Актывісту Маладога Фронту Артуру Фінькевічу прад’явілі больш цяжкае абвінавачаньне. Цяпер за графіці яму пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Працэс над маладым апазыцыянэрам можа пачацца ўжо ў траўні.
Вылучанае новае абвінавачаньне Артуру Фінькевічу, актывісту Маладога Фронту, якога затрымалі за вулічнае графіці сёлета ў лютым. Справа перакваліфікаваная паводле артыкулу аб пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці ў буйных памерах.
Цяпер Фінькевічу пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня.
Ягоная справа будзе разглядацца ў Першамайскім судзе Менску, – паведаміў адвакат Фінькевіча.
Нагадаем, Артур Фінькевіч быў затрыманы ў ноч на 1 лютага, калі пісаў на плоце словы “Мы хочам новага!”.
Спачатку актывіста абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Пазьней сьледзтва пералічала страты, нібыта нанесеныя маладым чалавекам камунальнай гаспадарцы Менска ў выніку напісаньня палітычных лёзунгаў. Цяпер сьледчыя лічаць, што Артур Фінькевіч пашкодзіў маёмасьці ажно на 17 тысяч даляраў.
Малады апазыцыянэр ужо болей за два месяцы знаходзіцца пад вартай у менскім сьледчым ізалятары.
Аднадумцы юнака зь незарэгістраванай арганізацыі Малады Фронт называюць справу супраць Артура Фінькевіча “акцыяй запалохваньня”. Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:
(Дашкевіч: ) “Гэта робіцца, каб запужаць Артура яшчэ больш, але наўрад ці гэта ў іх атрымаецца. Колькі б яму не далі. Я перакананы, што гэты суд сам не пратрымаецца столькі, колькі Артуру прысудзіць”.
Праваабаронца з цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч не выключае, што сьледчыя абвінавацілі Фінькевіча ў напісаньні дзясяткаў “графіці”, да якіх ён мог і ня мець дачыненьня. Валянцін Стэфановіч гэтак камэнтуе новы паварот у справе Фінькевіча:
(Стэфановіч: ) “Ствараецца пэўны прэцэдэнт з выкарыстаньнем артыкулу 218 пра пашкоджаньне маёмасьці. А што наконт такой сумы – 17 тысяч даляраў –гэта дзіўна. На гэтыя грошы можна палову Менска адрамантаваць.
Тым больш гэта вельмі цынічна выглядае на тле мільёнаў даляраў, якія скрала тая ж Жураўкова і нават не адбыла тэрміну, што ёй прысудзіў суд”.
У Першамайскім судзе Менску, дзе будзе слухацца справа Артура Фінькевіча, кажуць, што яшчэ не вызначана, які судзьдзя будзе разглядаць справу і калі пачнецца працэс. Сьледчыя, якія вялі справу актывіста Маладога Фронту, не камэнтуюць абвінавачваньне. У тым ліку не паведамляецца колькасьць графіці, якія нібыта намаляваў Артур Фінькевіч.
[18 красавіка 2006]
Паводле Радыё Свабода