“Ігра”. Артыкул Зьмітра Дашкевіча

“Ігра”. Артыкул Зьмітра Дашкевіча

Людзей ламалі і ламаюць цяпер. На волі і ў турмах. Аднак Зміцер Дашкевіч дэманструе волю, годнасць і нязломнасць у абраным шляху. Да Вашай увагі прадстаўляецца наступны артыкул Дзмітрыя: “Ігра”. Калі нехта дагэтуль думае, што турма — гэта не так страшна, троху горай за санаторый або інтэрнат, паверце, гэта не так. Гэта вялікае выпрабаванне, дзе кожная памылка можа каштаваць жыцця альбо, прынамсі, здароўя.

—  Гэта нешта нерэальнае! – равеў Сяргей, разводзячы рукамі. – на пятнаццаці  бярэ яшчэ і цягне шасцёрку! Слыш, тытанік, у цябе мо там сканэр?

—  Не. – адказваў з усмешкаю шыракаплечы зэк з прыгожымі, правільнымі рысамі твару і змяцінаю на галаве ды выкладваў 21-но на стол.

—  Слыш, Ваван, — аклікнуў Серы свайго сябра, — ты глянь што робіць – усю баню[1] сарваў

Валодзя – сматрыла за хатаю, падышоў да абшчака[2], на якім ляжала складзеная напалову коўдра. Для мясцовага казіно было прымальным, што колер ігральнага стала быў шэры, а не зялёны. Самае галоўнае, што ў лепшы бок адрознівала дадзены ігральны дом ад канкурэнтаў – стаўкі маглі быць любога памеру. Абмежаванняў не існавала.

—  А ну, давай-ка, банкуй[3] і на мяне! – харахорачыся прамовіў Валодзя і пацёр далоні.

Чарга банкаваць была шыракаплечага – Пятрухі. Ён узяў пацёрты стос[4]  у рукі, з паўхвіліны ператусаваў яго і, склаўшы роўна калоду, акуратна кінуў яе на шэрае. Гена, не па-турэмнаму поўны арыштант, па той прычыне, што знаходзіўся справа ад бакуючага, сняў верхнюю палову стоса і гэтак жа акуратна кінуў яе побач з ніжняю. Пятруха правёў адваротны манеўр: паклаў ніжнюю палову на верхнюю і пачаў раздаваць на пяць чалавек.

Першаму ён даў карту Сяроге – хударляваму зэку гадоў 33-х, са стомленым тварам і хітрымі цёмнымі вачыма, пад якімі занялі сваё законнае месца вялікія шэрыя мяхі, патлумачыць наяўнасць якіх можна было доўгімі, начнымі партыямі ў храпа, рамса, тысячу і дваццаць адно. Другім карту атрымаў Вова, каторы адразу схапіў яе і паднёс да вачэй. Валодзя выглядаў троху лепш свайго кампаньёна, бо хаця б зрэдку, але клаўся спаць. Пакуль ён круціў карты каля свайго акругленага, заросшага чорнаю шчацінаю твару, Пятруха ўжо клаў наступную побач з Паўлам па мянушцы Кашэль – маладым плотна складзеным хлопцам гадоў 24, у каторага толькі кісць правае рукі выратавалася ад самаробнае машынкі зонаўскага масцебойцы. Чацьвёртым карту атрымаў Генадзь. Пятую Пятруха паклаў побач з сабою і зрэзаўшы карту – паклаўшы ніжнюю наверх калоды, глянуў на Сярогу і прамовіў:

— Стаўлю 20.

— Прымаецца, — адказаў той, — на 20. — і, працягнуўшы руку, дадаў:  — Адну.

Пятруха выдаў ніжнюю карту, глянуўшы на якую Сярога скрывіўся і рэзка крыкнуў:

— Яшчэ!

Атрымаўшы дабаўку і прасвідраваўшы яе позіркам, Серы кінуў усе карты на стол.

— Перабор.

— Баня – 40. – прамовіў Пятруха, склаўшы адыграныя карты дагары малюнкамі на калоду, якую надзейна трымаў, накрыўшы вялікай далонню левае рукі.

— На 40, — рашуча заявіў Валодзя, -дзве!

Круп’е  адлічыўшы на шэрую коўдру адразу дзве карты, якія Вова хутка схапіў, абедзвюма рукамі паднёс тры свае карты да твару і гледзячы на першую, пачаў павольна выштурхоўваць з-за яе дзве невядомыя. Калі апошнія паўсталі перад вачыма Валодзі, ён зрабіў незадаволены выгляд і прыкрыкнуў:

— Патрон![5]

Атрымаўшы чацьвёрткую карту, Валодзя правёў той самы павольны рытуал, і як толькі вугалок карты вылез з-за спінаў трох папярэдніх, ігрок з размаху шпурнуў іх на стол. Было зразумела, што ў яго скласці дваццаць адно не атрымалася гэтатаксама.

Пятруха спакойна сабраў раскіданыя на стале патроны і паклаўшы іх на адыграныя, глянуў на трэцяга Пашу, каторы задаволена і раслабена круціў сваю стартавую карту ў руках.

— Колькі ў бане?

— 80. – адказаў банкуючы, ён ігру ўспрымаў гэтак жа непрадузята, як і замаляваны масцяны весяльчак.

— Ну, давай на саракет. Накідвай дзве!

На шэрае лягло дзве карты, якія Паша Кашэль хутка падняў, адкрыўшы такім чынам, што іх, пры жаданні, мог падлічыць кожны ігрок. І такое жаданне было ва ўсіх, апроч аднога Пятрухі. Але яму гэта і не спатрэбілася б, бо вясёлы карцёжнік з гогатам ляснуў дзвюма толькі што атрыманымі картамі аб стол. Гэта былі туз з дзесяткаю, паверх якіх лягла трэцяя – валет.

— Не, ну на валета падняць[6] дваццаць адно – гэта трэба ўмець! – радасна крычаў Павал, прайграўшы 40 пачак двушак[7].

Тры ягоныя карты, ляглі туды ж, куды і папярэднія. А Пятруха перайшоў да чарговага жадаючага зарабіць.

— 120. На колькі?

Вочы гены бегалі туды-сюды, нервова аглядаючы ігракоў.

— Ну што марозіш[8]? – гаркнуў Сярога, катораму хацелася па-хутчэй разыграць гэтую баню, каб чарга банкаваць перайшла да яго.

— На 30. – прамоў Генадзь з такім выглядам, быццам сабраўся ісці на справу. – Давай адну.

Пакладзеная на стол карта была рэзка паднятая мажнаю рукою. Не паказваючы суперніку эмоцыяў, Генадзь папрасіў яшчэ адну, азнаёміўшыся з якою прамовіў:

— Сабе.

Пятруха адкрыў сваю карту і паклаў яе на стол. Гэта быў кароль. Круп’е, цвёрдым рухам рукі, дастаў чарговую, якою апынуўся таксама кароль. Гэткі набор задаволіць ніякага іграка не мог – трэба было цягнуць. Пятруха палез у калоду, дастаўшы адтуль яшчэ аднаго караля. Такі расклад зацікавіў усіх і пяць пар вачэй пільна ўставіліся на трох каралёў, чакаючы, што ляжа на стол наступнае. А класці нешта трэба было, бо спыняцца на дванаццаці ніяк не выпадала. Пятруха палез за чацвёртаю картаю і, якое ж было ва ўсіх зьдзіўленне, калі побач з трыма, сваё месца заняў чацёрты кароль. Вакол стала пачалі збірацца балельшчыкі, якія разам з ігракамі, даваліся дзіву.

— Што творыцца, га?!

— Во, выдае – чатыры каралі сходу!

— Ды харош, на шаснаццаці можна і тармазнуцца.

На чатырох каралях і сапраўды можна было спыніцца – рызыка перабраць была вялікаю. Але Пятруху гэта мала цікавіла і таму, доўга не разважаючы, ён пацягнуў яшчэ адну. Яму пашанцавала – да каралёў далучыўся валет. Пятая запар карцінка[9] — выпадак рэдкі, а васямнаццаць вачэй – даволі неблагі вынік для таго, каб сказаць: “Стаю!”, але, насуперак тэорыі верагоднасці, Пятруха сказаў:  “Давай-ка ішчо!”, пляснуўшы аб стол шостаю картаю. Гэтым разам усё абышлося згодна з законам Ньютана – на стол прызямлілася сямерка.

— Во, ненармальны!

— Пятруха, ты ўва што іграеш-та ўвогуле?

— Не, ну ты падарваны чэл!

Балельшчыкам і ігракам было чаму здзіўляцца і сапраўды.

— Што робіцца?! – крычаў Паша. – Каб на васемнаццамі, ды цягнуць яшчэ!

— У мяне проста чуйка[10] было, — як заўсёды ўсміхаючыся, апраўдваўся Пятруха, -што выцягну жваццаць адно шасцю картамі, але, баш, на шостай асёкся.

—  Гэта як – чуйка?  — запытаўся са здзіўленнем нават я (па маладосці любіў гуляць у азартныя гульні і такога раскладу не мог зразумець таксама).

— Ну так, я сабе сказаў: “павінна быць чатыры каралі, валет і дама”. Вось я і падняў чатыры каралі, вальта потым, а з дамаю трошку памылўся.

— Н-да, вясёлы ты хлопец. – згадзіўся я і пацікавіўся, паказваючы рукою на ягоную галаву: — У ця, мо, там і сапраўды сканэр?

— Не – тытан! –адказваў Пятруха і пагладзіў далонню ўмяціну на сваёй галаве.

—  Аварыя?

— Ага, на матацыкле ў гараж урэзаўся. Каб у шлёме быў, дык звярнуў бы шыю. А так, прабіў башкою сцяну. З таго часу з тытанам і хаджу.

— Тады ўсё зразумела. – пажартаваў я, ляпаючы Пятруху па плячы. – Ты толькі глядзі акуратней тут. З такою ігрою можна прайграць і тое, што ёсць, і тое, чаго няма.

Даўшы параду, я пачаў збіраць кучу лістоў, аркушоў і іншых паперак, якімі абклаў, нароўні з казіно, добрую траціну абшчака. Безумоўна, мне не хацелася губляць месца пад лампачкаю, але з 22 да 23 у мяне была запланавана малітва, і таму я пачаў збірацца. Праўда, малітва –гэта гучна сказана для такога бедламу на 45 галосячых галоваў, якія імкнуцца перакрычаць адзін аднога, целік і радыё “Пілот”.

Нават на волі, у ціхай спрыяючай для таго абстаноўцы, чалавек (чалавек веруючы) не заўсёды знаходзіць час, каб “спыніцца і спазнаць, што Гасподзь ёсць Бог”, як заклікае Давід у 45 псаломе. Цяжка, вельмі цяжка, нават амаль немагчыма выканаць гэты заклік чалавеку разумнаму. Тым больш, калі заўважыць, што слова “спыніцца”, на старагабрэйскай мове, азначае – вызваліцца. Ну і дзе ж ты там вызвалішся сярод тае калатнечы –безлічы справаў у імя чагосці, пераважная большасць з якіх – і чалавек крытычны з тым пагодзіцца – амаль суцэльная, безвыніковая марнасць.

Не маючы, ціпа абгрунтаваных мажлівасцяў вызваліцца ад суеты на волі, здавалася б, атрымаецца зрабіць гэта хаця б тут – у турме. Ну і сапраўды, што можа быць лепш за камеру, дзеля таго, каб нарэшце ўгаманіцца, агледзіцца і аднавіць правільную іерархію каштоўнасцяў? Але ж не! Не хочацца спыняцца нават у следчым ізалятары. Знаходзіш сабе вельмі шмат жыццёва неабходных справаў: тут і патрэба перачытаць класіку ўзнікае, і на стосы лістоў адказаць трэба, і надзвычай важка прачытаць усе газеты, пакуль у іх не пазакручвалі зэкі сала, і проста неабходна вырваць у каго-небудзь з рук тазік ды памыць адзёжу. Але каб спыніцца? – не, не, не! Ніяк нельга! Няма часу.

Чалавек разумны, ён жа – чалавек рацыянальны, ды па гэтай прычыне далёкі ад Бога, ёсць надзвычай цвёрдалобаю істотаю. Для такіх чым горш, тым лепш. Тады прадстаўнік гэтага падвіду пачынае разумець, што вызваліцца ўсё ж вельмі трэба. І нават ужо вельмі хочацца. Дзеля таго, каб хаця б троху, але пагаварыць з Тым, Хто яго стварыў. Запытацца, як у Яго справы? Распавесці Яму пра свае. Паспрабаваць даведацца Ягоны прыгожы план, а выведаўшы – яго рэалізаваць.

Нехта з гэтым не згаджаецца, і спрабуе будаваць свае, быццам бы дасканалыя планы. Часам нават гэта дае кароткатэрміновы вынік. Але па прашэсці пэўнага часу, чалавека спасцігае поўны калапс. Ва ўсіх сферах.

Карацей, разважыў я такім чынам, што і ў гэтым гармідары Гасподзь можа пачуць зэка, і таму вызваліў адваяваны кавалак лавы, а разам з ёю і частку сваёй, хаця і не прашытай тытанам, але і даволі-такі цвёрдай чэрапна-мазгавой каробкі.

Я хадзіў туды-сюды збоку ад гульцоў і імкнуўся абстрагавацца ад рэчаіснасці, калі пачуў перабіваўчы нават “Пілот -FM” крык Паўла:

— Дык тут жа 35 карт!

— Як 35? – запытаў Пятруха. – не можа быць!

— Ну давай, падаб’ем[11]. – адказаў Паша і расклаў на стале 6 радочкаў, у апошнім з якіх не хапала адной карты.

— Цікава, як мы так іграем?

— Давай-ка, я пералічу. – упэўнена заявіў Сярога, каторы стаяў тварам да тарца стала. І я, праходжваючыся якраз за ягонаю спіною, заўважыў схаваную ім у далоні карту.

Паша Кашэль сабраў 35 карт і перадаў стос Сяроге, каторы са словамі: — Ды не, мужыкі, нешта не то! – пачаў яго пералічваць. Увага ўсіх ігракоў і незалежных назіральнікаў была накіравана на рукі старшыні падліковай камісіі, у якіх пераўвасаблення 35 карт у 36 не адбылося. Здзіўленыя аднапартыйцы (ігра – гэта ж таксама партыя) кідалі падазроныя позіркі адзін на аднога. Толькі Серы паглядаў з-пад броваў хітра, разважаючы над тым, як бы гэта прылаўчыцца і ўсё ж правільна падлічыць калоду.

— Дык, мо, мы так і ігралі ад пачатку?

— Якое там, адразу ж пералічвалі!

— Можа памыліліся? – не супакойваўся прастадушны Пятруха і ўзяўшы стос, пачаў яго таксама правяраць.

Аднак арыфметыка працягвала ўпарта цвердзіць сваё – 35.

— Ну і фік з ім! – узняўся з лавы Валодзя і міргнуў свайму напарніку. – Якая тут розніца? Можна ж іграць і так!

— Так яно б можа і можна, каб нехта карты не краў. – абазліўся Паша. – Я баню проста так не аддам!

— Дык ты, ё-маё, калі банкаваць пачынаеш, павінен падлічваць стос! – перайшоў у наступ Сярога, заўважаючы на сабе незадаволеныя позіркі.

— Я што, у дурдоме, каб кожны раз пералічваць?! Мы так да хлябоў[12] баню не распішам.

—  Гэта твой абавязак перад раздачаю. – пацвердзіў таксама і Вова.

Але Паўлу разжоўваць правілы не было патрэбы, таму ён не стаў працягваць спрэчку. У гэты ж момант,  калі назіральнікі страцілі пільнасць,  Сярога ізноў узяў калоду ў свае рукі:

— Давай хаця б праверым чаго няма. – прамовіў ён быццам бы абыякава і пачаў раскладваць карты па вартасці.

Усе з цікаўнасцю захацелі высветліць, якой жа карты няма, мяркуючы, канешне, што Серы не далічыцца туза. Але тым большае было здзіўленне не толькі незалежных назіральнкаў, але і шэраговых членаў камісіі, калі па завяршэнні падліку ўсе ўбачылі 9 радкоў па 4 карты. Правільная лічба, якой так доўга дамагаўся кіраўнік мясцовага ЦВК, нарэшце, атрымалася.

— Усе на месцы – раздавай.

— Да ты што, на прыколе?! – абурыўся Кашэль. – Мы ж усё пры табе падлічвалі! Тры разы. Было трыццаць пяць. І як тут магло ўзяцца трыццаць шэсць?

— А адкуль я ведаю? Я ж таксама пры табе падлічваў!

— Не, блін, я падкрэсліваюся![13] Я што, у натуры[14] ў дурдоме, каб за пару блокаў курыва карты красці. – кінуў засінены арышант свае апошнія словы ў гэтай гульні і падняўшыся са стала, шматзначна глянуў на шулера.

—  Ты што базарыш[15], ваабшчэ?! – зрабіў кепскую міну пры кепскай жа гульні Сярога. – Хто гэта і што тут краў? Ты глядзі, я на твае ходкі[16] не пагляджу – за такое і адбіць мазгі можна.

— Ды мне начхаць – я падкрэслены. Нафіга мне такія гульні? Падлічы, на колькі я патрапіў.

— Падлічу. А з базарам наступны раз будзь асцярожны, бо паставіць[17] на бало хто-небудзь хутка. – папярэдзіў фальсіфікатар і зласліва прыжмурыўшы вочы, дадаў: — Не ўсе такія добрыя, як я.

— Канешне-канешне, глядзі толькі, каб цябе самога рана ці позна не паставілі за такія фокусы.

— Не, ну ты што мелеш-та?! Ты рызыкуеш скураю.

— Ён будзе яшчэ і скураю маёю пагражаць! – іранічна адказаў Паша, праходзячы побач са мною. – Базары скончаныя. Я тут больш не пры справах.

— Не, пастой, цяпер базарыць буду я! – равеў Сярога, падняўшыся над сталом і махаючы ў бок Пашы рукою. – Ці ты адказваеш за свае словы, ці мы будзем разбірацца па-іншаму.

— Паслухай, Паш, — сказаў я, назіраючы, што для яго падзеі разгортваюцца не па лепшым сцэнары. – Калі будуць праблемы, я гатовы пацвердзіць, што Сяргей карту скраў, я бачыў.

Паша здзіўлена паглядзеў мне ў вочы.

— Да ты што? Дзякуй, Дзімон! Я адразу зразумеў, што чэл муціць. Вельмі зарабіць хоча. Але ж ці на сваіх нажывацца, халера ты яго бяры?!

— Але ж ты сам сеў іграць.

— Дык я так- прыкалоцца трахан, час правесці. А гэты? – і Паша кінуў у бок стала. – Пэўна прасёк, што Пятруху – сканэра яму не разуць і давай тузы тарыць[18] . Але разводзіцца[19] за некалькі блокаў двушак?.. Павал махнуў рукою і пайшоў падлічваць цыгарэты.

Аднак не паспеў ён яшчэ дастаць з-пад шконкі кешар, як да яго ў хадок прыляцеў на разборкі Сярога.

— Дык я так і не зразумеў, — прыкрыкнуў ён,  — як з тваімі заявамі будзем?

— Паслухай, я за свае словы адказваю! – таксама на павышаных танах адрэзаў Паша. – Я проста не жадаю сварыцца ды выносіць смецце з хаты.

Паша сказаў гэта, бо Валодзя – адказны за хату, пад прыкрыццём каторага і працаваў Сярога, быў Пашыным сямейнікам[20]. І калі б пачаліся разборы палётаў, а яны адбываюцца, найперш, пасродкам адпісак вышэй стаячым сматрылам, у Валодзі маглі ўзнікнуць праблемы. Не, яму б ніхто не прад’явіў[21] бы – дэ юрэ ён у гэтай гісторыі быў не пры справах, але цень шулерства на яго б лёг. А з-за гэтага ў некаторых калектывах на такога чалавека паглядалі ўжо скосу. Не, не за тое, што дурыў, а за тое, што дурыў свайго.

— Ты не жадаеш, — думаючы, што Паша проста баіцца,  — равёў Сярога. – дык я жадаю!

— Базараў няма, мы тады разрулім[22] гэты рамс[23] інакш.

Разрульваць канфлікт пайшлі да Валодзі, каторы увасабляў судовую ўладу першае інстанцыі. Пакуль карцёжнікі вырашалі, хто крайні, я заварыў сабе гарбаткі. Было відавочна, што без маіх паказанняў пасяджэнне не абыдзецца . І сапраўды: праз некалькі хвалінаў з хадка Валодзі выбег спуджны махляр. Ён праціснуўся ў іншы бок хаты, дзе ля дзвярэй стаяў я.

— Дзе гэтая апазіцыя?- крыкнуў Сярога, заглядаючы ў праходы паміж нарамі і быццам не заўважаючы мяне.

— Тут, – адказаў я.

— Хадзі-ка сюды. Базар ёсць.

Мы зайшлі ў хадок, дзе знаходзіліся Валодзя і Павал.

— Ты якога лезеш у ігру? – гледзячы на мяне злобнымі, пачырванелымі вачыма запытаўся шулер, калі мы ўселіся на шконкі адзін насупраць другога.

— Я не лезу. – спакойна адказаў я.

— Як не лезеш?! – аскаліўся Сярога. – Ты сказаў пра карту?

— Я.

— Дык якое ты маеш права ўмешвацца? Ты ж сядзеўшы! Ведаеш, што за гэта робяць?!

— Ведаю, але табе няма ў чым мяне абвінаваціць. Я ўсяго толькі пацвердзіў Пашыны словы.

— Так, тады, калі я быў ужо падкрэслены. – дадаў Паша, даводзячы, што ігра была ўжо завершана, і ён у ёй не ўдзельнічаў.

Цяпер ужо Павал прыкрываў мяне, бо па турэмных правілах ігры ніводзін чалавек, каторы па-за ігрою, не мае права ўмешвацца ў яе. Што б там не адбывалася. Страціўшы галоўны аргумант, Сярога сумеўся. Яму не было чым крыць. Валодзя таксама ніякавата паглядаў на свайго напарніка. Пры Паўле абвінаваціць мяне было цяжка, бо тады трэба было б падкрэсліваць[24] нас абудвух.

— Карацей, мужыкі, да мяне прэтэнзіі ёсць якія? – запытаўся я, не жадаючы разводзіць пустую баўбатню далей. І, паслухаўшы ў адказ маўчанне, выйшаў з хадка.

Праз пару хвілінаў адтуль выйшаў і Паша, ды падышоўшы да мяне, прамовіў:

— Не парся, Дзімон! Усё гэта безпантовыя[25] базары.

— Я разумею, было б з-за чаго тут парыцца. А ты сам да чаго дагаварыўся?

—  Не жадаю скандаліць я, аддам яму два блока прайграных двушак і няхай ён імі задушыцца. – адказаў Павал і накіраваўся за цыгарэтамі.

Я таксама пайшоў займацца справаю – вырашыў ўвязацца ў барацьбу за месца на лаве ды чыркануць да перасменкі[26], якая была ў мяне а 2 ночы, пару лістоў. Аднак не паспеў я яшчэ прыдумаць, на кім з зэкаў, каторыя абляпілі абшчак з усіх бакоў, спыніць свой выбар, як зноў пачуў голас Сярогі:

— Апазіцыя, падыдзі сюды.

Канешне, можна было б дыпламатычна, ці не вельмі адаслаць прагучага разборак карцёжніка, але, з-за лексічнае цікаўнасці, я вырашыў паслухаць дробнага камбінатара.

— Я думаю, мы ўжо ўсё вырашылі.

— Сядай,- прапанаваў мне Сярога замест адказу.

Я прысеў.

— Не магу зразумець, для чаго ты гэта зрабіў?

— Што гэта? – перапытаў я дзеля праформы. Бо “што”, было зразумела і так.

— Сказаў пра карту.

— Ты мяне ўсё роўна не зразумееш.

— Ну  я хаця б паспрабую.

— Я проста жадаў дапамагчы Паўлу.

— Дык а хто ён табе такі?

— Як і ты.

— А я – ніхто!

— Ну і ён тое ж самое.

—  Навошта тады табе ўсё гэта?! – не мог супакоіцца Сярога. – Ты разумееш, што твае словы —  гэта нішто? Хто ты такі? Ты – просты мужык[27], нават не брадзяга[28].

— І што з гэтага?

— А тое, што калі б мы дзе-небудзь разбіралі гэты рамс, твае словы нічога не азначалі б! Табе проста мроілася гэта карта, і ўсё.

У адказ я ўсміхнуўся, але Сярога ўжо мала звяртаў на мяне ўвагі.

— Ты не разумееш, што ты забраў у мяне хлеб? Я гэтым зарабляю! Табе ёсць каму дапамагаць, а мне няма. Таму я іграю ва ўсё, ты, мабыць, заўважыў?

— Заўважыў.

— А як я іграю – гэта ўжо мая справа! Калі ты не ведаеш, у карты нельга дурыць толькі вара[29] — тлумачыў мне сутнасць прафесіі шпілявы[30]. – А ты ўлез туды, куды ўлазіць нельга.

— Гэта праўда. Увогуле не разумею чаму Серы вас так проста адпускае? – сказаў Валодзя тое, што не мог сказаць пры Паўле. —   Я б на ягоным месцы вам абодвум мазгі адбіў і выставіў[31] вас на лавэ[32]. І вы заплацілі б столькі, колькі б я вам сказаў.

Слухаючы гэтыя празрыстыя намёкі, я больш дзівіўся не пачутай выснове —  любіцелі картачных іграў зараблялі сабе на жыццё, а таму, што Валодзя адносіцца да свайго сямейніка, з якім па волі пракалолі разам не адну тысячу, зусім інакш, чым Паша да яго. Для большасці наркаманаў — гэта натуральная з’ява. (Хаця, хутчэй за ўсё, і не толькі для наркаманаў.)

— Патлумач мне, Дзімон, — граў далей сваю партыю Сярога. – Ну нафіга ты за яго падпісаўся[33]?

— Я не здолею табе нічога патлумачыць. – адказваў я. – Я разумею цябе, але ніколі з табою не пагаджуся. Ты, мажліва, зразумееш мяне, але таксама са мною не пагодзішся.

— А дзеля чаго лезці ў чужыя справы? Я ж у твае не лезу. Вы там разводзіце[34] народ, падманваеце, грабіце, я ж не лезу! – любіцель ігры ва ўсё глядзеў на мяне можа быць чакаючы адказу, а можа быць  і не чакаючы.

— Дык а навошта? – працягваў ён свой маналог. – Яшчэ разумеў, каб ты якім святаром быў. Але ж ты не святар?

— Не.

— Ну. Дык а можа ты супраць любой несправядлівасці выступаеш?

Я маўчаў, разумеючы, што нават пры жаданні адказаць, адказваць не было чаго. Нечакана і лёгка Сярога мяне прыціснуў. І цяпер ён ужо патрабаваў адказу, паўтарыўшы сваё пытанне:

— Супраць любой?

— Не, — адказаў я адзінае, на жаль, што мог адказаць.

— Ну дык а тут якога фіга? Ты і ў мяне хлеб забраў – я ж цяпер гэтых не ўсаджу за стол; і абшчак[35] аббіраеш –я адсцёгваў[36] з кожнага куша[37], – даставаў спец з рукавоў ўсё новыя казыры. – Ты ведаеш, колькі такім чынам я не далічуся за сённяшнюю ноч?

“Н-да, -падумаў я, — падводзіць лаўкач умела і прыгожа. Я ў яго —  кліент не ў першай сотні”. Мелкі інтарэс кампан’ёнаў быў ясней яснага. Але я не прамовіў таго, што ад мяне чакалі. І Сярога быў вымушаны працягваць камбінацыю. – А з абшчака ідзе на бальнічку[38], на зоны мужыку – прыкрываў шулер свае асабістыя інтарэсы, інтарэсамі простага люду, што робіцца тут (а я падазраю, што і не толькі тут), калі справа зусім дрэнь. – А ты, — і Сярога тыкнуў у мой бок пальцам, — гэтаму перашкаджаеш.

У камернай сістэме абвінавачванні ў тым, што ты пайшоў супраць народных інтарэсаў (а цалкам верагодна, што і не толькі ў камернай сістэме), былі самым лепшым сродкам зрабіць цябе безапеляцыйна вінаватым і прыцягнуць да адказнасці. Далей любая сістэма прыентуецца, сыходзячы са сваіх загадаў і мажлівасцяў. У дадзеным, прыватна ўзятым выпадку, мяне падводзілі да выбару аднога з двух варыянтаў: альбо біць, альбо выстаўляць на грошы.

—  Паслухай, Сярога, — адказаў я, разумеючы ігру і не жадаючы больш у ёй удзельнічаць. – Я не думаю, што я табе нешта павінен. Лічу размову вычарпанаю.

— А мне пофігу, што ты лічыш, — вызверыўся картачных спраў майстар,- але калі ты яшчэ раз умяшаешся ў мае справы, я цябе зарэжу.

—  Як палічыш патрэбным, —  абыякава адказў я, разумеючы кошт гэтым заявам, ды выйшаў з хадка.

— Што яны яшчэ ад цябе хочуць? – з турботаю ў голасе запытаўся Паша, адразу падышоўшы да мяне.

— Ды так, панты, Паш.

— Глядзі, Дзімон, ты за мяне пацягнуў масу[39] , і я буду цягнуць за цябе.

— Дзякуй, прарвемся.

—  Запомні: ты ім нічога не абавязаны! Я за гэтую ігру разлічыўся, — са злосцю прамовіў Павал. –Калі будуць нейкія праблемы —  гавары.  Мне адзінае, што не хочацца тут скандаліць, але калі спатрэбіцца, адпішам каму трэба. І ў турме, і на лагер. Ёсць людзі. Адзінаццаць гадоў, з дваццаці пяці, я не так проста адседзеў. Трэба будзе, угаманю гэтага цыркача надоўга. Увогуле, забудзецца, што такое карты.

—  Да ну іх нафіг, думаю не спатрэбіцца гэта, — адказаў я, турбуючыся іншым.

Не, я не хваляваўся за тое, што мяне нехта прырэжа. На такія заявы я навучыўся не рэагаваць яшчэ на Шклове і з вуснаў не шутоў гарохавых. Турбавала мяне тое, чаму людзі выступаюць супраць несправядлівасці выбарачна? Сапраўды, было б лагічней ці супраць усёй, ці ўвогуле з ёю змірыцца.

Выступаць супраць несправядлівасці – гэта заўсёды ісці на канфлікт. Нам жа так не хочацца рушыць знешнюю стабільнасць вакол сябе і гэты канфлікт распачынаць.

Так, бывае, ідуць людзі на канфлікт ў імя несправядлівасці вялікай.  Я і сам пару разоў хажываў. Але ці мала вакол нас несправядлівасці, на якую мы заплюшваем вочы? А часта нават і не заплюшваем – мы так з ёю змірыліся і да яе прызвычаіліся, што найпрост не заўважаем. І здаецца нам, што ўсё ў нас нармальна. Усё гарманічна. Вось толькі, каб не пра нас было сказана: “верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым, няверны і ў вялікім” (Лк. 16:10).

Безліч разоў пераконваюся я ў ісціннасці гэтых словаў. Што, сёння, каб не мець канфлікту, ён мірна глядзеў на таго, хто шаманіць з картамі, а заўтра выступіць супраць таго, хто шаманіць з бюлетэнямі? Што, сёння, каб на пару месяцаў раней быць дома, ён трасецца і дае паказанні,а  заўтра будзе смела служыць народу? Што, сёння ён здрадзіў некалькім людзям, а заўтра будзе праведна пасвячаць сябе мільёнам?

Божа, дапамажы нам быць вернымі ў малым, каб Ты даверыў нам і вялікае.

Усю ноч ігра ў 21 працягвалася. Раніцою Сярога падышоў да Пятрухі і працягнуў яму паперку з кантактамі, на якія той павінен быў перавесці грошы.

 

 Зьміцер Дашкевіч, ліпень 2011,
калонія ў г. Горкі


Турэмны слоўнік ад Зьмітра Дашкевіча:[1] Баня – ігравая каса, якая разыгрываецца.

[2] Абшчак – тут: стол.

[3] Банкаваць – раздаваць карты

[4] Стос – калода; інш. Варыянты – кулямёт, Біблія

[5]  Патрон –карта.

[6] Падняць – тут: атрымаць, узяць.

[7] Двушкі – цыгарэтная адзінка вымярэння, вартасцю ў 2 пачкі “Астры”.

[8] Марозіць – павольна нешта рабіць.

[9]  Карцінка- валет;дама;кароль.

[10] Чуйка — прадчуванне

[11] Падбіваць — падлічваць

[12] Да хлябоў – да часу раздачы па камерах хлебу, на Валадарцы а палове на шостую пачынаецца.

[13] Падкрэсліваюся – спыняць удзел.

[14] У натуры – насамрэч, сапраўды

[15] Базарыць – размаўляць, гаварыць; адпаведна базар — размова

[16]  Ходка – турэмны, зонаўскі тэрмін.

[17]  Паставіць – зрабіць павінным.

[18] Тарыць – хаваць.

[19] Разводзіцца – тут: гандляваць сабою.

[20] Сямейнікі – зэкі, каторыя разам харчуюцца, звычайна сябры паміж сабою.

[21] Прад’яўляць – абвінавачваць.

[22]  Разрульваць – вырашаць.

[23] Рамс – канфлікт.

[24] Падкрэсліваць – зрабіць чалавека вінаватым, пасля чаго спагнаць з яго за правіну.

[25] Безпантовае – пустое, безсэнсоўныя.

[26] Перасменка – час, калі адзін зэк саступае месца на нары другому.

[27] Мужык – шэраговы зэк, каторы не мае права вырашаць спрэчныя пытанні.

[28] Брадзяга – зэк, каторы, паі дэі, не мае нічога свайго і ахвяруе сабою ў імя інтарэсаў мужыка.

[29] Вор – вышэйшы аўтарытэт крымінальнага свету, можа ўводзіцца ў гэты чын толькі іншымі варамі. Слова вара абавязковае для выканання ўсім і не аспрэчваецца. У выпадку парушэння варом пэўных нормаў г.зв.вараўскіх законаў, можа быць раскаранаваны.

[30] Шпілявы – прафесійны ігрок у карты.

[31] Выстаўляць – рабіць павінным;забіраць;грабіць.

[32] Лавэ – грошы.

[33] Падпісвацца- заступіцца, абараніць.

[34]  Равозводзіць – дурыць, падманваць.

[35] Абшчак-тут: выйгрыш.

[36] Адсцёгваць- плаціць

[37] Куш – тут: выйгрыш.

[38] Бальнічка – турэмная, зонаўская санчастка.

[39] Цягнуць масу – заступацца, абараняць

Падзяліцца:

Каментары

  1. Bullterrier (Jul 27, 2011:20:31)Адказаць

    Дашкевіч відавочна прагрэсуе як аўтар — дыялогі вельмі жывыя.

    • -M-F- (Jul 27, 2011:23:56)Адказаць

      ты так з кожным новым артыкулам кажаш =)
      але , безумоўна, слушна.

  2. Bullterrier (Jul 30, 2011:17:10)Адказаць

    што ж я магу зрабіць, калі гэта праўда)