Апошнімі днямі супрацоўнікі міліцыі наведваюць кватэры многіх актывістаў моладзевых апазыцыйных арганізацыяў у розных рэгіёнах Беларусі. Іх бацькоў папярэджваюць, што могуць завесьці крымінальныя справы. Частка актывістаў, апасаючыся перасьледу, сышла ў падпольле. Лідэры арганізацыяў лічаць, што новая хваля рэпрэсіяў скіравана супраць распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў. Раней ізалявалі актывістаў вулічных акцыяў.
Многія актывісты рэгіянальных суполак моладзевых арганізацыяў адчулі на сабе ўвагу з боку міліцыі і спэцслужбаў. У Нясьвіжы на
Насту Азарку,
Уладзімера Хоміча і
Максіма Кокарава пракуратура завяла крымінальную справу за графіці палітычнага зьместу. З актывістаў “Маладога фронту” ўзялі падпіску пра нявыезд.
У Шклове затрымалі і склалі пратакол за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў на маладафронтаўца Сержука Нягаціна.
У Наваполацку міліцыянты затрымалі актывіста “Маладога фронту”
Аляксея Трубкіна за налепкі “Мы хочам новага!”. У Жлобіне на
Эдварда Зелянкова склалі адміністрацыйны пратакол за надпісы на доме “За Свабоду! За Мілінкевіча!”. Пакуль невядома, ці завядуць крымінальную справу за графіці.
Лідэра баранавіцкай філіі “Маладога фронту”
Сержука Марчыка і лідэра гарадзенскай філіі
Яўгена Скрабутана за распаўсюд улётак выключылі з навучальнай установы. Гэта другое выключэньне актывістаў “Маладога фронту”. У Жодзіне на кватэру лідэра мясцовых маладафронтаўцаў і кіраўніка штабу Аляксандра Мілінкевіча Паўла Красоўскага некалькі разоў прыходзілі міліцыянты. Супраць Паўла яшчэ 11 студзеня распачалі крымінальную справу за абразу службовых асобаў. Падставай сталі карыкатуры на чыноўнікаў выканкаму, надрукаваныя ў газэце “Назіральнік”, якую выдае Павал.
Павал Красоўскі распавёў Радыё Свабода:
(
Красоўскі: ) “Я папросту хвалююся за сваіх бацькоў. Міліцыянты прыходзяць дадому, дэманструюць бацькам кайданкі, нейкія пастановы. Кажуць, што хочуць мяне забраць. Бацькі вельмі хвалююцца. Гэта адзінае, што мяне турбуе ў гэтай сытуацыі. Як працаваў, так і буду працаваць далей. Кайданкамі мяне не запалохаюць”.
Сустаршыня “Маладога фронту”
Зьміцер Дашкевіч лічыць, што мэтай ініцыятараў новай хвалі рэпрэсіяў ёсьць ізаляцыя тых сяброў арганізацыі, якія маюць досьвед і найбольш актыўна распаўсюджваюць агітацыйныя матэрыялы.
(
Дашкевіч: ) “Cпачатку ўлады нэўтралізоўвалі тых актывістаў, якія здольныя актывізаваць людзей на вуліцы і павесьці іх за сабой. Апошнімі днямі ўзмоцнены ціск адчулі тыя актывісты, якія могуць распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы, бо яны зьяўляюцца асноўнай сілай у выбарчай кампаніі. Нашы сябры разглядаюць гэта як перашкоду, а не спыненьне барацьбы”.
Актывісты незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў ад пачатку выбарчай кампаніі адчулі моцны ціск з боку ўладаў. Супраць іх было распачата шэраг крымінальных справаў. Некалькі чалавек адбылі адміністрацыйныя арышты ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку.
9 сакавіка ў Цэнтральным судзе Менску пачнецца суд над актывістамі руху “Зубр”
Аляксандрам Казаковым і
Зьмітром Зубром за палітычныя графіці. Хлопцаў абвінавачваюць у супраціве міліцыянтам падчас затрыманьня. Актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч за графіці знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Яго абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Тэрмін сьледзтва падоўжылі да красавіка.
[6 сакавіка 2006]
Паводле www.svaboda.org