Дашкевіч: «за двое сутак пакармілі 0,5 разу, спаў 1,5 гадзіны»

Дашкевіч: «за двое сутак пакармілі 0,5 разу, спаў 1,5 гадзіны»

Зьміцер Дашкевіч піша пра катаваньні. Пасьля візыту адваката да Дашкевіча ў СІЗА ў Магілёве, ціск на вязьня толькі ўзмацніўся.

Яшчэ няводны ліст Дашкевіча не гучаў так трывожна. Цяжка ўявіць, што мусіць адбывацца з такім “страляным воўкам”, як Зьміцер Дашкевіч, каб ён пісаў, што ня ведае як перажыць гэта ды заўважаў, што шлях Хрыста на Галгофу быў карацейшым — усяго паўдні.
Зьміцер Дашкевіч выказвае небясьпеку, што яго перавядуць у турму крытага тыпу ў Жодзіна.

Ліст ад яго павінна была атрымаць Наста Палажанка, але дзяўчына сама выйдзе на волю толькі 30 верасня. Ліст ад Дашкевіча перадаў паплечнікам бацька дзяўчыны Уладзімер Палажанка.

Ліст напісаны ў ноч з 18-19 верасьня 2011 г. і дапісаны вечарам 19 верасьня. Зьміцер напісаў яго пасьля пераводу ў СІЗА №2 ў Віцебску.

ЛІСТ АД ЗЬМІТРА ДАШКЕВІЧА:

“Насьцюленька!

Пішу табе з адстойнікаў магілёўскай турмы. Дзе апынуся раніцай, ня ведаю. Адваротны адрас пакажа.

Да лепшага зьмяніцца сытуацыя ў Горках не пажадала. Зусім наадварот. Сказаць, што зьмянілася яна да горшага — не сказаць нічога…. Вызначылі мне тамтэйшыя такую кабалу, зь якое, пэўна, я ўжо і ня выберуся…

Трэба пабачыць Марыну [адваката — заўвага рэд.] тэрміновейшым чынам.

Неяк трэба ўсё перажыць, але як? Ня ведаю і сам…. Яму [Ісусу Хрысту — заўвага рэд.] было прасьцей — Ён ішоў на Галгофу палову дні…

18—19.09.2011, 1.50

P.S. Калі дойдзе да цябе гэты мой допіс, буду я ўжо ў нейкім іншым месцы. Гэтае ж вельмі падобнае да Жодзіна. [там знаходзіцца “крытка” — рэд] Тут я да 22—23 чысла. Цудоўны горад, цудоўны будынак, цудоўныя пакойчыкі. Спаў за 2 сутак 1,5 гадзіны і еў 0,5 раза. Але болей і ня лезе, ні сон і ні ежа. Мазгаўня мая дыміць і душа не знаходзіць спакою.

Дай Бог, каб вы з Марынаю дабраліся да мяне хутчэй, чым мае лісты да вас…”.

19.09.2011, 19.25

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Паводле судовага выраку, 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў.

Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

19 верасьня намесьніцу кіраўніка “Маладога фронту” Насту Палажанку арыштавалі на 11 сутак.

Яе затрымалі разам з былым палітвязьнем Уладзімерам Яроменкам, калі яны меліся вывесіць у Менску нацыянальныя сьцягі. Палажанку і Яроменка зьвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня і арганізацыі масавага мерапрыемства. Сваю акцыю чальцы “Маладога фронту” прымеркавалі да 20-й гадавіны абвяшчэньня “Пагоні” і бел-чырвона-белага сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі.

Наста Палажанка была асуджаная за падзеі 19 сьнежня на 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 1 год. Уладзімер Яроменак па справе аб падзеях на Плошчы атрымаў 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Быў вызвалены 13 жніўня

Падзяліцца:

Каментары