Фёдар Караленка: «Абыйсьці ўсё можна»

Фёдар Караленка: «Абыйсьці ўсё можна»

Нацыянальны апэратар электрасувязі «Белтэлекам» гатовы на загад блякаваць доступ больш як трох дзясяткаў незалежных сайтаў. Пакуль абмежаваньне тычыцца карыстальнікаў зь дзяржаўных структураў. Ці змогуць карыстальнікі абыйсьці забарону? Навацыю камэнтуе аўтар і кіраўнік інтэрнэт-рэсурсу Акавіта Фёдар Караленка.

Dj: Давайце ўявім сытуацыю: кіраўнік дзяржаўнай установы атрымаў гэты ліст, там перанастроілі інтэрнэт, значыць, там заблякавалі сайты. Карыстальнік, калі захоча, зможа ўсё ж патрапіць на іх, ці гэта будзе немагчыма?

Караленка: Заўсёды можна скарыстацца проксі-сэрсэрамі і такім чынам абыйсьці гэта.

DjКалі у нейкай дзяржаўнай установе пакінуць іншы адрас DNS-сэрвэра, што здарыцца? (То бок наколькі проста для «Белтэлекаму» не дазваляць інтэрнэт-сувязь празь іншыя адрасы?)

Караленка: Белтэлекаму трэба ўвесьці надзвычай вялікі сьпіс DNS-сэрвэраў — а ён проста бясконцы — якія трэба блякаваць, каб людзі маглі іх прапісаць у сябе і карыстацца імі. Фактычна гэта нерэальна. Ёсьць агромністая колькасьць публічных сэрвэраў, якія любы чалавек можа прапісаць у сябе і карыстацца імі. Той жа Google стварыў адмысловыя адрасы 888, якія ствараліся ня з мэтай абыходзіць дзяржаўныя заслонкі, а з мэтай паскарэньня інтэрнэту, бо некаторыя DNS-сэрвэры перагружаныя і марудна адказваюць, і такім чынам яны рабілі такую дапамогу карыстальнікам у якасьці публічных бясплатных DNS-сэрвэраў. Так што абыйсьці ўсё можна. Ды і калі не на працы, дык дома можна знайсьці інфармацыю, так што я вялікай катастрофы ня бачу.

DjПаводле вашых ацэнак, наколькі вялікая аўдыторыя цяпер адсякаецца ад тых сайтаў, што патрапілі ў «чорны сьпіс»?

Караленка: Гэта цяжка ацаніць, але зь дзяржаўных і навучальных установаў інтэрнэтам карыстаецца даволі вялікая колькасьць людзей. Гэта ня толькі чыноўнікі і клеркі установаў, гэта і ВНУ, і Акадэмія навук, прыродаахоўчыя камітэты і г.д. Я думаю, аўдыторыя каля сотні тысяч. Але зноў жа, яны могуць наведваць гэтыя сайты ў непрацоўны час.

DjУ чорным сьпісе, акрамя «Беларускага партызану» і «Хартыі-97», ёсьць і сайт «пракаповіч», які зьявіўся ў разгар валютнага крызісу і на якім людзі дамаўляліся пра продаж і пакупку валюты. Ці застаецца гэты сайт папулярным цяпер, калі больш-менш адбылася валютная лібэралізацыя? Наколькі гэты сайт сапраўды ўяўляе нейкую небясьпеку, ці гэта ўжо робіцца па інэрцыі?

Караленка: Я думаю, гэты сайт ніякай небясьпекі не ўяўляе, ён папулярны, але гэтую ж інфармацыю публікуюць і іншыя рэсурсы. Калі скончыўся фінансавы крызіс, і ім перасталі карыстацца для абмену валюты, ён такой небясьпекі не нясе для дзяржавы. У лепшыя свае часы, на піке папулярнасьці, яго наведвальнасьць дасягала ста тысяч па Акавіце, гэта вельмі вялікі паказьнік. Зараз, калі абменныя апэрацыі ў абменьніках праводзяцца па рыначным курсе, яго папулярнасьць стала зьмяншацца, але ўсё роўна захоўваецца на заўважным для Беларусі ўзроўні. Паводле іх юрыстаў, там апэрацыі імкнуцца праводзіць у межах заканадаўства, так што нават калі нехта захоча злавіць іх за руку, гэта будзе ня так проста.

Dj: У чорным сьпісе ёсьць і блог Яўгена Ліпковіча ў «жывым журнале». Паведамляецца, што разам зь ім аказаліся заблякаваныя яшчэ блізу 300 блогаў, IP-адрас якіх быў адзін на ўсіх. Што могуць зрабіць уладальнікі гэтых блогаў, ці ёсьць у іх шанец, напрыклад, атрымаць нейкую кампэнсацыю?

Караленка: Мне больш цікава, адкуль узялася лічба 300 сайтаў, бо ўсе гэтыя блогі ЖЖ знаходзіцца на адным хостынгу, у адной сыстэме, гэта значыць, што тут павінна быць значна большай колькасьць сайтаў на адным ІП-адрасе. Вось я ўзяў на выбар некалькі абсалютна розных блогаў на ЖЖ, не зьвязаных паміж сабой, і ўсе яны выдаюць адзін і той жа ІП-адрас. Так што ня 300, а некалькі тысяч сайтаў маглі трапіць пад такую раздачу. Але калі зрабіць усё акуратна, то не абавязкова будуць заблякаваныя астатнія сайты ў сыстэме ЖЖ.

Dj: Як бы вы параўналі цяперашнія абмежавальныя меры з тым што існуе ў іншых краінах Эўропы? Напрыклад, Юры Зісер сказаў неяк у інтэрвію Свабодзе: «У Эўропе ў фільтрах стаяць сотні тысяч, мільёны сайтаў, а ў нас 30 зь нечым. У асноўным там фільтруюцца парнаграфічныя сайты, можа быць, 90 адсоткаў, ну і, вядома, экстрэмісцкія. Таму мы ў параўнаньні зь імі проста анёлы».

Караленка: Я ня ведаю пра мільёны сайтаў, але ў Эўропе таксама ёсьць выпадкі, калі выбарачна блякуюць інфармацыю, хаця наколькі гэта масава, сказаць цяжка. У Эўропе звычайна ўсе ўціскі свабоды слова і інфармацыі шырока агалошваюцца, а вядома толькі пра некалькі такіх выпадкаў, і ўсе яны былі даволі гучнымі і праходзілі праз суд, а ня проста нейкая камісія палічыла, што трэба забараніць. Такім прыкладам была забарона доступу да сайту Yahoo ці аўкцыёну e-Bay, гэта было даўно, я магу памыляцца. там выстаўляліся рэчы часоў сусьветнай вайны з нацысцкай сымболікай, якая забароненая ў Францыі, і яны не знайшлі лепшага выйсьця, як забараніць доступ да ўсяго сайту. Гэта рабілася па пастанове суду, і была вельмі рэзанансная справа, якую потым нейкім чынам вырашылі, дамовіўшыся з адміністрацыяй парталу, каб яны гэтыя старонкі проста не паказвалі францускім карыстальнікам.

svaboda.org

Падзяліцца:

Каментары