Камуністы падалі ў суд на “Малады Фронт” (фота)

Камуністы падалі ў суд на “Малады Фронт” (фота)

Першае паседжанне па кляўзе прыхільнікаў “чырвонага тэрору”  ды багахульнікаў прайшло ў Святыя дні Вялікадня.

Нечаканы абарот атрымала падзея, якая адбылася ў Вялікую Пятніцу напярэдадні Свята праваслаўнага Вялікадня. Нагадаем, тады сябра “Маладога Фронту” Раман Васільеў прыйшоў у кватэру, якую супольна здымаюць некалькі маладафронтаўцаў, і пабачыў у кватэры беспарадак – дзверы адчыненыя, усё перавернута ўверх дном, зніклі арганізацыйныя банэры ды бел-чырвона-белыя сцягі, а самае галоўнае…знік маладафронтавец Павал Сяргей!

Хлапец аб’явіўся толькі ўвечары ды апавёў паплечнікам,што адбылося.

У Вялікую Пятніцу 13 красавіка ў кватэру, дзе знаходзіўся адзін Павал Сяргей,  пазванілі ў дзьверы.  Хлапец адчыніў і пабачыў пяцёх людзей у цывільным, адзін з якіх прадставіўся ўчастковым. Мужчыны ўварваліся ў кватэру ды пачалі зрываць са сценаў нацыянальныя сцягі, забіраць банэры. Калі хлапец спытаўся, хто яны і што яны робяць, яму начапілі на рукі кайданкі, вывелі на вуліцу і пасадзілі ў машыну. Зразумела, што дазволу на ператрус у прысутных не было,  пратаколаў пра канфіскацыю маёмасці ніхто не складаў.

Паўла Сяргея прывезлі ў суд Маскоўскага раёна на паседжанне… па грамадзянскім зыску ад камуністаў да маладафронтаўцаў!

Удзельнікі мітынгу 7 лістапада 2011 году ля помніка Леніну, падалі ў суд на сяброў МФ Паўла Сяргея, Рамана Васільева і Міхася Мускага. Камуністы (а ў суд паступілі 2 аналагічныя зыскі) вінавацяць хлапцоў у нанясенні матэрыяльнай і маральнай шкоды. Паводле камуністаў, закідванне помніка Леніну яйкамі стала прыніжэннем іх гонару і годнасці, як людзей, якія выхоўваліся “у духу калектывізма, інтэрнацыяналізма, сацыялістычных і камуністычных каштоўнасцяў, якія і дагэтуль жывуць у нашых сэрцах” (цытата са скаргі). Заяўнікі пішуць, што яйкі быццам бы запэцкалі ім паліто, што нанесла матэрыяльную шкоду.

Камуніст Мікалай Юшчанка (1934 года нараджэння) просіць суд спатрабаваць з маладафронтаўцаў 900 тысяч рублёў у якасці маральнай кампенсацыі і 600 тысяч рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі. Маладзейшы Мікалай Валовіч (1985 года нараджэння), забыўшыся на прынцып калектывізму і ўсеагульнай роўнасці, ацаніў свой маральны супакой і пальцішка даражэй – адпаведна 2,5 мільёны рублёў і 2 мільёны рублёў.

Маладафронтавец з Жодзіна“Больш за ўсё ў гэтым зыску мяне здзівіла і абурыла тры моманты: па-першае, асоба заяўніка 1985 году, які сцвярджае, што выхоўваўся ў духу савеччыны. Па-другое, зыск пададзены праз паўгады пасля акцыі 7 лістапада. Па-трэцяе, суд адбыўся ў Велікодныя дні – улічваючы, што заяўнікі з’яўляюцца атэістамі, гэта выглядае багахульствам”, — каментуе судовы зыск Раман Васільеў.

На першым паседжанні камуністы агучылі свае зыскі, аднак прысутны маладафронтавец Павал Сяргей і выкліканы адвакат папрасілі перанесці судовы працэс, каб мець час дэталёва азнаёміцца з патрабаваннямі камуністаў ды падрыхтаваць пазіцыю абароны. Дарэчы, на суд у кайданках прывезлі і Міхася Мускага, які на той час адбываў адміністрацыйны арышт на Акрэсціна.

“На маю думку, гэты суд – цудоўная магчымасць працягнуць грамадскі Трыбунал над камунізмам, які “Малады Фронт” распачаў яшчэ ў 2008 годзе. Мы запросім на наступнае паседжанне  гісторыкаў і даследчыкаў, якія вывучаюць перыяд “крывавага тэрору”, сваякоў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, святароў. Няхай камуністы паглядзяць у вочы тым людзям, да трагедый, да знішчэння сем’яў якіх спрычыніліся іх аднадумцы па крывавай ідэалогіі. Няхай публічна пачуюць словы асуджэння, якога, на жаль, пакуль што няма на дзяржаўным узроўні”, — гаворыць намесніца старшыні МФ Наста Палажанка.

Наступнае паседжанне распачнецца 3 траўня а 9-й ранку ў судзе Маскоўскага раёна. Запрашаем усіх ахвотных папрысутнічаць на паседжанні (толькі не забудзьцеся на пашпарт),а  журналістаў заклікаем да асвятлення ў СМІ гэтага незвычайнага працэсу.

Фота зыску ад Мікалая Юшчанкі:

Падзяліцца:

Каментары

  1. Марыя (Apr 19, 2012:20:44)Адказаць

    Вот он — этот коммунист:
    https://www.posobniki.com/index.php/Волович_Николай_Викторович