджае, і калі паўстала пытаньне аб маім удзеле ў гурце «Dziеciuki», я нават не задумваўся. Мне спадабалася ідэя і канцэпцыя. Мне спадабаліся тэксты Дзяніса, і далей я ўключыўся ў творчы працэс, і пачаў сам нешта прапаноўваць. Пакуль што больш па музыцы. Напрыклад, ідэі кавэраў, якія будуць на будучым альбоме — збольшага мая ідэя. А наогул, як сказаў мой менскі сябра Саня Чэгевара: «Лепей тры, чым ніводнага!» (усьміхаецца)

ТГ: А ці ня думаеце вы, што вашы сьпевы пра «хлопцаў-балахоўцаў» цяперашнія наведнікі панк-канцэртаў папросту не зразумеюць?

П.Т.: Ну, калі хтосьці ня ведае знакавых гістарычных падзеяў і асобаў Беларусі, то думаю пасьля праслухоўваньня нашых песень зацікавіцца. Такім чынам мы і асьветніцкую дзейнасьць вядзем (сьмяецца).

Д.Ж.: На мой погляд цяперашнім наведнікам панк-канцэртаў якраз і не хапае песен пра «хлопцаў-балахоўцаў», касінэраў, гераічных ваяроў сярэднявечча. Такая тэматыка абуджае ў чалавеку нацыянальную годнасьць, і хочацца стаць, як максімум падобным на герояў, ці хоць адчуць, усьвядоміць гістарычную повязь зь імі. За 20 гадоў незалежнасьці ў Беларусі сфармавалася пакаленьне, якое на 100% ведае, што яны беларусы і пераконваць іх у гэтым ня трэба. Веданьне гісторыі — адна з нашых выхаваўчых мэт. Так склалася, што ў нашым праекце два гісторыкі і мы прытрымліваемся пазыцыі не вучыць, а зацікаўліваць гісторыяй.

А.Д.: Сучасная беларуская рок-музыка эвалюцыянуе ці ў папсяціну, ці ў нейкі дэкаданс. Дрэнна гэта ці не — пытаньне рытарычнае. Адно скажу, што калі найлепшым рок-гуртом у Беларусі неяк прызналі музыкаў, якім пофіг на Беларусь, яе традыцыі, культуру, якія нават не разумеюць нашай мовы, то гэта ўжо проста нейкі зьдзек з самога беларускага року. Паўтару за хлопцамі, што наша галоўная задача — асьвета. У нейкім сэнсе мы працягваем тую справу, якую рабілі беларускія рок-гурты ў 80—90–х. Пазьней, большасьць зь іх, на жаль, забылася пра асноўнае свае прызначэньне…

 

ТГ: Дык вашы патэнцыйныя слухачы — гэта найперш хто?

Д.Ж.: Дзецюкі — маладыя, ці ня надта маладыя людзі, якім неабыякава мінулае, сучаснае і будучае Беларусі, і канечне, шчырыя рамантыкі. Тое, што мы робім — робім шчыра, значыцца нашы слухачы аднадумцы і браты па духу. Як кажуць — рыбак рыбака бачыць здаляка.

П.Т: Усе, хто ня тоне ў балоце, створаным сёньняшнімі ўладамі. Тыя, хто можа сказаць: «Стоп! Хто гэта мне загадаў ціха сядзець у хаце і глядзець БТ? Я ня згодны!!!»

А.Д.: Я ведаю каго мы не чакаем на нашых канцах. Па-першае, мы ніколі ня будзем рады бачыць усялякіх камуняк ды іншых «бальшавікоў». Але зь імі ўсё зразумела — яны пачуюць нашыя тэксты. Па-другое, увесь гэты зігуючы зброд, які я называю адным ёмкім словам «фашня»: ад аматараў Гітлера да ўсялякіх нэаязычніцкіх паган-фрыкаў. Мяне заўсёды ставіў у ступар той факт, што шмат хто з тых, хто называе сябе патрыётамі і нацыяналістамі, чамусьці пачынаюць хварэць на нацызм. Чаму любоў да сваёй краіны, гісторыі і мовы павінна быць на мяжы зь нянавісьцю да іншых народаў? Мне здаецца, што ўсё гэта — з-за адсутнасьці звычайнай культуры, а калі прасьцей, то ад чалавечай тупасьці і неадукаванасьці. Паважай, вывучай і шануй сваё — будуць паважаць тваё іншыя. Колькі з гэтых псэўдапатрыётаў, напрыклад, размаўляе па-беларуску? Калі хоць 1—2% набярэцца — фантастыка! Вось у гэтым уся квінтэсэнцыя сытуацыі. Палякі ведаюць сваю мову, узбэкі — сваю, арабы — сваю. А мы? Ёсьць такі менскі гурт Recha. Вакаліст — цёмнаскуры Андрэй Такінданг. Ён сьпявае на найвыдатнейшай беларускай мове, і мне пофіг якога колеру ягоная скура. Ён для мяне большы беларус, чым тыя, хто па паходжаньні беларусы, але забыліся пра свае карані. Наш гурт сьпявае для ўсіх пазытыўных людзей добрай волі! Вось з анархамі, напрыклад, павінна ўсё добра зрасьціся. Хаця і сярод іх сустракаюцца розныя фанатыкі-трушнікі. Узгадваю як гадоў шэсьць таму меў сустрэчу з адной маладой асобай, з тру–анархічай зоркай у ілбе. Яна трапіла ў госьці да Стаса Пачобута з «Deviation» і, ўбачыўшы ў яго на сьцяне бел-чырвона-белы сьцяг, назвала Стаса здраднікам анархічнага руху! Ці ня нонсэнс гэта?

 

 

ТГ: Ці можна акрэсьліць адзінай канцэпцыяй ваш дэбютны дэма-EP? Ці гэта песьні выключна на адну тэму?

Д.Ж.: Маё меркаванне наконт канцэпцыі ЕР — ухіл у гістарычную тэматыку, але вясёлая песенька «Частуханы» вяртае нас у сучаснасьць.

П.Т.: Па-першае — гэта дэмка. А канцэпцыя застаецца той самай, што і пры стварэньні гурта. Песьні на розныя тэмы. Дзе — лірыка, дзе — баявыя песьні, а дзе — жартоўныя.

А.Д.: Мяркую, што мы павінны засяроджвацца ў далейшым ня толькі на гістарычнай тэматыцы. Але першы альбом будзе пераважна гістарычным. Акрамя кавэраў. Дэмка, зрэшты, стваралася вельмі хутка. Мы яе зрабілі за два дні. Селі, і разам усё сыгралі на сваёй «кропцы». Толькі вакалы і духавыя інструмэнты потым асобна прапісалі. Гук атрымаўся не зусім якасным, але вельмі жывым і эмацыянальным.

ТГ: На якія выступы вы спадзяецеся з такім рэпэртуарчыкам?

П.Т.: На жаль, наш першы канцэрт у Горадні забаранілі. Праўда перад гэтым мы выступілі ў Менску на оўпэн-эйры, які ладзілі менскія анархісты. Так што на нашым рахунку няшмат канцэртаў (сьмяецца). Але мы існуем нядоўга! А наогул — будзе відаць! Думаю, што людзям будзе цікава паслухаць нас, пра што сьведчыць цікавасьць да нашай дэма-ЕР.

А.Д.: Мы павінны былі чакаць на такія расклады. І мы былі гатовыя. Але лепей нешта рабіць, чым енчыць. Лепей быць у шчырым андэграўндзе, чым сьпяваць «ні пра што». Хаця, зразумела, што андэграўнд — не самамэта.
ТГ: Што павінна здарыцца, каб праект па хуткім часе не сканаў?

П.Т.: Жаданьне і натхненьне!

Д.Ж.: Зразумела, давядзеньне да запісу альбома, але шчыра кажучы, галоўнае адчуваньне цікавасьці да праекту з боку слухачоў: «Я — жывы, пакуль нікому патрэбны!»

А.Д.: Каб людзі верылі ў тое, што робяць. У нас галоўная задача — запісаць паўнавартасны альбом. Акрамя тых песен, якія мы запісалі на дэмке, дадаткова ёсьць яшчэ чатыры свае, а таксама два кавэры на гурты «Operation Ivy» ды «Real McKenzies», а таксама кавэр на песьню ўкраінскага рок-барда Захара Мая. Пакуль што ня хочам раскрываць усе карты, але будзе цікава! Мы вам абяцаем.

 

МР3-прэзэнтацыя
Dzieciuki — Хлопцы-балахоўцы (дэма-вэрсія)
(музыка гурта, словы — Дзяніс Жыгавец)

dzieciuki_300

 

Склад гурта «Dzieciuki»:

Дзяніс Жыгавец — тэксты
Павел Трабл —
 вакал, дуда, флейта
Алесь Дзянісаў —
 вакал, акустычная гітара, губны гармонік
Пітон —
 бас
Лёха Пудзін —
 гітара
Сыр
 — бубны

«Dzieciuki» ў сеціве: FacebookУКантакце.

 

Крыніца: http://tuzin.fm

Падзяліцца:

Каментары

  1. Frontavec (Jun 11, 2012:15:09)Адказаць

    У чувакоў крыху размытае паняцьце нацыяналізма, і блытаньне шавінізма з нацызмам, але пазыцыя да непажаданых слухачоў правільная.

  2. Ales (Jun 12, 2012:00:35)Адказаць

    Адзінага паняцця нацыяналізму не існуе ў прынцыпе)

    • Frontavec (Jun 13, 2012:16:40)Адказаць

      Шаноўны, з вашым абстрактным разнабаковым падыходам у жыцці не можа наогул існаваць вызначаных паняццяў.
      А так, дык і камунізм па розныму трактуецца. Камусьці гэта злачынная ідэалогія, якая знішчыла мільёны людзей, а камусьці “взвейтесь кострамі сініе ночі”