Дэпутата ўкраінскай Рады Ігара Гузя не пусьцілі ў Беларусь паводле патрабаваньня Расеі

Дэпутата ўкраінскай Рады Ігара Гузя не пусьцілі ў Беларусь паводле патрабаваньня Расеі

25 красавіка на беларуска-ўкраінскай мяжы народнага дэпутата Ўкраіны сп. Ігара Гузя сустрэлі супрацоўнікі мытні і КДБ. У машыне дэпутата правялі ператрус. Яму самому абяцалі забараніць уезд у Беларусь на 10 год.

— Беларускія памежнікі, разам з супрацоўнікамі КДБ, — кажа сп. Ігар Гузь, — сьцьвярджалі, што мяне не ўпускаюць у Беларусь па запатрабаваньні Расеі. Але афіцыйнай паперы не далі, спаслаўшыся на тое, што ня маюць права яе даваць.

Сп. Ігар мяркуе, што яго не пусьцілі ў нашую краіну з-за міжнародных пагадненьняў Беларусі з Расеяй.

— Напрыклад, — пракамэнтаваў сытуацыю памочнік Гузя Ігар Шчэкарэвіч, — калі цябе дэпартуюць з Расеі, то і ў Казахстан ты на такі ж тэрмін ня зможаш заехаць.

Але па факце тэма вайсковага канфлікту ніякім чынам закранутая не была. А аб афіцыйнай адмове беларускай мытні сьведчыць толькі штампа ў пашпарце.

У гэты прыезд было заплянавана правесьці сустрэчы з украінскімі дыпляматамі і дыяспарай у амбасадзе. Таксама сп. Ігар Гузь плянаваў сустрэчу са Зьмітром Дашкевічам і іншымі лідарамі беларускай апазыцыі, правядзеньне прэс-канфэрэнцыі і ўдзел у «Чарнобыльскім шляху».

— Але, напэўна, беларускія спэцслужбы ведаюць пра мой удзел у стварэньні ва Ўкраіне добраахвотніцкага атраду «Пагоня», — кажа дэпутат. — Дый пра 2005 год, калі я адбыў на Акрэсьціна 10 сутак за ўдзел у акцыі «Чарнобыльскі шлях», яны наўрад ці забыліся. І таму — гэта ўжо другі раз, калі мне афіцыйна забаранілі ўезд у вашую краіну.

Цяпер Ігар Гузь будзе дамагацца ад МЗС Украіны, каб яны выслалі ноту пратэсту, бо фактычна ён — намесьнік кіраўніка Камітэту замежных спраў. Народны дэпутат кажа, што ён ехаў у Беларусь дзеля наладжваньня сувязяў. Таму, як лічыць асабіста сп. Ігар, з боку ўкраінскага МЗС павінен быць сымэтрычны адказ.

Падзяліцца:

Каментары