УДЗЕЛЬНІКІ ГАЛАДОЎКІ ПЕРАДАЮЦЬ ПАТРАБАВАНЬНІ ДА ЎЛАДАЎ
Моладзевая галадоўка, якую распачалі актывісты Маладога Фронту, з патрабаваньнямі спыніць крымінальны перасьлед лідэраў МФ, набыла шырокі грамадзкі рэзананс і на восьмы дзень свайго правядзеньня відавочна перайшла маладафронтаўскія і моладзевыя рамкі.Да мерапрыемства далучаюцца як маладыя людзі, так і больш сталыя актывісты дэмакратычнага руху й хрысьціяне. Шмат хто з апошніх посьціць, нават не абвяшчаючы пра свой удзел у мерапрыемстве. Розныя людзі і арганізацыі па ўсёй краіне праводзяць акцыі салідарнасьці з моладзьдзю. Таму ўдзельнікі галадоўкі пашыраюць сьпіс патрабаваньняў да ўладаў. Удзельнікі акцыі накіруюць зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта, КДБ і МУС з наступнымі патрабаваньнямі: 1. Спыніць антызаконныя крымінальныя справы супраць лідэраў Маладога Фронту Зьміцера Дашкевіча, Барыса Гарэцкага, Сержука Лісічонка, Сержука Марчыка й Алега Корбана.
2. Адмяніць незаконныя прысуды й неадкладна вызваліць незаконна асуджаных Артура Фінькевіча, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Андрэя Клімава, Мікалая Астрэйку, Эніру Браніцкую, Аляксандра Шалайку, Цімафея Дранчука, Зьмітра Зубро, Аляксандра Казакова.
3. Спыніць перасьлед хрысьціянаў, каторыя выказваюць салідарнасьць з людзьмі, што змагаюцца за праўду й справядлівасьць, а менавіта адмяніць незаконныя прысуды Юрыю Бакуру, Юліі Кліменка і Натальлі Касьцюкевіч.
Дадатковыя патрабаваньні:
1. Аднавіць на вучобе незаконна выключанага з салігорскага ПТВ №72 Максіма Семенчыка.
2. Аднавіць на вучобе незаконна выключанага з Беларускаа Дзяржаўнага Педагагічнага Унівэрсытэту Аляксея Янушэўскага.
[5 чэрвеня 2006]
Прэс-служба Маладога Фронту |