Як займець беларускую майку за мяжой? — Паштовая скрыня

Як займець беларускую майку за мяжой? — Паштовая скрыня

Калі гартаю гэтую паштовую перапіску, на вочы накатваюць сьлёзы — нібы на твар Ераміі падчас плачу (Ерамія 13:17). Каб не заляпаць сьлязьмі ды потнымі ад хваляваньня пальцамі клавіятуру, арганізм уключае абарону й тут узьнікае гонар за сапраўдных сыноў бацькаўшчыны, каторыя нават у эміграцыі імкнуцца захаваць сваю адметнасьць і шукаюць маладафронтаўскія майкі!

Расклаўшы на стале сурвэткі, новапасіт, валакардзін і градусьнік, вырашыў падзяліцца з вамі чарговым лістом у рубрыцы “Паштовая скрыня”.

У думках толькі адное: “Як жа шкада, што для маладафронтаўскіх куцюр’е нашыя баявікі не захапілі яшчэ пару-тройку швейных фабрыкаў”. Інакш мы б напладзілі сьцягоў, расьцяжак, а галоўнае — нацыянальных цішотак — дахалеры, ва славу Нацыі й на сьмерць гнілому рэжыму. І абавязкова б перамаглі. Адразу.

Дзеннь добры!Я жыву у Эстоніі i жадаю набыць майку з бел-чырвона белым сцягам… Як гэта зрабить?

Пасьціраў парашком айчыннай вытворчасьці “Мара” (каторы па-беларуску рэклямуюць) спатнелую і скрываўленую пасьля спрынту ад АМАПУ цішотку ды адказаў: “Можам цяпер прапанаваць маладафронтаўскую майку — ззаду бчб-сьцяг у контурах Беларусі, спераду — невялічкі надпіс чырвонымі літарамі — Малады Фронт”. Пасьля гэтага памаліўся за Беларусь на вобраз Сьвятога Зянона заснуў. На раніцу на паштовай скрыні мяне чакаў новы ліст:

Тут я адзин живу(ажанiуся)сярод рускiх да украiнцау…Вельмi хочацца мець штосцi з Радзiмы з нашымi святымi сiмбаламi…Я сталага узросту i мо знойдецца майка без надпicа МАЛАДЫ ФРОНТ?Якi я так сама шаную,але мае гады…Мару аб гэтым…Каб на грудзях бел-чырвона-белы…Слезы на вачах адразу..

“Майкі такога кшталту ў нас цяпер няма, 🙁 Выбачайце,” — са сьлязамі на вачох напісаў тады я ў адказе. Сапраўдныя сыны бацькаўшчыны маюць даносіць непаўторнасьць свайго народу нават у выгнаньні, на чужбіне! Ад хваляваньня ў мяне нават фірмовы БЧБ-бутэрброт (батон — чагобыло — батон) выпаў маслам на аркуш з подпісамі супраць існаваньня плошчы Леніна. Эх… Ці заслугоўвае ліст у Мінгарвыканкам такога абыходжаньня? Думаю, непаважліва троху крышыць батон на зварот да дзяржустановы. Але пакінем гэтых баранаў і вернемся да нашага ліста на пошту МФ.

Вядома, адказаў у лісьце таксама, што прасьцей, відаць, набыць белую майку і надрукаваць у мясцовай паліграфічнай канторы тое, што вы хочаце на майцы бачыць. “Будзе троху заблытана й нязручна, калі мы будзем рабіць тое ж самае (купляць майку, друкаваць на ёй) — і пасьля яшчэ высылаць вам поштаю :),” — а ў галаве круціліся нізкія думкі аб падвышаных коштах для замежных бандэроляў і аб тым, што маладафронтаўская майка мусіць ісьці для маладых і заставацца ў Беларусі, каб працаваць як дадатковы агітацыйны й рэклямны інструмэнт.

Рацэпт атрымаўся, досыць просты: купіць майку занесьці ў друкавальную кантору й замовіць свой малюнак. У дэмакратычнай краіне з гэтым ня мусіць быць праблемаў — намалююць вам на майцы бел-чырона-белы сьцяг і не стукануць у КДБ, нават пашпартныя дадзеныя не запішуць. Калі вы папросіце намаляваць этнічныя межы Беларусі зь Вільняй, Смаленскам, Беластокам й выяваю Браніслава Тарашкевіча ў шортах а-ля Міхалок — вас не накіруюць у дурку для лекаваньня электрашокам і банкамі. Глядзіце, калі ідэя з майкаю добра атрымаецца, яшчэ й да вас з такой просьбаю зьвяртацца маладафронтаўцы будуць.

Макет майкі можна замовіць адразу ў гэтае канторы. Таксама можна па яго або па іншую параду зьвярнуцца на наш мэйл press.mfront@gmail.com. — Бясплатна, прафэсійна, на карысьць Айчыны!

P.S.  Усе супадзеньні выпадковыя.

Міхал Вітушка

Падзяліцца:

Каментары

  1. Frontavec (Jan 23, 2012:06:41)Адказаць

    Цішотка/суколка але ж ніяк не “майка”

    • Міхал Вітушка (Jan 26, 2012:21:00)Адказаць

      Абсалютна слушна.
      Каюся: павёўся на глябалістычныя расейскамоўныя тэндэнцыі, баючыся, што слова суколка які-небудзь выпадковы наведвальнік сайту не зразумее.

  2. pron (Feb 13, 2012:03:22)Адказаць

    Ю.М.Герасимов к ФСБ РФ.

    “…по приказу №227 от 28.07.1942г.”Ни шагу назад!” заградотряды должны были стоять насмерть(примеры) или же при прорыве врага обязаны были менять свою дислокацию оставаясь в живых для выполнения приказа?”

    Юрий Михайлович Герасимов к ФСБ РФ 27.06.2011г. http://depositfiles.com/files/g2ph3m1at