Яўген Васьковіч выйшаў з карцара

Яўген Васьковіч выйшаў з карцара

24 лістапада зняволенага журналіста газеты “Бобруйскій курьер” Яўгена Васьковіча, які зараз утрымліваецца ў крытай турме № 4 горада Магілёва, наведаў адвакат. Васьковіч нарэшце выйшаў з карцара, дзе ўтрымліваўся цэлы месяц. Яўген распавёў пра лісты падтрымкі, «візіт» у іх турму Андрэя Саннікава і сваё жаданне сустрэцца са святаром.

Як паведаміў прэс-службе БХД адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, адвакат сустрэўся з Яўгенам Васьковічам у 2-й палове дня:

«Васьковіч ужо выйшаў з карцара, знаходзіцца ў камеры з 3-ма іншымі зняволенымі. Скаргаў па ўтрыманне і сукамернікаў Яўген не мае. Пасля выхаду з карцара яму перадалі пачак газетаў і лістоў, што прыйшлі на яго імя. З іх Васковіч адзначыў ліст ад Паўла Севярынца: унутры канверта, падпісанага Севярынцам, ляжаў чысты ліст паперы з адзнакай, што перапіска паміж Васьковічам і Севярынцам забароненая.»

Паводле інфамрацыі ад адваката, Яўген таксама дзякаваў за інфармацыю пра гісторыю БХД, прасіў выслаць яму праграму і статут стваранай партыі. «Відаць, ён вядзе агітацыйную працу сярод сукамернікаў», — выказаў меркаванне Дзяніс Садоўскі.

Толькі з газетаў Яўген Васьковіч даведаўся, што ў іх турму прывозілі Саннікава. Ніхто са зняволеных яго не бачыў. Саннікава трымалі ў асобным боксе, як «вельмі важную асобу». Кантактаваць з ім, паводле інфармацыі Васьковіча, было немагчыма.

Таксама Яўген Васьковіч напісаў заяву пра спатканне з каталіцкім святаром. «БХД са свайго боку будзе прыкладаць усе намаганні, каб Яўген змог сустрэцца са святаром, будзем кантактаваць з ксяндзамі на гэты конт», — заўважыў Садоўскі. — «Настрой у яго бадзёры, ён адрасціў бакенбарды. Перадаваў прывітанне і падзяку за падтрымку.»

Нагадаем, Яўгену Васьковічу за пастаянныя «парушэнні» рэжым утрымання змянілі з агульнага на ўзмоцнены і перавялі ў крытую турму № 4 горада Магілёва. А там яго цэлы месяц, з 19 кастрычніка па 19 лістапада, пратрымалі ў карцары.

Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці зь беларускімі палітвязнямі. Яго абвінавацілі ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску, які адбыўся ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году. У нападзе ніхто не пацярпеў, а рэальныя страты склалі 253 тысячы рублёў, якія былі кампенсаваныя. Нягледзячы на гэта, Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

bchd.info

Падзяліцца:

Каментары