Ірляндзец: “Гэта шляхетна — мець уласную мову”

06.12.2011:10:59
0
1 060
Навіны, Сьвет
Ірляндзец: “Гэта шляхетна — мець уласную мову”

«Ірляндзкая мова — гэта ня сэксі», — 42-гадовы ірляндзец, у мінулым бармэн, а цяпер студэнт паліталёгіі Ўнівэрсытэту Корку, Дэклан Кіцін разважае пра лёсы яго сям’і, яе мовы і краіны ў ХХ стагодзьдзі. У новай правастырновай хондзе мы едзем па хуткасным аўтабане ў самым сэрцы Ірляндыі, за дзьве гадзіны перасякаючы амаль усю выспу ў кірунку сталіцы рэспублікі — Дубліну. Вакол мяне плывуць краявіды, што дзіўным чынам нагадваюць беларускія, і ў галаву прыходзяць думкі аб падабенстве маёй радзімы і гэтай выспы на ўскрайку Эўропы. Адно з галоўных падабенстваў хаваецца ў моўным пытаньні: ні беларусы, ні ірляндцы дагэтуль ня вырашылі, што рабіць зь іх нацыянальнымі мовамі.

«Гэта шляхетна — мець уласную мову, — працягвае разважаньні Дэклан. — Таму гэта і жудасна, што такая сытуацыя склалася з гэльскай мовай [гэта другі назоў ірляндзкай]. Але размаўляць па-ірляндзку ня сэксі, — відавочна, гэтаму бацьку двух дзяцей падабаецца прыдуманая ім аналёгія. — Вось таньчыць ірляндзкія танцы — гэта сэксуальна. А па-ірляндзку казаць — не».

Але моўныя пытаньні паўсталі ў гэтай былой ангельскай калёніі ня ўчора. Ужо з канца 17 стагодзьдзя ірляндцы мелі вялікая праблемы з мовай: брытанцы не дазвалялі ім кіраваць сваёй краінай, а тым больш выкарыстоўваць нацыянальную мову ў афіцыйных зносінах і адукацыі. «Калі ты жадаў атрымаць адукацыю, то мусіў размаўляць па-ангельску, калі ты жадаў мець добрую працу — тваёй мовай мусіла быць усё тая ж ангельская, — кажа Дэклан. І цяпер, дарэчы, тое ж самае: калі жадаеш зарабіць хоць троху грошай, ты мусіш ведаць ангельскую. Ніякіх кантрактаў на ірляндзкай».


Усе афіцыйныя надпісы ў Дубліне, у тым ліку на гэтым турыстычным указальніку, прадубляваныя па-ірляндзку

Сапраўды, энцыкляпэдыя кажа, што доўгія стагодзьдзі Ірляндыя знаходзілася пад акупацыяй Англіі. Нашмат большы час, дарэчы, чым Беларусь — пад расейскай акупацыяй. Хоць пісьменнасьць была ў кельтаў здаўна (цяперашнія ірляндцы лічаць сябе спадкаемцамі гэтых колісь магутных плямёнаў), але першая друкаваная кніга па-ірляндзку выйшла на 50 гадоў пазьней за беларускую, а ўнармаваньне ірляндзкага правапісу адбылося толькі пасьля канчатковага разрыву зь Вялікабрытаніяй — у 1949 годзе. Вялікую шкоду ірляндзкай мове нанёс голад і павальная міграцыя другой паловы 19 стагодзьдзя. А таксама масавая ангельскамоўная адукацыя.

Мова эліты ці правінцыі?

Прафэсар эканомікі з унівэрсытэту Ольстэра Вані Боруг кажа, што цяпер валоданьне ірляндзкай у Ірляндыі — гэта прыкмета, паводле якой чалавека можна аднесьці да эліты. Таксама, як і слуханьне клясычнай музыкі альбо веданьне Шэксьпіру.

«Нават калі браць у разьлік толькі сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, то з двух людзей з аднолькавым статусам той, хто валодае ірляндзкай, будзе мець невялікую, але істотную перавагу над другім», — кажа прафэсар.

Дасьледаваньне, якое ён з калегамі апублікаваў год таму, руйнуе даўні міт аб тым, што ірляндзкая — гэта мова бедных жыхароў аддаленых вёсак. Сапраўды, рэгіёны, дзе людзі дагэтуль карыстаюцца ірляндзкай штодзень, захаваліся. Але знаходзяцца яны далёка ад сталіцы на атлянтычным узьбярэжжы. Па выніках апошняга перапісу, з 6-мільённага насельніцтва востраву прыкладна 72 тысячы выкарыстоўваюць гэльскую як мову штодзённага ўжытку. І толькі каля 1.5 мільёна валодаюць гэтай мовай на добрым узроўні, а 4 мільёны ірляндцаў могуць сказаць на гэльскай літаральна толькі некалькі словаў.

Але вольстэрскі прафэсар даволі аптымістычна глядзіць на сытуацыю. Паводле яго дасьледаваньня, з тых, хто займае найлепшыя пасады ў краіне, 42% лёгка могуць размаўляць па-гэльску. Супраць 27% тых, хто ня здольны размаўляць на ёй увогуле. Прасьцей кажучы тыя, хто ведае ірляндзкую, зарабляе болей за тых, хто ёй не валодае.

Элітнай мовай, але зь іншым адценьнем «элітнасьці» лічыць ірляндзкую і Дэклан:

«Існуе пэўны снабізм вакол ірляндзкай: калі ты робіш памылкі ў ёй ці вымаўляеш няправільна словы, то цябе могуць абвінаваціць у тым, што ты зусім не валодаеш гэльскай, — тут мужчына прыгадвае выпадак са свайго ўласнага школьнага вопыту. — Мой школьны настаўнік гэльскай быў з тых ірляндцаў, што зь дзяцінства штодня карысталіся менавіта гэтай мовай. І ён часта агрэсіўна дакараў мяне за маўленчыя памылкі: „Чаму ты адкрываеш рот, калі ня можаш нармальна размаўляць па-гэльску?“ — чуў я ад яго ўвесь час, калі рабіў чарговую памылку ў вымаўленьні. Гэты чалавек адбіў у мяне ўсялякае жаданьне размаўляць па-ірляндзку на доўгія гады.

„Ты ня добры ірляндзец, калі ня здольны размаўляць па-ірляндзку“, — кажуць у нас. Але мой дзед не размаўляў па-гэльску, затое быў жаўнерам Ірляндзкай рэспубліканскай арміі (у пачатку 20 стагодзьдзя змагалася за незалежнасьць Ірляндыі ад Вялікабрытаніі), і тры разы быў арыштаваны. Таму для мяне неістотна: можа чалавек размаўляць па-ірляндзку, ці не. Галоўнае — гэта тое, што ён, як мой дзед, можа аддаць жыцьцё за сваю краіну», — кажа Дэклан.

Стаў прэзыдэнтам? Вучы мову!

«Майкл Дзі Хігінс набраў 701 101 голас», — за трыбунай з выявай залатой арфы — герба Ірляндыі — прыгожая кіраўніца ірляндзкага цэнтрвыбаркаму па-гэльску абвяшчае першыя вынікі падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах. Я стаю ля сцэны як удзельнік праекту «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка», у межах якога каля 40 маладых беларусаў прыехалі ў гэту краіну дзеля знаёмства зь ірляндзкім выбарчым вопытам. Вакол мяне — некалькі дзесяткаў рэпарцёраў, што нястомна шчоўкаюць затворамі камэраў і ўслухоўваюцца ў лічбы, абвешчаныя па-ірляндзку. Узьнікае адчуваньне, што адзінкі з прысутных разумеюць «гэльскія» вынікі: замест сьлёзаў радасьці ці гора ў залі ў адказ на агучаныя лічбы вісіць трунная цішыня. Але як толькі абвяшчэньне вынікаў пераходзіць на ангельскую, усё становіцца на свае месцы: прыхільнікі кандыдатаў пляскаюць кожнай лічбе свайго фаварыта, а рэпарцёры занатоўваюць іх у нататнікі.

У вуснах беларускага прэзыдэнта нацыянальная мова — мова нянавісьці, абразы тых, хто думае інакш. У вуснах афіцыйных ірляндзкіх асобаў гэльская мова — справа звычайная, але гэткая ж нежывая, як і мова школьных падручнікаў на ўроках гэльскай, якія там абавязковыя. Новаабраны прэзыдэнт — 73-гадовы англамоўны паэт Майкл Дзі Хігінс — колісь займаў пасаду міністра гэльскай мовы. У сярэдзіне 90-х ён нават спрычыніўся да заснаваньня першага ірляндзкамоўнага ТБ-каналу. Цяпер яму, у адрозьненьні ад яго асноўнага суперніка на тых выбарах — маладой тэлезоркі і прадпрымальніка Сіна Галахера — ня прыйдзецца вучыць ірляндзкую, як тое рабілі, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі статусу, двое ягоных папярэднікаў.

Перадвыбарчая кампанія, як, здаецца, і ўсё ірляндзкае жыцьцё, праходзіла амаль выключна на ангельскай. Аднак адныя дэбаты вырашана было арганізаваць па-ірляндзку. Атрымалася і камічна, і трагічна адначасова: вядоўца задаваў пытаньні па-ірляндзку, а кандыдаты адказвалі па-ангельску. Знайшліся нават такія кандыдаты, што ня здолелі ніводнага слова сказаць на нацыянальнай мове ў інтэрвію перад дэбатамі. Зрэшты, яны, як і прадстаўнік троху табуяванай палітычнай нацыяналістычнай сілы Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, ня здолелі набраць шмат галасоў. Тамтэйшы нацыяналізм амаль не асацыюецца зь нейкім асабліва пяшчотным стаўленьнем да мовы.

«На вуліцы лягчэй пачуць кітайскую, чым ірляндзкую»

За некалькі гадзін да таго, каб сесьці ў машыну і адправіцца ў Дублін, мы зь Дэкланам заходзім у будынак школы ў Корку на поўдні Ірляндыі, якую ён калісьці наведваў. Сёньня дзень выбараў, і цяпер у гэтай школе месьціцца выбарчы ўчастак. Аб гэтым сьведчыць шыльда, на якой ангельскамоўнае «Polling Station» абавязкова прадубляванае ірляндзкім «Stáisiún vótála». Тое ж самае і з усімі вуліцамі ў гарадах, афіцыйнай інфармацыяй, вітаньнямі ў аэрапорце нарэшце. Ірляндзкая разам з ангельскай мае статус дзяржаўнай, але ірляндзкая — усё ж «першая афіцыйная». Да гэтага шыльдавага дзьвюхмоўя не адразу прызвычайваесься, але з часам перастаеш заўважаць іншы шрыфт незнаёмых ірляндзкамоўных надпісаў на будынках.


Школа, у якой дзеці вучацца выключна па-ірляндзку

Дэклан заходзіць у сваю школу са зьмяшанымі пачуцьцямі: тут яго навучылі ірляндзкай («Мой дзядуля нарадзіўся ў 1900 годзе, і ніхто зь яго сям’і не размаўляў па-ірляндзку, тое ж было і зь яго дзецьмі»), і тут жа яму прывілі нелюбоў да яе.

«Мой бацька і маці вырасьлі ў горадзе, і яны былі часткаю гарадзкой брытана-амэрыканскай культуры. Мая школа, і школа маіх дзяцей — ангельскамоўная. Я нават ірляндзкую вучыў па-ангельску», — кажа ён.

«І яны ня здолелі навучыць мяне ірляндзкай за 14 гадоў. Можа быць, я надта лянівы, каб вучыць гэту мову. Але мая гэльская цяпер выпраўляецца, бо я мушу дапамагаць зь ёй дзецям у іхніх хатніх заданьнях». Дзеці Дэклана ходзяць у ангельскамоўную школу, дзе па-ірляндзку выкладаецца толькі некалькі гадзінаў на тыдзень. Многія бацькі адпраўляюць дзяцей у выключна ірляндзкамоўныя школы, бо лічаць тамтэйшы ўзровень адукацыі лепшым. Але вышэйшая адукацыю ўсё роўна даступная толькі на ангельскай.

«Неяк аднаму з кандыдатаў у прэзыдэнты ў час сустрэчы ў маім унівэрсытэце задалі пытаньне па-ірляндзку, — распавядае Дэклан. — „Я вучыў ірляндзкую мову ў школе, але адказаць на пытаньне па-ірляндзку не магу“, — сказаў кандыдат тады. Калі ж ён запытаў іншых прысутных на сустрэчы студэнтаў і выкладчыкаў, ці зразумелі яны гэта гэльскае пытаньне, адзінкі адказалі станоўча».

Натальля, 27-гадовая армянка, ужо некалькі гадоў жыве ў Ірляндыі са сваім расейскім мужам. Па яе словах, усе знаёмыя ірляндцы, якіх яна распытвала пра веданьне мовы, казалі толькі аб школьных ведах, на якія з часам забываліся. А адна маладая пара неяк заявіла, што хоць і лічаць сябе нацыяналістамі, размаўляюць яны выключна па-ангельску. «На пытаньне, „чаму ж не па-ірляндзку?“ пара ганарліва заявіла, што, маўляў, брытанцы скралі ў іх мову», — кажа Натальля. Ірляндцы імкнуцца давесьці, што «акупанты» — так дагэтуль называюць тут брытанцаў — не адразу «пазбавілі» іх мовы. Спатрэбіліся стагодзьдзі: яшчэ ў пачатку 20-га ст. за вымаўленьне ірляндзкага (і беларускага!) ‘г’ у ангельскіх словах можна было атрымаць штраф. Але фрыкатыўнае ‘г’ можна пачуць з вуснаў ірляндцаў дагэтуль.


Пацешнае відэа пра тое, што здараецца з тымі, хто наважваецца вучыць ірляндзкую

«Больш верагодна, што вы пачуеце кітайскую мову ў цэнтры Дубліна, чым ірляндзкую», — мы з Дэкланам стаім у цэнтры вячэрняй сталіцы Ірляндыі. Я аглядаюся навокал, і бачу сярод мінакоў амаль адных тыповых ірляндцаў: прадстаўнікоў іншых расаў тут, параўнальна зь іншымі эўрапейскімі сталіцамі, няшмат. Але тое ня надта павялічвае мае шанцы ўсё ж пачуць ірляндзкую — калі яшчэ не памерлую, то амаль згубленую яе народам мову.

http://generation.by

Падзяліцца:

Каментары