Іншы артыкул пра маладафронтаўку

Іншы артыкул пра маладафронтаўку
Даслала Святлана Вранава з Чэхіі

Маладафронтаўка

(мой адказ на артыкул, якi мне, незалежна ад усiх тлумачэнняў, не спадабаўся)

Ей толькi што споўнiлася чатырнаццаць гадоў. Яе галаву ўсё яшчэ ўпрыгожваюць дзiцячыя коскi, але цела ўжо паказвае, што гэта будзе прыгожая маладая жанчына. Трохі рамантычная, трохі нудлівая, трохі ідэалістычная, трохі наіўная, трохі нахабная і трохі сарамлівая, смех і плач у адным мяшку… Жыццё перад ёй, і яна таемна марыць свае прыгожая дзявочыя мары пра прынца на белым кані, пра слаўнае вяселле ды бязмежнаe шчасце да канца жыцця. Здавалася б – сярэдні шэраговы падлетак.

Што яе прывяло ў шэрагі Mаладога фронту, магчыма, яна сама не зможа дакладна сказаць. Можа быць, цікаўнасць? Можа быць, супраціў? Можа быць, ідэалістычнае жаданне зрабіць “нешта вялікае”? Магчыма, жаданне нешта зрабіць для сваёй краіны? Можа быць, яна хацела размаўляць па-беларуску? А, можа быць, гэта былi прыгожыя вочы пэўнага маладафрантоўца? Можа быць… хто можа сказаць, што адбываецца ў галаве чатырнаццацігадовай?

Гады ляцяць, і ей сёння ўжо дваццаць. Косы даўно зніклі і яе прыгажосць заквітнела ва ўсёй паўнаце. Змянiлася. Амбіцыйная, хоць ўсё ж рамантычная. Вельмі рэалістычная, хоць і захавала ідэалы. Упэўненая ў сабе, хоць у пэўным сэнсе, усё яшчэ сарамлівая. Яе прыгожы твар упрыгожвае прыемная ўсмешка і слёзы – гэта ўжо даўно навучылася глытаць. Жыццё ўсё ж яшчэ толькi перад ёй і яна ўсё ж марыць свае мары пра прынца на белым кані, пра вяселле ў белых карунках ды бязмежнаe шчасце да канца жыцця. Здавалася б – сярэдняя шэраговая маладая жанчына.

Сярэдняя? Шэраговая? Для свайго ўзросту, яна вельмі сталая. За дваццаць гадоў свайго жыцця яна прайшла праз столькі, колькі сярэдняя жанчына не прайдзе за ўсё жыццё. На дыскатэцы апошнім разам была тры гады таму назад. Для кiно ў яе няма часу. Пра паездкi з сябрамi нават не думае. Сустрэчы з хлопцам? Пра іх можа толькі марыць. Яе жыццё ўжо на працягу некалькіх гадоў даволі манатоннае: нарада, планаванне падзей, дзеянне (дэманстрацыя), суткi, напісанне лістоў, нарада, планаванне падзей, дзеянне, перадачы на Акрэсцiна, напісанне лістоў, сустраканне сяброў ля Акрэсцiна, нарада, планаванне падзей… Скаргi, падачы ў суд, суды, наведванні пракурора, прэс-канферэнцыi, і, сто разоў адхіленая, яна ў раз сто першы ідзе ў барацьбу за сваiх сяброў, за свой народ, за нас ўсiх. Замест рамантычных шпацыраў з каханым хлопцам толькi праз КДБ цэнзураваныя лісты. Замест вяселля ў белых карунках, яна была бы ўдзячная i за просты подпіс на вясельным пратаколе, якi дазволіў б ей хоць бы часам пабачыць каханага. Колькi сярэднiх шэраговых маладых жанчын хацела б так жыць? Колькi маладых дзяўчын вытрымала б нешта такое? Колькi маладых жанчын ведае ізалятар знутры? Колькі маладых жанчын імкнуцца ахвяраваць сваім жыццём, дзеля інтарэсаў сваёй краіны? Большасць з яе сябровак, з якiмi ў чатырнаццаць прыйшла ў МФ, даўно арганізацыю пакінулі і жывуць “нармальным жыццём”. Яе наваколле яе не разумее. Хтосьці кажа адкрыта, іншыя за яе спіной, але ўсюдыіснае пытанне паўсюдна лунае навокал: “Цi табе гэта трэба???”.

Так, ей трэба. Магчыма, яна не зможа дакладна вытлумачыць, што яе прывяло ў шэрагі Mаладога фронту. Што яе там утрымала на працягу шасці гадоў, наадварот, ведае цалкам дакладна: паміж маладафонтаўцамi атрымала лепшую школу жыцця. Яе жыццё атрымала ясную мэту. Яна зразумела, хто яна і кiм наадварот быць не хоча. Яна навучылася распазнаваць, што бескарысна і што мае значэнне ў жыцці. Яе ідэалістычныя паняцці пра любоў да краіны і зачараванне беларускай мовай саспелi ў свядомую беларускую нацыянальную ідэю і моцную любоў да сваёй роднай краіны, якая глыбока ўкаранілася ў яе сэрцы. Яна зразумела, што калі яна хоча гадаваць сваiх дзяцей у свабоднай краіне, павінна нешта рабіць. Зведала, што калі яна хоча чагосьці дасягнуць, нешта павінна быць прынесена ў ахвяру. I зразумела, што калі яе ахвяра не будзе да канца, будзе выдаткавана марна.

Маладафронтаўка. Дакладна ведае, чаго хоча і мэтанакіравана ідзе за сваёй мэтай. Яна не ўхіляецца направа або налева. Ідзе напрасткі, нягледзячы на перашкоды. Ведае, што за ёй назіраюць тысячы вачэй. Ведае, што многія чакаюць яе правала. Таксама ведае, што многія іншыя разглядаюць яе як свой жыццёвы ўзор. Ведае, што яна не павінна пацярпець паразу. А яна – не расчаруе. Дзеля сябе, дзеля свайго каханага, дзеля сваiх сяброў, дзеля сваiх ворагаў, дзеля ідэі, у якую верыць, дзеля Бога, Якога яна вартая. Дзеля таго, што яна – Маладафронтаўка!

Думаеце, што гэта гiсторыя пра адну канкрэтную Маладафронтаўку? Ой, не. Яны ж  такiя – адважныя, смелыя, прысвечаныя, мужныя, прыгожыя, далікатныя, жорсткiя, ўстойлівыя, сталыя, прынцыповыя, ахвярныя, поўныя iдэалаў, даючыя прыклад многiм – проста выдатныя Маладафронтаўкi.

Дзякуй табе, Малады фронце, што гадуеш такiх дзяўчат!

Падзяліцца:

Каментары

  1. Вадзім (Oct 24, 2012:10:42)Адказаць

    Прысьвячэньне Насты, якая сёньня ўвасабляе сабой вобраз юнае, прыгожае й мужнае (і такое магчыма ва ўмовах пануючай речаіснасьці) беларускае Дзяўчыны!

    Бог дараваў жыцьцё табе i мне
    I вызначыў для кожнага шляхi да шчасьця –
    У грошах, ва уладзе, у вiне…
    Але ёсьць iншы шлях – iм крочыць Наста!

    З маленства Беларусь – яе жыцьцё,
    Дый мова – то не мёртвае балота,
    I ў сэрцы абуджае пачуцьцё
    Дабра, пяшчоты кожная iстота!

    Яна з дзяцiнства ўвабрала ў сябе
    Усё, пра што пiсалi Колас i Купала.
    Яна не верыць зману i хлусьне,
    Што Беларусь – мiфiчная дзяржава!

    Не! Беларусь – Краiна-Цуд,
    Блакiт вазёраў, чырвань, што на сьцяге,
    Яна шчаслiвая, бо нарадзiлась тут,
    I толькi ёй прыносiла прысягу!

    Яна вядзе Краiну за сабой,
    Да той мяжы, дзе будзе зьзяць Свабода,
    Дзе будзе мiр, i росквiт, i спакой
    Для Беларусi, для яе народа!

    Яна iдзе. I будзе крочыць заўтра.
    I не стрываць рашучасьцi яе.
    Яна дзяўчына – Наста Палажанка,
    Анёл-герой сучаснасьцi маёй!