“Як я паехаў у Дзісну і прыехаў у мёрскую турму…”

“Як я паехаў у Дзісну і прыехаў у мёрскую турму…”

Пасля свайго вызвалення з турмы пры Мёрскім РАУС мяне накрыла хваля пытанняў ад сяброў і чытачоў: што? як? чаму? Таму зараз пастараюся апісаць усе “прыгоды”, якія адбываліся са мной 7-10 кастрычніка.

Некалькі тыдняў таму я даведаўся з публікацыі на сайце Радыё Свабода, што жыхары Дзісны збіраюцца праводзіць 8 кастрычніка Народны сход. Я вырашыў паехаць, хоць ведаў, што дарога зойме пяць гадзінаў у адзін бок, ганарару не хопіць на аплату аўтобусных квіткоў, а верагоднасць затрымання – ведаючы характар мёрскай “вертыкалі” – вельмі вялікая. Дабірацца планаваў з начлегам у Мёрах, бо з Глыбокага да Дзісны няма ні прамой дарогі, ні аўтобуснага маршрута.

Дзве патрульныя машыны на аднаго журналіста

Я не арганізатар сходу, даўно ўжо не займаюся палітыкай і не цягаю з сабой поўныя заплечнікі ўлётак. Я журналіст, мая місія — прыйсці на мерапрыемства, арганізаванае іншымі людзьмі, пагутарыць, пафатаграфаваць — і пераказаць чытачам убачанае і пачутае. Я і не думаў, што міліцыя будзе чакаць мяне на дарозе.

Калі ў мястэчку Новы Пагост спадарожны аўтамабіль, на якім я дабіраўся да Мёраў, абагнала службовая машына ДАІ з чырвоным маячком, я здзівіўся, але не надаў гэтаму вялікай увагі. Ці мала па якой пільнай справе спяшаюцца міліцыянты?

У вёсцы Кацілава, пяць кіламетраў ад Мёраў, пры дарозе стаяць дзве патрульныя машыны. ДАІшнік спыняе аўтамабіль, просіць дакументы спачатку ў кіроўцы, потым у мяне. Паказваю студэнцкі білет каледжа імя Лазінскага – спадзеючыся, што, надпіс “духоўная навучальная ўстанова…” развее ў міліцыянта сумневы ў маёй “добранадзейнасці”. Просіць пашпарт. Даю пашпарт. Міліцыянт паглядзеў, вярнуў мне дакументы, сказаў “пройдёмте” і загадаў мне сесці ў ДАІшную машыну – тую самую, што абагнала нас у Новым Пагосце.

Рабаванне машыны ператвараецца ў нецэнзурную лаянку

На заднім сядзенні машыны ляжыць тэчка, надпіс на якой сведчыць пра яе прыналежнасць да Шаркоўшчынскага РАУС. (Што робіць шаркоўшчынскі патруль у Мёрскім раёне?) Міліцыянт –шаркоўшчынскі – кажа мне: “Успомніце, на якой машыне Вы ехалі з Глыбокага да Шаркоўшчыны. Там папутчык з машыны скраў нейкія рэчы. Паедзем у аддзяленне ў Шаркоўшчыну для разбіральніцтва”. Карацей, поўная лухта. Разумею, што затрымалі мяне невыпадкова.

Міліцыянты параіліся з кімсьці па тэлефоне і праз хвіліну патрульная машына развярнулася ў бок Мёраў. “Павязём у Мёры для разбіральніцтва”, — кажуць. — “Якога разбіральніцтва?” — “А Бог яго знае…” Прывезлі ў Мёры да будынка РАУС. Папрасілі выйсці з машыны, але ўнутр не павялі, загадалі чакаць на вуліцы.

Чакаць давялося доўга – я паспеў абтэлефанаваць усіх знаёмых журналістаў і апублікаваць на сайце навіну пра сваё затрыманне. Праз хвілін дваццаць з РАУСа выйшаў маёр Каліноўскі і запрасіў мяне ў кабінет на другім паверсе. Праз дзесяць хвілін ён павёў мяне у дзяжурную частку: “У нас прэтэнзій да Вас няма, але пачакайце ў дзяжурцы, пытанні да Вас маюць шаркоўшчынскія ДАІшнікі”. Доўга-доўга чакаю ў “дзяжурцы”. Супрацоўнікі міліцыі ходзяць міма мяне, носяць нейкія паперы, нічога не пытаюцца і нічога не тлумачаць.

Нарэшце, гадзіны праз дзве, прыходзіць маёр Аляксей Каландо і паказвае мне пратакол. “Г-н Шиталь К.М. из хулиганских побуждений выражался нецензурной бранью на дороге в д. Катилово Миорского р-на в присутствии посторонних лиц, на неоднократные замечания прекратить противоправные действия не реагировал, чем нарушил установленный законом общественный порядок”.

Ложак, лава, тумбачка і вядро

Спадар Васіль, бацька маладафронтаўца Міколы Дземідзенкі, прынёс мне у “дзяжурку” цёплы швэдар і шкарпэткі ды гучна выказаў абурэнне міліцэйскім беззаконнем. Паспеў своечасова, бо праз некалькі хвілін мяне павялі з “дзяжуркі” праз дзверы-краты ў “ізалятар часовага ўтрымання”.

“Начальнік наклаў рэзалюцыю змясціць Вас у ізалятар да суда”, — абвесціў мне міліцыянт. У пакоі для ператрусаў мяне прымушаюць выкласці на стол усе рэчы і паперы, якія былі ў заплечніку. Паўтары гадзіны міліцыянт пералічвае і перапісвае ўсё, што я расклаў на стале. Мне дазваляюць узяць у камеру адну кнігу (узяў Біблію), адзін сшытак і дзве асадкі.

Ужо пад поўнач заводзяць у камеру №3. Камера адзіночная, метр на тры метры. Аббітыя жалезам дзверы з двума замкамі і невялікае акенца пад столлю. Ложак, лава, тумбачка ды вядро, каб хадзіць па малой патрэбе. Кормяць у ізалятары двойчы на дзень — суп (цёплы, наварысты і смачны), гарбата (заўжды гарачая), ды макароны або каша з катлетай (іх можа з’есці толькі вельмі галодны чалавек). Тэмпература ў камеры прыкладна такая ж, як у мяне ў кватэры.

Умовы лепшыя, чым у вядомай менскай турме на Акрэсціна, дзе драўляная “сцэна” замест мэблі ды невыносны холад восенню і зімой. Міліцыянты ставіліся да мяне карэктна, часам нават ветліва; некаторыя з іх ведалі, што я “палітычны”. “Глядзіце, не напішыйце, што мы тут вас мучылі і голадам марылі”, кажа адзін з міліцыянтаў.

Блытаныя паказанні і чырвоны твар міліцыянта

Раніцай у панядзелак міліцэйскі мікрааўтобус-“Газэль” вязе ў суд шасцёх затрыманых. Пяцёра за п’янку або “хуліганку” і я – “палітычны”. Большасць справаў разглядаюць толькі на падставе пратаколаў. На мой суд запрошаныя сведкі – кіроўца аўтамабіля, на якім я ехаў і двое мёрскіх ДАІшнікаў.

Міліцыянт запрашае ў залу суда, пачынаецца працэс. Даю паказанні – кажу, што ехаў у Мёрскі раён па журналісцкіх справах, распавядаю пра сваё затрыманне, пра тое, што міліцыянты не маглі ўцямна патлумачыць, навошта мяне затрымліваюць. Заяўляю хадайніцтва, каб заслухалі паказанні ДАІшнага патруля з Шаркоўшчыны.

Суддзя запрашае першага сведку. Мішчанка, кіроўца аўтамабіля, на якім я ехаў у Мёры. Па яго словах, Шыталь спачатку прад’явіў супрацоўнікам ДАІ студэнцкі білет. Міліцыянт папрасіў Шыталя выйсці з машыны — і пачалася спрэчка з нецэнзурнай лаянкай. “Я не пазнаў па голасе, хто менавіта мацюгаўся, але я ўпэўнены, што мацюгаліся не міліцыянты”, кажа сведка.

Другі сведка, супрацоўнік ДАІ Валеўка, сказаў, што Шыталь “паказаў нейкую паперку, якая не з’яўляецца дакументам”. Па словах Валеўкі, Шыталь адмовіўся прад’явіць пашпарт, лаяўся матам і не рэагаваў на патрабаванні спыніць лаянку. Не вытрымліваю і кажу Валеўку: “Вы нахабна хлусіце!” Міліцыянт скончыў паказанні і прысеў на лаўку. Твар міліцыянта быў чырвоны як бурак.

Трэці сведка, ДАІшнік Маханькоў, кажа, што Шыталь не прад’явіў аніякіх дакументаў, а толькі лаяўся матам на міліцыянтаў. Правапарушальніка перадалі шаркоўшчынскаму патрулю ДАІ, які даставіў яго ў Мёрскі РАУС, кажа сведка.

Звяртаю ўвагу суддзі на блытаніну ў паказаннях. Пераконваю яго падтрымаць хадайніцтва аб тым, каб заслухаць шаркоўшчынскіх ДАІшнікаў, якія прысутнічалі на месцы майго затрымання. Суддзя пагаджаецца, загадвае вызваліць мяне і прызначае дадатковае паседжанне на 17 кастрычніка.

Свабода і салідарнасць

Выходжу з залі суда. У фае мяне сустракае Васіль Дземідзенка. Спадар Багуслаў вязе мяне на машыне ў РАУС, дзе я забіраю з ізалятара свае рэчы. Сустракаемся ў цэнтры горада са спадарыняй Ірынай, якая з-за нейкіх справаў не змагла прыйсці на суд. Уключаю тэлефон — і ён разрываецца ад званкоў. Тэлефануюць з Радыё Рацыя, Радыё Свабода, прэс-службы БХД. Патэлефанаваў палітык Павал Севярынец, даслала смс маладафронтаўка Таццяна. Яшчэ паўтара дзясяткі тэлефанаванняў і размоваў па скайпе я меў за наступныя некалькі гадзінаў.

Заходжу на абед да аднаго са сваіх знаёмых, пачынаю праглядаць Інтэрнэт. На асноўных інфармацыйных сайтах стаяць навіны пра маё затрыманне і сённяшні суд. Ніхто – ні калегі, ні сябры, ні каментатары – не вераць, што я лаяўся матам.

Працяг будзе…

За размовамі не паспяваю ўцягнуць шнуркі ў красоўкі (шнуркі ў турме адбіраюць) і паспешным крокам іду на аўтобусны прыпынак, каб вярнуцца ў Глыбокае.

Наступны раз я павінен прыехаць на судовае паседжанне 17 кастрычніка а 11-й гадзіне. Наўрад ці мяне прызнаюць невінаватым. Малаверагодна, што шаркоўшчынскія ДАІшнікі будуць абвяргаць паказанні сваіх калегаў з Мёраў.

http://westki.info

Падзяліцца:

Каментары