“Гэта Я забраў у яго Мой Сьцяг”

“Гэта Я забраў у яго Мой Сьцяг”

Я ня вельмі памятаю рэфэрэндум 1995 года, мне было тады 13 год. Мае бацькі – умераная савецкая інтэлігенцыя: на выбарах 1994 года галасавалі за Шушкевіча, беларускую мову ведалі і на ёй працавалі ў СМІ, але дома на мове мы ніколі не размаўлялі. Я б вырас звычайным апалітычным і расейскамоўным чалавекам. Так было б, каб не 14 траўня 1995 года.

Я зусім ня памятаю той дзень. Але я памятаю непаразуменьне, якое жыло ўва мне: як нацыя можа выракацца свайго сьцяга, свайго герба, сваёй мовы? Ня ведаю чаму, але ў мяне было менавіта такое разуменьне, што сьцяг проста адмяняецца. І я памятаю свае дзіцячыя сьлёзы й сьлёзы некаторых сваіх сяброў, калі мы даведаліся, што нацыя выраклася сьцяга, герба, мовы.

Канешне, мы тады проста ня ведалі пра ўсё тое бясчынства, якое тварылася пры прызначэньні рэфэрэндума й яго правядзеньні. Мы ня ведалі ні пра зьбіцьцё дэпутатаў парламента проста ў самім парламанце; мы не маглі падумаць, што галасаваньне можна фальсіфікаваць; а такога панятку, як адміністрацыйны рэсурс, ня чулі ўвогуле.

Але менавіта тыя дзіцячыя сьлёзы па разадраным на даху адміністрацыі Лукашэнкі Бел-Чырвона-Белым сьцягу й прывялі мяне праз шэсьць год у “Малады Фронт”. Менавіта “рэфэрэндум”, а па сутнасьці – дзяржаўны пераварот, 1995 года прывёў мяне да Беларушчыны.

І я часта думаў: навошта так адбылося, навошта ў нас забралі сьцяг і вырвалі гісторыю? І як нам заўсёды мроілася, каб Бел-Чырвона-Белы сьцяг застаўся і быў нават пры Лукашэнку: каб пад ім мы маглі бяз сораму хадзіць на стадыёны, каб пад ім хоць і павольна, але фармавалася нацыянальная сьвядомасьць.

Аднак, пасьля анэксіі Расеяй Крыма я пачаў задумвацца. Пачаў, бо ў асяродзьдзі некаторых патрыётаў Беларусі ўсплыла і пачала набіраць моц думка пра тое, што “супраць Масквы хоць з чортам лысым”.

І ўявіце сабе, што было б, каб чорт лысы меў нацыянальную палатніну сваім сымбалем ва ўмовах, калі ён прымярае на сябе крымскую кашулю, калі Госпад сутыкае яго лбом з маскоўскім злодзеем? Перакананы, што большасьць патрыётаў плюнулі б на ўсялякія ўмоўнасьці і пайшлі ў батальёны Лукашэнкі ў ягоным супрацьстаяньні ці тое з заходнім лібералізмам, ці тое ўсходнім імперыялізмам.

Пры раскладзе ж, калі чорт лысы ўзьняў над сабою выразна бесаўскія сымбалі, – чырвоную зорку і чырвона-зялёны сьцяг, – стаць на ягоны бок можа толькі той, хто канчаткова прадаў душу сваю Бацьку хлусьні. Тут ужо не прыкрыешся ніякімі дзяржаўнымі інтарэсамі, ніякім клопатам пра незалежнасьць.

І вось ня так даўно адна прарочая жанчына сказала мне ісьціну, да якой я пачаў быў прыходзіць сам, але тут яна была выказана так проста й прама, што мяне аж скаланула. “Ісус Хрыстос сказаў мне ў яве, – гаворыць яна, – не турбуйцеся й ня плачце, гэта Я забраў у яго Сьцяг , бо як ты сабе можаш уявіць каб мярзотныя справы яго рабіліся б пад Маім Сьцягам?” Як ток прайшоў па маіх жылах, я ўявіў сабе ўсю глыбіню і мудрасьць Госпадаву, Які гаворыць: “Гэта Я забраў у яго Мой Сьцяг”.

Насамрэч, падумайце сабе: зьбіцьцё дэпутатаў, дзяржаўны пераварот, забойствы палітычных апанентаў – і ўсё гэта пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам, “Пагоняй” і на беларускай мове? Уявіце сабе ільсьняныя лычы самазадаволеных БРСМаўцаў, якія пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам, з хлебам і сольлю, з “калі ласка” і “дзякуй” сустракаюць пасланцаў цемры – “Начных ваўкоў”. Уявіць проста не-маг-чы-ма! Таму ўся нечысьць, якія робяцца на нашай зямлі вось ужо трэці дзясятак год – усё пад чырвона-зялёным сьцягам і на расейскай мове.

І калі над гэтым разважыць, сапраўды становіцца зразумела, чаму Госпад гаворыць: “Не турбуйцеся і ня плачце, бо гэта Я забраў у яго Мой Сьцяг”. Нехта верыць у Госпада і Ягоныя адкрыцьці, нехта не, але згадзіцеся, на колькі такі стан рэчаў лагічны і ў вышэйшай ступені справядлівы! Ды на колькі гэта ўвогуле мяняе ацэнку тых ці іншых падзеяў – дзіцячыя сьлёзы крыўды становяцца сьлязьмі радасьці! Бо калі Госпад забраў Cьвятыя Cымбалі ў ліхадзея, то ён іх дасьць у рукі тым, хто ёсьць верны і справядлівы. Ён верне Бел-Чырвона-Белы сьцяг тым, хто прагне ўзьняць яго над Беларусьсю.

Давайце ўздымем Сьцяг разам – 14 траўня, у 21-ую гадавіну рэфэрэндума а 12 гадзіне на плошчы Кастуся Каліноўскага. Зробім гэта на знак таго, што рана ці позна, але Бел-Чырвона-Белы сьцяг і герб “Пагоня” стануцца ізноў дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі!

Зьміцер Дашкевіч

Падзяліцца:

Каментары