Маладафронтавец вінаваціць мянта ў брыдкаслоўі (арт 17.1)

Маладафронтавец вінаваціць мянта ў брыдкаслоўі (арт 17.1)

Актывіст “Маладога фронта” Павел Сяргей абскардзіць дзеянні намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Фрунзенскага РУУС Андрэя Галавіна. 23 траўня “ахоўнік правапарадку” нарэшце вярнуў актывісту яго асабістыя рэчы, за якімі той ездіў у РУУС. Разам з рэчамі Павел атрымаў добрую порцыю матных абразаў у свой адрас. Напэўна, для “прафілактыкі”.

Справа ў тым, што пасля адбыцця 5-сутачнага адміністратыўнага арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна за нібыта “лаяўся матам” Паўлу Сяргею не выдалі яго асабістыя рэчы. Супрацоўнікі ЦІП сказалі, што рэчы актывіста знаходзяцца ў Фрунзенскім РУУС, куды ён быў дастаўлены пасля затрымання.

22 траўня Павел паехаў за рэчамі, але не змог іх атрымаць. Яму паведамілі, што яго рэчы знаходзяцца ў асабістым сейфе намесніка начальніка РУУС Галавіна, якога каля 17:00 не было на працоўным месцы. На наступны дзень актывіст паўтарыў сваю спробу — ён прыехаў у РУУС ужо раней, каля 15:00, і сітуацыя паўтарылася. Паўлу давялося яшчэ раз, ужо пасля 17:00, прыехаць за рэчамі — і ён, нарэшце, змог іх атрымаць. А замест тлумачэнняў наконт таго, чаму яны знаходзіліся менавіта ў асабістым сейфе намесніка начальніка РУУС і чаму ён на працягу некалькіх дзён быў вымушаны за імі ездзіць, маладафронтаўцу давялося выслухаць мацюкальныя абразы ад Галавіна.

Сітуацыя яшчэ больш крыўдная тым, што дзень народзінаў (а ён быў учора, 23 траўня) Паўлу Сяргею, напэўна, запомніцца не радаснымі віншаваннямі ад сяброў, сваякоў і знаёмых (яго тэлефон сярод іншых рэчаў знаходзіўся ў сейфе Галавіна), а бруднай міліцэйскай лаянкай.

Нагадаем, 17 траўня суддзя Фрунзенскага раёна Менска Наталля Каробіна, разгледзеўшы адміністратыўную справу Паўла Сяргея, асудзіла яго да 5 сутак адміністратыўнага арышту па арт. 17.1 КаАП РБ («Дробнае хуліганства»). Актывісты «Маладога фронту» Павел Сяргей і Уладзімір Яроменак 16 траўня былі затрыманыя ў кватэры і дастаўленыя ў Фрунзенскі РАУС, а затым — у ЦІП на Акрэсціна.

http://spring96.org/

Падзяліцца:

Каментары