Галоўны Фронт барацьбы: супраць імпэрыі (рэзалюцыя)

Галоўны Фронт барацьбы: супраць імпэрыі (рэзалюцыя)

На парозе пятай пяцігодкі дыктатуры Беларусь стаіць перад вельмі вострай зьнешняй пагрозай – вялікай верагоднасьцю агрэсіі з боку Расейскай Фэдэрацыі. І як засьведчыла анэксія Масквой Крыма і ўчыненая ёю ж крывавая бойня на Данбасе, для расейскіх шавіністаў няма ніякіх бар’ераў – ні маральных, ні фізічных – у тым, каб напасьці на “брацкі”, як яны заяўляюць, народ, калі той народ раптам вырашыць, што ён сам гаспадар на сваёй зямлі.

Беларускі народ апынуўся заціснуты паміж двума зладзеямі: дыктатарам, – які вось ужо дваццаць год праводзіць генацыд беларускай нацыі, – з аднаго боку; і ненажэрнай Масквой – з другога.

Разам з тым ні для кога не сакрэт, што дыктатура ў Беларусі трымаецца толькі на падтрымцы Масквы: падтрымцы фінансавай (крэдыты, вуглевадароды, зброя), і падтрымцы палітычнай (Расея адзіная краіна Вялікай дваццаткі, якая прызнавала выбары ў Беларусі).

Адпаведна гэтаму будзе лагічным, калі мы прыдзем да высновы, што трэба перадусім змагацца з прычынай хваробы, а не самой хваробай, якая, маючы вонкавае сілкаваньне, нават зьнішчаная будзе ўзьнікаць наноў і няма розьніцы, як яна пры тым будзе называцца: Саня ці Таня. Прыклад Украіны яскрава пра тое сьведчыць.

Такім чынам, наш галоўны вораг на сёньняшні дзень – гэта шавіністычная Масква, якая ў перадсьмяротных сутаргах спрабуе патапіць у крыві як мага больш земляў і людзей. І наша першасная задача – супрацьстаяць Маскве ўсімі мажлівымі сродкамі: пашырэньнем ужытку нацыянальнай мовы, распаўсюдам нацыянальных сымбаляў, выкрыцьцём сеткі чорнасоценскіх арганізацыяў.

Калі ня можаш ехаць на Данбас – размаўляй па-беларуску, але рабі ўсё мажлівае, каб спыніць імпэрыю.

Толькі загнаўшы Арду ў ейныя уласныя межы Беларусь мае шанец скінуць накінутага нам Масквой дыктатара.

Менск ,12 верасьня 2015 года,
ІХ адкрыты Зьезд Маладога Фронту

Падзяліцца:

Каментары