Аналіз і высновы Еўрапейскай Кааліцыі.Гэта кампанія, улічваючы яе значнасць для палітычнай будучыні нашай краіны, заслугоўвае самага уважлівага, падрабязнага і крытычнага аналізу найперш з боку дэмакратычных арганізацый – удзельніц кампаніі. Без непрадузятай, нават непрыемнай для нас ацэнкі ўласных дзеянняў дэмакратычным сілам будзе цяжка сфармаваць і рэалізаваць эфектыўную стратэгію перамогі. Але за час пасля завяршэння кампаніі спроб такой ацэнкі зроблена не было. У сувязі з гэтым Еўрапейская Кааліцыя прапануе свай варыянт аналізу прайшоўшай кампаніі і спадзяецца, што ў выніку пачатай намі дыскусіі дэмакратычныя сілы атрымаюць магчымасць на толькі ацаніць свае дзеянні, але і зрабіць патрэбныя высновы на будучыню.
1. Умовы кампаніі для дэмакратычных сілаў
Палітычныя ўмовы кампаніі для дэмакратычнай апазіцыі былі самымі цяжкімі з моманту фармавання сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Юрыдычная ліквідацыя шэрагу дэмакратычных партый, большасці рэгіянальных структур астатніх дэмакратычных партый, амаль поўнае знішчэнне дэмакратычнай прэсы, ліквідацыя большасці NGO, якія займаліся назіраннем на выбарах, масавы пераслед актывістаў апазіцыі, безпрэцэдэнтна брудная і масіраваная кампанія па дыскрэдытацыі апазіцыі ў дзяржаўных СМІ – усё гэта задоўга да выбараў не пакідала ілюзій наконт іх характару.
Выбарчая сістэма Беларусі ў выніку працяглай эвалюцыі канчаткова ператварылася ў фікцыю, прыгожую шыльду, дзе ўсё падобнае на сапраўднае, акрамя таго, што афіцыйныя вынікі галасавання ў ёй зусім не звязаныя з рэальным волевыяўленнем.
Сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне напярэдатні кампаніі была як ніколі спрыяльнай для правячага рэжыму. Памер расійскіх датацый Беларусі па ацэнках некаторых экспертаў з гэтай краіны дасягнуў 8 мільярдаў даляраў у год, што дазваляе назваць беларускую дыктатуру паразітуючай. Гэта дазволіла трымаць на плыву амаль цалкам кантралюемую рэжымам эканоміку краіны, па загаду зверху падвышаць заробкі і пенсіі, утрымліваць велізарныя для Беларусі добрааплочваемыя чыноўніцкі апарат і сілавыя структуры.
Знешнія чыннікі таксама былі спрыяльнымі. Еўрапейскі саюз, які стаў галоўным імпарцёрам асноўнага экспартнага тавара Беларусі - нафтапрадуктаў, вырабленых з таннай расійскай нафты, даваў адназначна зразумець аб непрымальнальнасці эканамічных санкцый. Расія, напалоханая “стратай” Украіны, аказвала ўсеабдымную палітычную і эканамічную падтрымку дыктатару.
Псіхалахічная атмасфера ў краіне характарызавася ўсеагульным страхам перад рэпрэсіямі. Значная частка грамацтва , асабліва ў буйных гарадах і заходніх рэгіёнах, стамілася ад дыктатара, спосабаў яго кіравання і жадала пераменаў.
2. Стратэгія рэжыму
Правячы ў Беларусі рэжым даўно ператварыў выбары ў фарс, у спектакль, які ладзіцца перад тым, як аб’явіць аб працягу свайго панавання над краінай. Створаная сістэма жорстка адабраных выбарчых камісій здольна забяспечыць любы вынік. Адзінае, чаго баяцца такія рэжымы – гэта рэвалюцыя альбо эфектыўнае знешняе ўмяшальніцтва.Таму стратэгія рэжыму была скіравана на прадухіленне гэтых небяспек. Для гэтага трэба было не дапусціць выхаду значнай колькасці людзей на акцыі пратэсту, каб, па-першае, пазбегнуць пагрозы рэвалюцыі і, па-другое, пазбегнуць неабходнасці ужывання зброі супраць дэманстрантаў пры спробе рэвалюцыйных дзеянняў з іх боку, што магло б выклікаць непрадказальную рэакцыю, як у Беларусі, так і за яе межамі.
Для рэалізацыі сваёй стратэгіі рэжым павінен быў вырашыць наступныя задачы:
запалохванне грамацтва і апазіцыі;
пазбаўленне апазіцыі каналаў камунікацыі з грамацтвам;
раскол апазіцыі і пазбаўленне яе каналаў фінансавай падтрымкі;
дыскрэдытацыя апазіцыі ў вачах грамацтва;
выяўленне і прэвентыўная нейтралізацыя лідэраў і арганізацый апазіцыі, здольных арганізаваць і ўзначаліць масавыя пратэстныя дзеянні.
3. Стратэгіі апазіцыі
У сітуацыі, калі разлік правячага рэжыму на фальсіфікацыю выбараў быў відавочным, адзінай стратэгіяй, якая б магла прывесці да перамогі дэмакратыі ў выніку гэтых выбараў, была стратэгія сумяшчэння дзвюх кампаній – звычайнай электаральнай, скіраванай на перамогу на выбарах, і кампаніі па мабілізацыі найбольш актыўных прыхільнікаў перамен на вуліцы Мінска для абароны дэмакратыі ад фальсіфікацый. Аб’яднаная апазіцыя, якая утварылася ў выніку аб’яднання Народнай кааліцыі “5+” і Еўрапейскай Кааліцыі, па ініцыятыве апошняй прыняла да рэалізацыі менавіта гэту стратэгію.
Для правядзення паспяховай электаральнай кампаніі ва ўмовах татальнага страху, рэпрэсій, адсутнасці доступа да электронных і шматтыражных СМІ аб’яднанай апазіцыі неабходна было вырашыць наступныя задачы:
вылучыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты, павялічыўшы тым самым яго пазнавальнасць і пазбавіўшы рэжым магчымасці маніпуляваць рэгістрацыяй кандыдатаў;
прапанаваць грамацтву пазітыўную, лёгка зразумелую і коратка фармулюемую (што важна ва ўмовах адсутнасці пастаянных каналаў масавай камунікацыі апазіцыі з грамацтвам) стратэгію развіцця краіны, альтэрнатыўную ўладнай і прыцягальную для дэмакратычнай і нейтральнай частак грамацтва;
наладзіць камунікацыю з грамацтвам у існуючых неспрыяльных умовах, забяспечыўшы яе арганізацыйна і фінансава, каб давесці да выбаршчыкаў сваю персанальную і праграмную альтэрнатыву.
Для абароны дэмакратыі ў выпадку масавых фальсіфікацыяў аб’яднанай апазіцыі набходна было вырашыць наступныя задачы:
- правесці ў Мінску і буйных гарадах краіны некалькі асобных лістовачных кампаній, скіраваных на найбольш актыўную дэмакратычную частку грамацтва, з мэтай мабілізацыі як мага большай колькасці людзей на вуліцы Мінска ў дзень галасавання ці ў выпадку нерэгістрацыі адзінага кандыдата;
- правесці адпаведную агітацыйную працу з сілавымі структурамі;
- распрацаваць і, ў выпадку масавых фальсіфікацыяў, рэалізаць сцэнары дзеянняў па абароне дэмакратыі.
Акрамя аб’яднанай апазіцыі частка апазіцыі, прадстаўленая БСДП(Г), рэалізоўвала сваю ўласную стратэгію, мэтай якой было атрымаць фінансы на выбары, зрабіць партыю больш вядомай і заняць у выніку нішу “канструктыўнай” апазіцыі, аб неабходнасці якой неаднаразова гаварыў дыктатар. Для рэалізацыі гэтай стратэгіі неабходна было даць зразумець рэжыму, што кандыдат ад БСДП(Г) не толькі з’яўляецца “меньшым злом” у параўнанні з адзіным кандыдатам, не толькі не ўяўляе небяспекі рэжыму, але з’яўляецца нават карысным для яго.
4. Рэалізацыя стратэгіі рэжыму падчас выбарчай кампаніі
Задоўга да пачатку кампаніі рэжым зрабіў неабходныя захады для рэалізацыі сваёй стратэгіі. Была ўведзена кабальная кантрактная сістэма, дзякуючы якой працу ў любы момант мог згубіць кожны западозраны ў нелаяльнасці грамадзянін. Дзякуючы гэтаму былі звольнены сотні дэмакратычных актывістаў. За несанкцыянаваны выхад падчас масавай акцыі на праезную частку пачалі караць ў адпаведнасці з крымінальным кодэксам. Былі ўведзены дадатковыя змены ў крымінальны кодэкс, якія прадугледжвалі яшчэ больш жорсткія пакаранні за несанкцыянаваныя дэманстрацыі, прыраўняўшы іх да тэрарыстычнай дзейнасці. Таксама была уведзена крымінальная адказнасць за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях.
Напярэдадні выбараў амаль усе дэмакратычныя газеты страцілі магчымасць карыстання манапольнай дзяржаўнай сістэмай распаўсюду. Ім было забаронена друкавацца на тэрыторыі Беларусі, а наклады, надрукаваныя ў Расіі, рэгулярна перахопліваліся.
Прапаганда пераваг рэжыму вялася з шырокім выкарыстаннем патрыятычнай рыторыкі, што было рэакцыяй рэжыму на ўзросшую нацыянальную самасвядомасць беларусаў. Беларускае тэлебачанне ў штодзённай кампаніі па дыскрэдытацыі апазіцыі пераўзышло ўсе магчымыя межы прыстойнасці, што выклікала ў часткі грамадства пачуццё агіды і пратэсту.
Яшчэ да пачатку кампаніі па крымінальных прысудах былі асуджаны і ізаляваны каардынатары Еўрапейскай Кааліцыі М.Статкевіч і П.Севярынец. Пасля пачатку выбарчай кампаніі іх ізаляцыя была ўзмоцнена, а працэс прэвентыўнай нейтралізацыі патэнцыйных лідараў акцый пратэсту і запалохвання апазіцыі набыў масавы характар. Сотні дэмакратычных актывістаў былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, дзесяткі – да крымінальнай. Пачалося сапраўднае паляванне за лідарамі “Маладога Фронту” і “Зубра”.
Кампанія збору подпісаў за вылучэнне А.Лукашэнка кандыдатам у прэзідэнты набыла масавы і прымусовы характар. Каб набраць значна большую, чым у адзінага кандыдата колькасць подпісаў, быў задзейнічаны ўвесь дзяржаўны апарат.
Улада ўсяляк заахвочвала з’яўленне іншых, акрамя адзінага, апазіцыйных кандыдатаў. Яна дэманстравала гатоўнасць зарэгістраваць іх, негледзячы на якасць і сапраўднасць сабраных імі подпісаў.
Сфармаваныя пад жорсткім кантролем рэжыму выбарчыя камісіі значна зменшылі колькасць выбаршчыкаў у спісах, каб прадэманстраваць максімальную яўку на выбары. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, кожны трэці з выбаршчыкаў, прыняўшых удзел у галасаванні, зрабіў гэта датэрмінова. Напрыклад, па інфармацыі, сабранай назіральнікамі г.Віцебска, датэрмінова прагаласавалі 60% выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Большасць датэрмінова прагаласаваўшых зрабіла гэта пад прымусам па месцы працы ці вучобы. Урны для папярэдняга галасавання ў начны час знаходзіліся ў распараджэнні “вертыкалі”. Вялікі працэнт датэрмінова прагаласаваўшых дазваляў уладам прааналізаваць настроі выбаршчыкаў да асноўнага дня галасавання і стварыць да яго набходную фору галасоў на выпадак малаверагоднага “бунту” выбарчых камісій. У асноўны дзень галасавання 19 сакавіка незалежныя назіральнікі не былі дапушчаны да назірання за падлікам галасоў, а выбарчыя камісіі, за вельмі рэдкім выключэннем, праявілі паслухмянасць і падпісалі патрэбныя пратаколы, што дазволіла рэжыму абвясціць загадзя запланаваныя лічбы “перамогі”.
Напярэдадні 19 сакавіка рэжым правёў апошнюю акцыю запалохвання грамацтва і апазіцыі. Па тэлебачанню выступілі генеральны пракурор і старшыня КГБ, якія пагражалі удзельнікам акцыі пратэсту ў Мінску ў гэты дзень пажыццёвым турэмным зняволеннем ці нават смяротным пакараннем.
Улады палічылі, што іх прэвентыўных захадаў дастаткова, каб прадухіліць масавы выхад людзей на акцыю пратэсту 19 сакавіка ў Мінску і нават знялі блакаду з плануемага месца правядзення акцыі. Але брудная антыдэмакратычная кампанія і пагрозы прывялі да зваротнага эфекту – увечары 19-га на Кастрычніцкай плошчы сабраліся дзесяткі тысячаў людзей. Тым не менш, рэжым праявіў вытрымку. Ён не адмовіўся ад сваёй першапачатковай стратэгіі і не пайшоў на ўжыванне сілы супраць дэманстрантаў у спадзяванні, што кіраўнікі апазіцыі дастаткова запалоханы і не здатны на небяспечныя для яго дзеянні. Нават калі моладзь, абураная бяздзейнасцю старэйшых палітыкаў, арганізавала 20 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы намётавы гарадок, улады некалькі дзён трывалі яго існаванне ў спадзяванні спыніць гэту акцыю шляхам стварэння непрымальных умоў яе ўдзельнікам і “ціхімі” арыштамі. Пры разгоне намётавага гарадку рэжым таксама імкнуўся абмежаваць ужыванне сілы, наколькі гэта было магчыма з улікам нораваў, якія склаліся ў яго рэпрэсіўным апараце. Брутальны разгон 25 сакавіка дэманстрацыі на чале з А.Казуліным, якая тратуарамі рухалася на ўскраіну Мінска і не ўяўляла ніякай пагрозы ўладзе, тлумачыцца частковай стратай кіравання з-за хваробы дыктатара, напружаннем, у якім доўгі час знаходзіліся сілавыя структуры і жаданнем іх кіраўнікоў паказаць лаяльнасць “пераможцу”.
5.
Рэалізацыя стратэгій апазіцыі
5.1.
Рэалізацыя электаральнай кампаніі аб’яднанай апазіцыі
Аб’яднаная апазіцыя, нагледзячы на датэрміновае аб’яўленне выбараў, у кароткі час стварыла сістэму рэгіянальных аб’яднаных выбарчых штабоў і, негледзячы на супрацьдзеянне ўладаў, непазбежныя ў любым аб’яднанні арганізацыйныя хібы і канфлікты, сабрала за вылучэнне свайго кандыдата больш за 200 тысячаў подпісаў. Адзіны кандыдат А.Мілінкевіч адразу пасля свайго абрання распачаў кампанію паездак і сустрэч у рэгіёнах краіны. Пад час гэтых сустрэч, двух прадастаўленых яму выступаў па тэлебачанню сваім знешнім выглядам, манерай паводзін ён уяўляў рэзкі кантраст як з хамскай манерай паводзін дыктатара, так і з карыкатурным вобразам апазіцыянера, створаным дзяржаўнай прапагандай.
Структуры аб’яднанай апазіцыі, нягледзячы на канфіскацыі друкаваных матэрыялаў, арышты актывістаў і адсутнась фінансавання, правялі заўважную агітацыйную кампанію ва ўсіх рэгіёнах краіны. Яўнай хібай агітацыйнай кампаніі адзінага кандыдата з’явілася адсутнасць яснага, простага, зразумелага і прывабнага для большасці выбаршчыкаў праграмнага мэсіджу. Лозунг “За свабоду” пры ўсёй сваёй актуальнасці для сучаснай Беларусі не ўяўляўся прывабным для большасці. Але прапанаваць лепшы аб’яднаная апазіцыя была не ў стане менавіта з-за рознай ідэалагічнай і геапалітычнай арыентацыі партый, якія склалі кааліцыю.
Не гледзячы на звышцяжкія і няроўныя ўмовы, арганізацыйныя і праграмныя хібы, аб’яднаная апазіцыя дасягнула адноснога поспеху ў электаральнай кампаніі. Яе кандыдат заняў другое месца ў першым туры галасавання са значным адрывам ад Казуліна, заняўшага трэцяе месца, выходзіў у другі тур, дзе меў вельмі добрыя шанцы на канчатковую перамогу. Але ўсё гэта – пры ўмове сумленнага падліку галасоў, якога не было і блізка.
Зараз ніхто ў Беларусі не ведае дакладных вынікаў галасавання. Улада зрабіла “экзіт-пулы” немагчымымі. Незалежныя сацыялагічныя апытанні, праведзеныя пасля выбараў, сведчаць, што Лукашэнка атрымаў 60% галасоў выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбары. Але пры гэтым, улічваючы запалоханасць грамацтва і ўмовы правядзення сацыялагічных апытанняў (па месцы жыхарства з указаннем адрасоў і прозвішчаў рэспандэнтаў, з наступнай перадачай лістоў апытанняў у кантрольны дзяржаўны орган) сацыёлагі прапануюць улічваць “рэйтынг страха”, які зараз яны ацэньваюць прыблізна ў 15%. Таму рэальны вынік першага туру для Лукашэнкі складвае, па іх ацэнках, не болей 45-47% галасоў. Гэтыя дадзеныя практычна супадаюць са звесткамі, атрыманымі намі ад асобных членаў участковых выбарчых камісій, якія палічылі бюлетэні са скрынь для асноўнага дня галасавання “для сябе”. Згодна з гэтымі звесткамі Мілінкевіч значна апярэджваў Лукашэнку ў Мінску (55-60% супраць 15-20%), меў прыблізна аднолькавы з ім вынік у заходніх абласцях ( па сорак з невялікім працэнтаў) і саступаў ва ўсходніх абласцях.
5.2.
Рэалізацыя кампаніі аб’яднанай апазіцыі па абароне дэмакратыі ад фальсіфікацый
Асобнай агітацыйнай кампаніі па мабілізацыі людзей на плошчу ў Мінск выбарчым штабам адзінага кандыдата не праводзілася ўвогуле. Была спроба штаба правесці рашэнне замяніць збор людзей на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка іх зборам каля сваіх выбарчых участкаў, што не давала ніякага эфекту, але было больш бяспечным. Гэты план быў адменены дзякуючы актыўным пратэстам Еўрапейскай Кааліцыі толькі за тры тыдні да выбараў. Інфармацыя аб месцы і часе збора на Кастрычніцкай плошчы была агучана толькі А.Мілінкевічам у яго другім выступе па тэлебачанню, чаго было яўна недастаткова для збору вялікай колькасці людзей. Сітуацыю ў нечым уратавала ўлада – генеральны пракурор і старшыня КГБ падчас прэс-канферэнцыі, сабранай, каб напалохаць дэманстрантаў смяротным пакараннем, нагадалі аб месцы і часе збора, а тэлебачанне неаднаразова паўтарыла гэтую інфармацыю.
Ніякай агітацыйнай працы з сілавымі структурамі апазіцыяй не праводзілася.
У дзень выбараў 19 сакавіка выбарчы штаб адзінага кандыдата арганізаваў мабілізацыю актывістаў кампаніі з усіх рэгіёнаў краіны на мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Але, калі на плошчы, негледзячы на пагрозы смерцю і завіруху сабраліся дзесяткі тысячаў людзей, гатовых па закліку апазіцыі змагацца за свабоду, кіраўнікі аб’яднанай апазіцыі не здолелі прапанаваць ім ніякага канкрэтнага дзеяння. Непрыемнае ўражанне на ўдзельнікаў акцыі аказала значнае спазненне на яе адзінага кандыдата, якое было ўспрынята многімі, як жаданне прыйсці пасля завяршэння небяспечных падзей. Пастаяўшы некалькі гадзін на холадзе, людзі разыйшліся з-за адсутнасці прапанаванага плана дзеянняў.
5.3.
Рэалізацыя стратэгіі астатняе часткі апазіцыі
Каб рэалізаваць сваю стратэгію, кандыдаты, падтрыманыя структурамі БСДП(Г) – А.Казулін і В.Фралоў - напачатку кампаніі ўсяляк адмяжоўваліся ад любых “незаконных” спосабаў барацьбы. З іх вуснаў гучала: “Я з калом на плошчу не пайду”, “Мая свяшчэнная мэта – не дапусціць рэвалюцыі”, “Мы толькі за законныя метады барацьбы”. Улічваючы, што “законнай” з пункту гледжання дыктатуры з’яўляецца толькі імітацыя палітычнай барацьбы, яны давалі зразумець рэжыму, што не ўяўляюць небяспекі для яго і заслугоўваюць спрыяння пры рэгістрацыі кандыдатаў і вызначэнні іх выніка на выбарах. Таксама з іх вуснаў гучалі абвінавачванні ў бок адзінага кандыдата, якога яны называлі кандыдатам ад Захада і на заходнія грошы. Сябе ж гэтыя кандыдаты прэзентавалі як палітыкаў расійскай арыентацыі, як “трэцюю сілу” .
Рэжым быў зацікаўлены ў рэгістрацыі як мага большай колькасці альтэрнатыўных адзінаму кандыдатаў, бо гэта не дазваляла дамагчыся электаральнай перамогі аб’яднаных дэмакратычных сіл ужо ў першым туры галасавання. Таксама раскол апазіцыйнага электарату пазбаўляў рэжым пагрозы “кумулятыўнага” эфекту нерацыянальных спадзяванняў меньш адукаванай часткі электарату на новога “збаўцу”, які, напрыклад, узнік ва Украіне падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў.
Разуменне зацікаўленасці ўладаў ва ўласнай рэгістрацыі дазволіла камандам Казуліна і Фралова не крытычна ставіцца да якасці і метадаў збору подпісаў. Але, негледзячы на гэта, Фралоў не здолеў сабраць неабходную колькасць подпісаў і выбыў з кампаніі. Казулін, пераадолеўшы слабасць структур БСДП(Г) з дапамогай стымулявання зборшчыкаў подпісаў у безпрэцэдэнтных для Беларусі памерах, здолеў выканаць гэтую задачу.
На пачатку кампаніі Казулін больш крытыкаваў “старую” апазіцыю, чым уладу. Але вельмі хутка стала зразумела, што з-за рэзкай палярызацыі грамацтва ў Беларусі няма электаральнай прасторы для ніякай “трэцяй” сілы, што Казулін успрымаецца многімі, як праект уладаў і нашмат адстае ў папулярнасці ад Мілінкевіча. Таму адразу пасля рэгістрацыі Казулін стаў пазіцыянаваць сябе як “крутога мужыка”, “марпеха”, што эфектыўна больш на расійскім, а не беларускім палітычны полі. Ён пачынае адыходзіць ад стратэгіі “канструктыўнай” апазіцыі і прысвячае свай першы тэлевізійны выступ жорсткім і грубым, у стылі Лукашэнкі, нападкам на Лукашэнку. Аб’ектыўна гэты выступ спрыяў барацьбе ўладаў з аб’яднанай апазіцыяй, бо адцягваў увагу і галасы ад Мілінкевіча. Але, разам з тым, ён палітычна ўзбуджаў грамацтва, паніжаючы ўзровень страху. Негледзячы на, ў большасці, станоўчыя для рэжыму вынікі росту вядомасці Казуліна Лукашэнка быў асабіста глубока абражаны яго “лукашэнкаўскім” выступам. Казуліна збілі, супраць яго завялі крымінальную справу. У другім сваім выступе Казулін заклікаў людзей выйсці на плошчу і 19 сакавіка сам выйшаў на яе, але яшчэ пазней за адзінага кандыдата і з вялікай картоннай іконай на грудзях. У выніку БСДП(Г) асудзіла дзеянні свайго кіраўніка, аб чым першым публічна паведаміў Лукашэнка.
6.
Вынікі і ўрокі кампаніі
Рэжым, які дзейнічаў згодна з дылемай “перамога альбо смерць”, паслядоўна і жорстка рэалізаваў сваю стратэгію. Ён на бліжэйшы і сярэднетэрміновы перыяд захаваў кантроль над краінай і не пераўзыйшоў той мяжы гвалту, за якой пачынаюцца некантралюемыя наступствы ўнутры краіны і за яе межамі. Разам з тым, сілавое падаўленне апазіцыі, калі рэпрэсіі прама ці ўскосна закранулі тысячы людзей, грубая і бессаромная прапаганда, амаль не прыхаваныя масавыя фальсіфікацыі прывялі да палярызацыі грамацтва і росту папулярнасці апазіцыі, да дэлегімітызацыі рэжыму ў краіне і за яе межамі. Упершыню гэты рэжым, негледзячы на поўнае дамінаванне на інфармацыйным полі, не здолеў атрымаць падтрымку большасці выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбары. Відавочна, што ўлада будзе і надалей рэалізоўваць такую ж стратэгію, надаючы ёй, у залежнасці ад ступені пагрозы, ўсё больш брутальны характар.
Аб’яднаная апазіцыя больш-меньш паспяхова рэалізавала першую, электаральную частку сваёй стратэгіі і паказала, што ў яе шэрагах ёсць людзі, вартыя пасады прэзідэнта еўрапейскай краіны. Разам з тым кіраўнікі яе выбарчай кампаніі аказаліся псіхалагічна і маральна непадрыхтаванымі да другой, самай цяжкой і рызыкоўнай яе часткі, звязанай з абаронай дэмакратыі ад фальсіфікацый. Гэтая частка стратэгіі, якая з’яўляецца ў сённяшніх беларускіх рэаліях адзінай магчымай стратэгіяй барацьбы за ўладу, была падменена стратэгіяй захавання апазіцыі да лепшых часоў. Замест акцый рэальнага ціску і пагрозы ўладзе праводзіліся (акрамя арганізаванага моладдзю намётавага гарадка) толькі акцыі дэманстравання прысутнасці апазіцыі ў грамацтве. Дастаткова сказаць, што за ўвесь час выбарчай кампаніі і ў перыяд пасля яе не было праведзена ні адной дэманстрацыі з выхадам на праезную частку вуліцы ці ў накірунку да цэнтра Мінска. Але, як сведчыць зняволенне А.Казуліна і адміністрацыйныя арышты кіраўнікоў выбарчай кампаніі аб’яднанай апазіцыі, цяпер рэжым будзе жорстка перасякаць нават бяспечныя для яго акцыі дэмакратычных сілаў. Гэта ставіць пад сумнеў стратэгію самазахавання.
Калі апазіцыя сапраўды хоча перамогі дэмакратыі, яе кіраўнікі павінны быць падрыхтаваныя да прамога жорсткага сутыкнення з рэжымам за ўладу і гатовыя прыняць магчымыя наступствы гэтага сутыкнення, у тым ліку і для сябе асабіста. Дыктатары не сыходзяць самі, колькі б людзей не сабралася на плошчы і колькі б флэш-мобаў не праводзілася. Дамагчыся свабоды можна толькі рашучымі мэтанакіраванымі дзеяннямі людзей, здольных рызыкаваць дзеля яе сваёй уласнай свабодай ці нават жыццём.
7.
Прапановы на будучыню
Апазіцыя павінна: а) захаваць сваё адзінства; б) распрацаваць новую стратэгію сваёй перамогі; в) рэалізаваць гэтую стратэгію.
Еўрапейская Кааліцыя лічыць, што на перыяд да выпрацоўкі новай стратэгіі перамогі аб’яднаная апазіцыя павінна захаваць фармат Пастаянна дзеючай нарады дэмакратычных сіл. Таксама мы лічым неабходным дзеля лепшай каардынацыі дзеянняў апазіцыі ў краіне і за яе межамі надаць на гэты ж перыяд былому адзінаму дэмакратычнаму кандыдату ў прэзідэнты на прайшоўшых выбарах А.Мілінкевічу статус старшыні Пастаянна дзейнай нарады.
Відавочна, што стратэгія апазіцыі ў любым выпадку павінна ўключаць наступныя элементы: 1) фармуляванне яснага, простага, адрознага ад уладнага і прывабнага для большасці грамацтва праграмнага мэсіджу апазіцыі; 2) арганізацыя каналаў масавай камунікацыі апазіцыі з грамадствам для давядзення гэтага мэсіджу; 3) арганізацыя працы з элітамі грамацтва, у тым ліку і сілавой; 4) праца са знешнімі чыннікамі беларускай сітуацыі; 5) распрацоўка і падрыхтоўка магчымых сцэнараў вяртання краіны да дэмакратыі, выбар найбольш спрыяльных момантаў ці нагод для рэлізацыі гэтых сцэнараў; 6) фармаванне структуры і абранне кіраўніцтва аб’яднанай апазіцыі, адэкватных задачы барацьбы за ўладу ў сённяшніх беларускіх умовах; 7) цвёрдая і паслядоўная рэалізацыя аптымальнага для дадзенай сітуацыі сцэнара перамогі.
Распрацоўка стратэгіі перамогі апазіцыі ва ўмовах паразітычнай, залежнай ад знешніх чыннікаў дыктатуры вельмі складаная задача. Напрыклад, дзеянні галоўнага для рэжыму знешняга фактару – расійскага, не паддаюцца рацыянальнаму тлумачэнню, бо цяжка рацыянальна тлумачыць імперскія комплексы, тым болей – у перыяд іх нафтадоларавага абвастрэння. Больш-меньш выразна расійскі чыннік і рэакцыя на яго рэжыму выявяцца не раней 2007 году. Але мы ня можам проста чакаць, калі і як праявяць сябе знешнія чыннікі. Таму рэалізацыя асобных, відавочных элементаў стратэгіі перамогі павінна пачацца ўжо зараз. Напрыклад, арганізацыя масавай камунікацыі з грамацтвам. Каналамі такой камунікацыі могуць быць: беларускі незалежны спадарожнікавы тэлевізійны канал; незалежныя FM-радыёстанцыі з перадатчыкамі на тэрыторыі суседніх краін уздоўж беларускіх межаў; удзел у выбарчых кампаніях, аб’яўленых уладай; Інтэрнэт.
Аб’яднаная апазіцыя павінна ўжо зараз пачаць выпрабаванне розных варыянтаў працы з грамацтвам, каб потым, калі накірунак развіцця сітуацыі ў краіне і вакол яе, эфектыўнасць кожнага варыянту зробяцца зразумелымі, мець магчымасць сканцэнтравацца на найбольш перспектыўных.
Еўрапейская Кааліцыя гатова падтрымаць любыя дзеянні, якія спрыяюць дэмакратызацыі краіны. Мы заяўляем аб нашай падтрымцы Палітычнай кампаніі “За свабоду”. Разам з тым мы лічым, што найбольш перспектыўным у якасці праграмнага мэсіджу апазіцыі з’яўляецца лозунг інтэграцыі Беларусі ў ЕС, які увасабляе не толькі ідэалы свабоды і дэмакратыі, але і еўрапейскі дабрабыт. Негледзячы на пастаянную прапаганду рэжыму супраць еўраінтэграцыі і адсутнасць у апошнія паўтары гады агітацыі за яе, трэць беларусаў стала падтрымоўвае такі шлях развіцця нашай краіны. Вопыт Еўрапейскай Кааліцыі сведчыць, што дзвюх лістовачных кампаній па 500-700 тысяч асобнікаў матэрыялаў хапала, каб падняць рэйтынг еўраінтэграцыі ў паўтары разы. Разумеючы, што ў фармаце аб’яднанай апазіцыі з-за рознай геапалітычнай арыентацыі яе ўдзельнікаў вылучэнне такога лозунгу немагчымае, мы лічым мэтазгодным аднавіць працу па папулярызацыі еўрапейскага шляху развіцця нашай краіны па-за гэтым фарматам.
Еўрапейская Кааліцыя заяўляе аб пачатку падрыхтоўкі да Палітычный кампаніі “Беларусь – у адзіную Еўропу” і запрашае зацікаўленыя арганізацыі і асобы далучыцца да фармавання яе стратэгіі, структуры і кіруючых органаў.
[8 чэрвеня 2006]
Баранавічы, чэрвень 2006