Дзеля Айчыны

Дзеля Айчыны

Уладзімір Някляеў піша на дзень народзінаў Змітра Дашкевіча

Чачэнскі паэт, з якім вучыўся я некалі ў Літаратурным інстытуце, спытаў, калі ў горадзе Грозным сядзелі мы ў шашлычный, якая пры штурме Грознага на дзве траціны згарэла — на шыльдзе толькі задымленыя літары ШАШЛ засталіся:

— А ў вас ёсць людзі, гатовыя ахвяраваць сабой дзеля свабоды Айчыны?

На Каўказе не саромеюцца патэтыкі.

Я не знайшоў, што адказаць… Быў верасень 1996 года. Каля паўгода таму ў Гэхі-Чу забілі Джахара Дудаева, у Хасаўюрце толькі што падпісалі дамову пра сканчэнне чачэнскай вайны (як аказалася, першай, у якой за свабоду Айчыны загінулі дзясяткі тысяч чачэнцаў), Лукашэнка ў Мінску рыхтаваў рэферэндум па змене Канстытуцыі, а Змітру Дашкевічу было ўсяго 15 гадоў — і я пра яго нічога не ведаў. Калі б ведаў, я б знайшоў, што адказаць майму чачэнскаму сябру.

Мы ходзім да варажбітак, цыганкі нам гадаюць па руках, астролагі — па зорках, але зусім не лініі на далонях і не зоркі ў нябёсах вызначаюць наш лёс. Яго вызначаюць войны, мірныя пагадненні, выбары, рэферэндумы…

Рэферэндум 1996 года прывёў Змітра Дашкевіча ў 2006-м на Плошчу. Пасля Плошчы — у турму. Як аказалася, у першую. Да другой Плошчы дайсці яму не далі, бо ўжо відавочны быў адказ на пытанне, зададзенае некалі мне маіх чачэнскім сябрам у горадзе Грозным. Таму — другая турма, а сёння ўжо рэальная і турма трэцяя.

У парывах сваіх рамантычны — Зміцер уражвае цвёрдасцю. Мужнасцю.

У снежні 2010-га, за тыдзень да Плошчы ён сказаў мне і Міколу Статкевічу ў кавярні каля чыгуначнага вакзала, што гатовы на ўсё. Сказаў па-беларуску проста, без патэтыкі.

Я паглядзеў тады на яго, падумаў: «Адкуль гэта ў ім?» — і знайшоў адказ праз год, сустрэўшыся з ягоным бацькам. У бацькі той жа рамантызм, які закінуў яго, журналіста Вячаслава Дашкевіча аж на Магадан, і тая ж твёрдасць. Мужнасць.

Нічога не бярэцца зніадкуль, нішто не бывае выпадковым.Мінулай вясной, перабедаваўшы і перахварэўшы сэрцам лёс сына, памерла ў 54 гады маці Змітра. Цяпер цяжкая хвароба ў бацькі…

Калі Бог пасылае такія выпрабаванні дзеля гартавання волі і сілы, дык яно, бадай, занадта.

Але не наракаць жа на Бога. Не праз Яго ж ні ў чым не вінаватага юнака кінулі ў вязніцу, не праз Яго не далі пахаваць маці, не праз Яго не дазваляюць пабрацца шлюбам з каханай, жыць сям’ёй, гадаваць дзяцей… І ўсё праз што? Толькі праз тое, што юнак гэты з тых беларусаў, якія гатовыя ахвяраваць сабой дзеля Айчыны.

20 ліпеня ў Змітра дзень народзінаў — 31 год. Тры з іх — у вязніцы. З паўгода ў карцарах.

Годнасць, з якой вытрымлівае ён выпрабаванні, не можа не выклікаць павагі. Калі не баяцца, як не баяцца яе на Каўказе, патэтыкі, дык ён адзін з нашых нацыянальных герояў. І на беларускай зямлі ганарыцца ім можа ягоны бацька, а на беларускіх нябёсах — ягоная маці

Наша Ніва

Падзяліцца:

Каментары