Эдуард Лобаў пазваніў дамоў пасьля трох тыдняў маўчаньня

Эдуард Лобаў пазваніў дамоў пасьля трох тыдняў маўчаньня

Раніцай 13 кастрычніка палітвязень Эдуард Лобаў пазваніў маці, якая чакала званка сына ці ліста ад яго больш за тры тыдні. Марына Лобава распавяла «Свабодзе».«Званок быў вельмі кароткім, прычым было чуваць, што побач з сынам нехта прысутнічае, бо ўвесь час яго папраўлялі ці спынялі. Сказаў, што падаў заяву на спатканьне 16 лістапада, але яна яшчэ не падпісаная. Патлумачыў, чаму гэтак доўга не было лістоў — што пісаць асабліва няма пра што, а тое, што хочацца напісаць, не прапусьцяць. Я зразумела гэтак, што не пісаць лісты на такіх ўмовах — ягоная форма пратэсту. Раней ён паведамляў пра ціск на яго, каб падаў прашэньне аб памілаваньні. Супрацоўнік адміністрацыі нават казаў адвакату, што калі б ён падаў такое прашэньне, даўно б вызваліўся. А зараз Эдуард гэтую тэму ўвогуле абмінае. Лічу, што казаць пра гэта яму забаронены. Увогуле там робяць усё, каб ніякай інфармацыі пра падзеі ў калёніі не выходзіла. Гэта можна меркаваць і па тым, як кантралююць сустрэчы з удзелам адваката. Раней падчас такіх сустрэч супрацоўнік адміністрацыі сядзеў непадалёк у пакоі, але не перашкаджаў. Зараз сядае літаральна побач і кантралюе кожнае слова», — распавяла Марына Лобава.

Маладафронтавец Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады паводле абвінавачаньня ў зьбіцьці мінакоў. Інцыдэнт здарыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. Актывісты назвалі яго правакацыяй спэцслужбаў з мэтай ізаляваць іх напярэдадні важных палітычных падзей.

Эдуард Лобаў адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі, мае ўжо 7 спагнаньняў.

Падзяліцца:

Каментары