Ідзі і глядзі. Што застаецца пасля сеансу нязгоды

Ідзі і глядзі. Што застаецца пасля сеансу нязгоды

Гэта як алкаголь: спачатку прадчуванне смаку, потым б’е ў галаву, крыху губляеш арыентацыю, думкі як мятлушкі, малюнак рухаў непрадказальны. Хочацца ўсяго і адразу. А потым? Альбо даганяцца, альбо зваліць. Каб наступным ранкам адчуць фатальную пустэчу ментальнага афтэпаці: падзея скончылася, а вось мы – яшчэ не. Яно сапраўды як алкаголь. Толькі насамрэч завецца публічнай палітыкай. Файны беларускі экстрым. Супольны праект “Гэта мы, Госпадзе!” – брутальныя і ахвярныя, мужныя і баязлівыя, ваяры і назіральнікі, хто справа, хто злева, разам паасобку, напішы паштоўку свайму вязню. Колькі разоў на год ёсць шанец сябе паказаць. Тым і іншым. Каб потым жыць спасылкамі ды рэзанансамі. Да чарговага шоў нашае свабоды.

Напэўна, мы занадта залежныя ад рытуалаў: прыдумалі каляндар падзеяў і графік руху, распісалі ролі, размеркавалі тэкстоўкі ды тэматычныя прылады (каму сцягі, каму аўтазакі), вызначылі пляцоўкі – і валім сабе паводле папярэдняй дамовы. Тэатрык сезонных пасадак: мы выходзім, яны вінцяць. Як год таму. Як дваццаць год таму. Усё прадказальна. І безнадзейна. Для абодвух бакоў. Ніхто не гуляе на перамогу – бо не мае рэсурсаў перамагчы. Як той кажа, same old blues again.

Вулічная дэмакратыя ператварылася ў медыяпрэзентацыю, слайдшоў без шанцаў паўплываць на рэчаіснасць. Каментары адпаведныя: “Прышпільны дзед, уцёк ад АМАПу! Малайчынка дзяўчынка, так годна ідзе ў аўтазак! Коцік Дашкевіча знайшоўся! А той у вязніцы тройчы Горвата прачытаў!”. І, сінхронна, з іншага боку: “Міліцыя ўсё рабіла па законе! Ніхто нават дручкоў не даставаў! А тыя ўсе лаяліся матам! Ён сам сабе галаву разбіў ды нос зламаў! Яны ладзілі фашысцкі пераварот! Вас не вінцілі – вас ратавалі ад шахідаў!”. Хто гэтаму паверыць? Ды якая розніца! Галоўнае прамаўляць гучна. Настойліва. І не пераблытаць тэксцік. Трэба, каб была падзея. Нават калі яе не было.

Істотнае губляецца ў стандартных інфармацыйных шумах. Прызвычаіўся – і ўжо іх не чуеш. А спікеры і не заўважаюць. Бо таксама па завядзёнцы вяшчаюць у пустэчу. Усе гэтыя экранныя агіткі пра “белыя легіёны ды чорныя душы” – не зварот, а справаздача.

Што дадае да агульнага разумення сітуацыі наш публічны “глабальны комікс” (Ігар Бабкоў)? Вострае адчуванне сваёй неабавязковасці. Палітыкі вяшчаюць. Сведкі хлусяць. Замежжа мроіць. Эксперты раскладаюць пасьянсы. Медыі робяць сэлфі.

Глядацкі фан, медыйны драйв ды акторскі трэш – тры падставовыя складнікі публічнага рэзанансу падзеяў нашай “гарачай вясны”. Трыумф забаўляльнага жанру.

Што з гэтым рабіць? Прыняць як факт. Як частку лакальнай поп-культуры, дзе палітычны чыннік дагэтуль застаецца атракцыйным для капітанаў нашых думак. Там коцікі трапляюць у ахвяры рэжыму, “Белы легіён” вечна жывы, як Ленін, феміністкі абяцаюць грамадзянскую вайну, кніганошы рыхтуюць тэрарыстаў ды хаваюць па лясах арматуру, а мужныя журналісты, адсядзеўшы суткі, прызнаюцца ў каханні ледзь не пад мурамі сваёй вязніцы. Іншай медыйнасці я для вас не маю. І яны, вытворцы сэнсаў, таксама.

Магчыма, галоўная адметнасць наяўнага стану грамадства – дэвальвацыя падзеяў. Дакладней, кіраваных падзеяў – тых абставінаў, якія нам прапануюць лічыць падзеямі. Акцыя 25 сакавіка з боку дзяржавы была брутальнай дэманстрацыяй моцы ў стылі “ўсё пад кантролем” (з бонусным парадам спецтэхнікі) – бо ўцямнага сюжэту, як ні шчыравалі “абаронцы нашага спакою”, дагэтуль не склалася. Абгрунтаванне дзяржаўнага гвалту навобмацак шукаецца наўздагон. Ліхаманкава падбіраюць вінаватых. Лепяць мазаічную карцінку са смецця – бо болей няма з чаго. Ствараюць падзею пасля (нібыта) падзеі. Падаецца, што сістэма адпрацавала, не прыходзячы ў прытомнасць. Але ж і пераканальнай контргульні (і контррэжысуры) таксама не адбылося.

Палітычная ангажаванасць страціла моц. Бо найлепшым агітатарам супраць status quo ёсць той самы status quo. Супраць сістэмы працуе якасць сыстэмы.

Не трэба чытаць пра мізэрныя заробкі – проста атрымай грошы і зазірні ў краму. Не варта пераконваць, што з “хлопчыкамі ў чорным” штосьці не так: хопіць зазірнуць ім у вочы. Ці проста колькі разоў адвезці перадачкі сябруку: прыйшоў дапамагчы табе ў краме, калі побач вінцілі “няправільных”, – і сам сеў на ўсе пятнаццаць. Няма сэнсу даводзіць, што закон не трэба шукаць ні ў пастарунку, ні ў суддзяў, – хопіць аднойчы пачуць, як круцяцца колы айчыннага правасуддзя. А каб даведацца, як гадуюць нацыянальную свядомасць, проста запытайся ў мясцовай школцы, ці ведаюць дзеткі, што такое “Народны альбом”. І палічы, колькі скажа “так”. Хочаш свабоды? Дык выходзь на пікет. Мо пяць хвілін і прастаіш.

Асабісты досвед – найлепшы агітатар. Побач са смеццевай прапагандай ды вулічнымі сімвалічнымі спектаклямі (з адпрацаванай рэжысурай гвалту і супраціву) сёння маем сур’ёзную нізавую плынь: сталую прысутнасць грамадскай нязгоды, банальную штодзённасць сацыяльнага дыскамфорту. Зона якой стыхійна пашыраецца з кожнай ідыятычнай пастановай і бязглуздым хапуном.

Раней шукалі праўды, прасілі, пракліналі ды плакалі. Цяпер – новы трэнд: спакойнае бачанне роднага абы-што. Усміхніся, за намі АМАП. Класная фотка!

Альбо інакш: ну, пасадзілі. Ну, адсядзеў. З кожным можа здарыцца. Яны лайно, а ты маладзец. Нармальна. Трымай цукерку.

Гэта больш за палітыку. Альбо менш – гледзячы як лічыць. Але як ні лічы – першасны досвед грамадзянскасці.

Максім Жбанкоў, budzma.by

Падзяліцца:

Каментары

  1. Anatol Starkou (Apr 18, 2017:13:08)Адказаць

    Люблюя гэтага аўтара Максіма Жбанкова. Адзінага з беларускіх. Ну і сябе таксама люблю. Не магу не любіць сябе любімага…

    ЗМАГНЯ

    – Спачатку Кантора схапіла КатА
    – По-русски царапал в подвале!
    Затым прыхапіла ў астрог Змагара.
    Бульдозер цягнуць не жадалі.
    З падпіскай пусцілі да дому КатА,
    За ім Змагара адпусцілі
    Такая з уладаю трэцца змагня…
    – Ага,
    Бульдозера ўсім не хапае.
    – Нядоўга Бульдозер чакаў Змагара,
    Нядоўга Кацяра мявукаў,
    Кантора зноў ловіць пісаку-Ката
    Такая, блін, братка, навука.

    Верш мой ЗМАГНЯ не надрукавала Наша Ніва, а СВАБОДА надрукавала… (1) Паглядзіце нядаўнюю тэму Андрэя Дынько і іншыя пра хапун. Там у каментах я пісаў, што змагары атрымаюць “прэмію” (штраф) і праз пару тыдняў будуць дома. (2) Вам, гляджу, няма чым заняцца на Беларусі, дый не разумееце, што ўлада цацкаецца з вамі як котка з мышкай. Або грае мускуламі ў сваіх (зразумела дзяржаўных) інтарэсах. Нагадаю, што той хапун адбыўся перад сустрэчай кіраўнікоў РБ і РФ у Піцеры. (3) Калі б вы гэта разумелі, то не ляпілі б сябе на пустым роўным месцы чарговага нацыянальнага героя адраджэння, як амаль 30 год таму, ды заняліся б чым-небудзь карысным для Бацькаўшчыны. Напрыклад стварылі б Партыю Наша Ніва, якая ў капіталістычнай будучыні адстойвала б нацыянальныя інтарэсы беларусаў. Іншымі словамі ўлада хоць і цацкаецца з вамі, але за 23 гады стала дарослай, сур’ёзнай. Гэта вельмі добра, што на Беларусі ёсць улада – значыцца нарэшце ўпершыню ў нашае гісторыі з’явілася дзяржава Беларусь.

    Строй у нас правільны. А ў 2017 годзе стане яшчэ правільней. З’явіцца навейшы беларускі НЭП (Новая Эканамічная Палітыка), то бок дадатковы ці пашыраны дазвол на мелкі бізнес. Пасля чаго з’явіцца Новая Канстытуцыя, якая паверне існы ўклад / строй дзяржаўнага капіталізму (маёмасць належыць дзяржаве) ў бок прыватнай уласнасці – ў бок звычайнага капіталізму, і тыя бізнесоўцы, якія штосьці заробяць падчас навейшага беларускага НЭПу змогуць набыць маёмасць для сваіх будучых бізнес спраў. Тыя ж хто будзе па-ранейшаму скакаць на бульдозеры з б-ч-б сцягам будуць па-ранейшаму спецыялізавацца ў падскоках на бульдозеры. А грамадства і грамадскі уклад / строй пойдуць далей сваім беларускім эвалюцыйным шляхам развіцця. Куды? Туды куды ідзе ўсё прагрэсіўнае чалавецтва. Туды і мы. Разам з ім.

    Сёння бачу, што Беларусь і Расея ідуць у розныя цывілізацыі, а таму ніколі болей адной дзяржавай не будуць. Бо беларусы спазналі гэта салодкае слова СВАБОДА. Свобода от России.

  2. Anatol Starkou (Apr 30, 2017:02:10)Адказаць

    Догнал я, Наша Ніва.
    Не подписывали эти детки из Молодого Фронта бумаги о сотрудничестве с Комитетом Государственной Безопасности Республики Беларусь. Они подписывали бумаги с фантомом. Как я догнал это – не скажу. Но догнал.
    Фантом – это официально не существующая в государстве Республика Беларусь, но в действительности существующая в государстве Республика Беларусь специальная политическая сила с сверх или над конституционными полномочиями – это мое название и моя характеристика этой силы.
    Я освобождаю вас, детки из Молодого Фронта, от волнений и тревог по поводу якобы ваших подписок о сотрудничестве с КГБ РБ. Тебя белорусский Молодой Фронт освобождаю и очень многих белорусских людей освобождаю, которые подписали подобные бумаги до или после 19 декабря 2010 года.
    Будьте здоровы. Живите спокойно.