Дзень Волі. Нью-Ёрк. 2013

Дзень Волі. Нью-Ёрк. 2013

23 сакавіка. 2013 год. Халодная Нью-Ёркская суботняя раніца. Насупраць нас узвышаецца шэры будынак ААН, вакол якога, што незвычайна для густа забудаванага Манхэтана, не месцяцца іншыя пабудовы. Ён, як быццам, зусім адзінокі. Аднак у яго архітэктуры адчуваюцца моц і надзейнасць, што кажуць: я непахісны і я незалежны.

І вось мы, такая нешматлікая, але, усё ж, такая вялікая група беларусаў сабраліся тут, каб адсвяткаваць сваю незалежнасць, незалежнасць ўсяго беларускага народа. 95 гадоў — як гэта шмат і, усё ж, як гэта мала.

Арганізавалася дзве шарэнгі — мы ўжо стаім плячом да пляча, горда трымаючы нашыя бел-чырвоныя сцягі. Слова бярэ Віталь Зайка — кіраўнік Беларуска-Амерыканскай суполкі «Пагоня», чалавек, які аб’яднаў нас сёння. Яго словы заўсёды так дакладна выказваюць тое, што цепліцца дзесьці глыбока ўнутры нас, але так рэдка вырываецца вонкі. Як шмат можна выказаць словамі, і як шмат застаецца недагавораным. Але ўсё, што не вымаўлена ўслых, крычыць ўнутры нас адзіным голасам.

Сёння мы ўзгадалі многае: 25 сакавіка 1918 года — дзень, калі наша краіна стала незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікай. Імёны вялікіх людзей нашай Радзімы, не пабаяўшыхся сказаць і паўтараць шмат-шмат разоў словы, якія ўсяляюць надзею, якія даюць веру ў будучыню і сілы для барацьбы за незалежнасць: Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч. Як шмат імёнаў можна дадаць у гэтай спіс, як шмат слоў падзякі трэба вымавіць. І хоць мы тут, мы ведаем, і дзякуем вас за нястомныя спробы зрабіць наш родны свет лепш і вальней.

Так, мы зараз далёка. Але як блізка да дому сёння апынуліся ўсе мы: да роднай і светлай Беларусі. Мы ведаем — яна побач, унутры кожнага з нас, такая жывая і свабодная.

Мітынг скончыўся, скончыўся мірна: удзельнікі паспелі пазнаёміцца ​​і дамовіцца аб новай сустрэчы. Але цяпло сходу застанецца з намі і з кожным вакол нас на доўгі час: «Жыве Беларусь!» — важныя словы для кожнага з нас, паўтораныя гэтак шмат разоў, разнесліся ў паветры і аселі ў кожнай часцінцы горада.

Артыкул падрыхтавала: Вікторыя Віктарчук
Фатограф: Павал Бендаў

Падзяліцца:

Каментары