ГІСТОРЫЯ ТРОХ ДЗЁН

ГІСТОРЫЯ ТРОХ ДЗЁН

Рэспубліка Беларусь. Менск, вуліца Валадарскага, дом 2. Па гэта адрэсе, у цэнтры гораду, каля Чырвонага касьцёлу й Дома Ўраду, чатырохзоркавага гатэлю “Менск” і драматычнага тэатру імя Горкага, пражывае дзьве з паловаю тысячаў чалавек. І ўсё было б добра ў гэтай гісторыі, каб будыначак той, у цэнтры сталіцы эўрапейскае краіны, ня быў бы турмою.

Турма. Нешта, загадкава-небясьпечнае хаваецца ў гэтым словае для чалавека, каторы ніколі ў жыцьці ня быў абмежаваны воляю. А нават калі й бываў наш брат, на якім Акрэсьціна, ня можа сабе ўявіць, што хаваецца за старадаўнімі мурамі Пішчалаўскага палацу. 
Не, тут зусім ня страшна. Жывуць нават гадамі, у гэтых туберкулёзных, насьмерць пракураных камэрах, каторыя па-ласкаваму на матчынай мове называюцца – хаты, нібы падкрэсьліваючы кожнаму новаму наведвальніку цэнтрала – твой дом цяпер тут, тут цяпер твая хата.

Вараўскія законы. 
У прынцыпе, любая чалавечая супольнасьць схільная да фармаваньня законаў для сваёй жыцьцядзейнасьці . Працэс гэты неабходны й пазытыўны. Ствараюцца законы супольнасьцю, як жаданьне ўпарадкаваць, ці абмежаваць дзейнасьць сваіх прадстаўнікоў.

Тое ж самае адбылося ў супольнасьці людзей, што пазбаўленыя волі – зэкамі. Фармуючы свае законы яны клапаціліся пра жыцьцядзейнасьць сваёй сыстэмы ў супрацьстаяньні зь іншаю сыстэмаю – міліцэйскаю (ці мусарскою, як яе называюць ня толькі тут). Сэнс супрацьстаяньня – лібералізаваць апошнюю й зрабіць яе больш прыдатнаю для жыцьця. Ну, да прыкладу, носьбіты вараўской маралі дамагаюцца ад адміністрацыі турмаў і калёніяў павялічэньня колькасьці дазволеных перадачаў, дазволу карыстацца электрычнасьцю, вентылятарамі, тэляглядамі, фармуюць абшчакі для дапамогі тым, хто заехаўшы ў турму нічога ня мае, ну і г.д. Карацей, улічваючы, што мусарскія законы ёсьць законамі бесчалавечымі, дык законы вараўскія, што супрацьстаяць першым, ёсьць законамі чалавечымі й для чалавекаў.

Ну, з законамі першае сыстэмы, мы знаёмыя і неаднаразова спрабавалі іх на сваёй скуры. Таму, можам пагадзіцца з арыштанцкаю характарыстыкаю чалавечнасьці оных. А вось што датычыцца вараўскіх законаў, дык ня кожнаму шчасьціць азнаёміцца з імі на сваім жыцьцёвым шляху.

Адаптацыя. Пачалася яна для мяне, у першым СІЗА Беларусі, у пятніцу. А тых, хто трапляе сюды ў апошні працоўны дзень і выходныя, трымаюць да панядзелка ў адстойніках. Адстойнікі, гэта такія спецыялізаваныя камэры з драўлянымі насьціламі замест нараў, дзе прыбіральня (дальняк, ці даліна па-мясцоваму), служыць адначасова ў якасьці ўмывальніка. Гэта цяжкавата зразумець для таго, хто не сутыкаўся з такою сыстэмаю. А яна вельмі простая – у вуглу камэры, бяз ніякіх перагародак знаходзіцца плоскі ўнітаз, а над ім кран з вадою. Вось такая эканамічная канструкцыя, што называецца – два ўвадным. Усёж-такі ўмеюць нашыя, калі захочуць.

Ну дык вось, адстойнік № адзін, дзевяць, восем (так тут прынята агучваць лічбы), каторы стаўся мне домам на тры дні, меў плошчу каля 12 мІ, а запіхнуць туды ўмудрыліся 25 чалавек. Нават бывалы адзін, каторы праз гэтыя адстойнікі ўжо 8 месяцаў езьдзіць на суд, казаў, што больш 18 чалавек тут яшчэ ня бачыў. Але, мяжы чалавечае выносьлівасьці, у гэткага кшталту ўстановах, проста няма.

І ўжо ў адстойніку, як у любым памяшканьні камэрнага тыпу, дзе знаходзяцца носьбіты турэмнае ідэі, пачынаюць дзейнічаць вараўскія законы й адпаведная ерархія, у якой усім хочацца заняць месца палепей.

Месца ў сыстэме
. Кожны яго пачынае намаўцоўваць з першых жа дзён, заварожана слухаючы зэкаў, што ўжо некалькі разоў прайшлі каля гэтага пекла – турма – этап – лагер. На месцы ж, засвойваючы правілы паводзінаў, кожны ўяўляе сябе маральным аўтарытэтам. Ну, як мы з вамі зразумелі, тут свая мараль.

Чалавек, каторы мае ўстойлівы характар, даволі хутка абжываецца ў турэмнай сыстэме й падпарадкоўваецца яе законам. Чалавек жа слабавольны й бесхарактарны, у дадзенай установе хутка пераўтвараецца ў ізгоя, каторага будуць разводзіць і абсьмейваць. Ёсьць яшчэ адна катэгорыя арыштантаў. Гэта людзі, каторыя па сваіх маральных стандартах, ня могуць прыняць законаў “мира воров” і таму ўваходзяць зь ім у непазьбежны канфлікт. Такіх індывідумаў знайсьці тут, ва ўсіх 225 хатах, цяжка, але ж рэальна. Звычайна на гэтых людзей ажыцьцяўляецца фізічна-маральны ўціск, і, чалавек альбо прымае правілы гульні, альбо пераўтвараецца ў тагож ізгоя, над якім, праўда, менш сьмяюцца, але больш ненавідзяць.

Апынуўшыся ў іншай заканадаўчай сыстэме, я не задумваўся над сваім месцам у ёй. Ва ўплывовыя шэрагі не імкнуўся й ведаў таксама, што насесьці на мяне асабліва не атрымаецца. Карацей, імкнуўся, стаяць адасоблена да мясцовых законаў, але адразу апынуўся ў супрацьстаяньні з імі.

Супрацьстаяньне. Пытаньні ўзьніклі адразу ж, у адстойніку. Быў там адзін дзядок, крыху так на сваёй хвалі, і, зайшоўшы ў камэру, меў неасьцярожнасьць, з-за адсутнасьці месца, сесьці на падлогу. Тут і пачалі яго цкаваць – ты, мол, дзядок – апушчаны, сядзі каля дальняка, да іншых не дакранайся, еш асобна й г.д. Безумоўна на такое глядзець цяжка, таму бяз ніякіх ваганьняў, я пачаў абараняць дзядулю. Напачатку мяне не зразумелі, потым на мяне абазліліся, а затым на мяне пачалі накідвацца. Чаго я толькі не наслухаўся за тыя тры дні, ад паборцаў вараўской маралі – і што я прыдурак, і што сэктант, і што мяне, калі я не супакоюся, разам з гэтым дзедам у гарэм запішуць, ну й шмат іншых цікавых рэчаў.

І што самае дзіўнае, дык тое, што сядзяць гэтыя наваяўленыя барацьбіты з бесчалавечаю мусарской сыстэмай і разважаюць: “Ну і падонкі мусара (міліцыянт перацягнуў аднаму зь іх, калі нас вадзілі браць кроў) – над людзьмі зьдзекуюцца, бьюць іх, прыніжаюць мінімальную чалавечую годнасьць”. І тут жа самі, праз некалькі хвілінаў, пачынаюць абліваць дзеда, каторы панудзіўся падняцца з падлогі й пахадзіць па камэры. “Хлопцы, — кажу я ім, — вы папракаеце міліцыянтаў у бяспраўі й бесчалавечнасьці, а самі чым адрозьніваецеся ад іх ? Адкуль у чалавека, каторы сам штодзённа церпіць зьнявагу, хапае сілаў зьневажаць іншых ?“ Арыштанты трахан паўціхлі й дзеда болей не краналі.

Жыцьцёвая выснова. Канфлікт быў вычарпаны. Але я дагэтуль думаю – Госпадзі, дык як жа так уладкавана чалавечае сэрца, каторае трапляючы пад узьдзеяньне зла, не знаходзіць сілаў і жаданьня яго спыніць, а памножыўшы шматкроць нясе гэтае зло іншым ?

І ня трэба думаць, што гэта праблема таго месца, у якім я знаходжуся. Проста ў экстрэмальных умовах чалавечыя якасьці й заганы маюць схільнасьць абвастрацца. Таму й сытуацыя такая, у тым ці іншым фармаце, але ёсьць паўсюль вакол нас. І калі мы агледземся, дык убачым наколькі часта самі трапляем у гэты ланцуг, па якім зло рухаецца ад аднаго чалавека да другога.

Апостал Павал ведаў гэтую схільнасьць чалавечых сэрцаў і папярэджваў нас: “Не дайся, каб цябе перамагло зло, але перамагай зло дабром”. (Рым 12:21). Гэтыя словы могуць здацца простымі, бо як часта мы чулі гэта ў сям’і, школе, чыталі ў філязоўскіх кнігах. Але як цяжка бывае самому, у штодзённай практыцы, адказаць камусьці на зло дабром. А знайсьці ў сабе сілы зрабіць так можна толькі тады, калі крыніца Божай дабрыні й любові, будзе жыць у нашым сэрцы: “Дарагія, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога. А хто ня любіць, ня ведае Бога, бо Бог ёсьць любоў” (1 Яна 4:7-8)

І калі нехта з нас жадае спасьцігнуць Госпада, словы гэтыя мусяць быць нашым арыентырам у барацьбе са злом, як сыстэмы вараўской ці міліцэйскай, так і любой іншай. Бо толькі любоў можа перамагчы прасавецкую ідэалёгію й атэізм, дэспатыю й беззаконьне. Толькі любоў да бліжняга можа спыніць гэтае зло, што паўстала на нашай змучанай зямлі.

Падзяліцца:

Каментары