Канферэнцыя з нагоды праблемы палітэмігрантаў

Канферэнцыя з нагоды праблемы палітэмігрантаў

18 ліпеня ў Менску адбылася сумесная прэс-канфэрэнцыя МФ, БХД, руху салідарнасьці “Разам”, прысвечаная ў асноўным лёсы беларускага прадпрымальніка і былога маладафронтаўца Андрэя Жукаўца.

Андрэй Жукавец з 1999 года знаходзіцца ў Польшчы, яго экстрадыцыі дамагаюцца беларускія ўлады. “Яму пагражае дзесяць гадоў турмы. Мы занепакоеныя той тэндэнцыяй, калі разглядаецца пытанне аб выдачы людзей Беларусі. У нас ужо ёсць ужо 30 палітвязняў, і мы не хочам, каб іх было больш”, — адзначыла намесніца старшыні МФ Наста Палажанка.

“Мы хочам заклікаць польскія ўлады і ўсю міжнародную супольнасць не выдаваць беларускім уладам, людзей якія хочуць атрымаць статус палітычных эмігрантаў. Усе міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заяўляюць, што людзі ў беларускіх турмах знаходзяцца ў бесчалавечных умовах, суды палітычна матываваныя і не празрыстыя. Таму, мы лічым, што нават, калі і былі нейкія парушэнні, але чалавек быў звязаны з палітыкай, то выдаваць яго Мінску нельга”, — заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

“Асноўны мэсыдж сённяшняй прэс-канферэнцыі — гэта не ісці на выдачу ўцекачоў, пакуль у Беларусі не выконваюцца законы, не дзейнічае міжнароднае права. У адваротным выпадку, мы будзем лічыць усё заявы Еўрапейскага саюза аб падтрымцы Беларусі пустымі словамі”, — заявіў сустаршыня БХД.

Як адзначылі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, у справе Андрэя Жукаўца, якую апазіцыя лічыць палітычна матываванай, выяўлена больш за 600 памылак, недакладнасцяў у перакладзе і фальсіфікацый. “Некаторыя польскія суддзі лічаць, што можна карыстацца доказамі з Беларусі. Але мы ўпэўненыя, што, калі б была праведзена праверка, то справа была б закрыта”, — заявіла Наста Палажанка.

Яна адзначыла, што факт выдачы Андрэя Жукаўца Беларусі вельмі верагодны. Паводле яе слоў, у 2001 годзе, калі палітыка арыштавалі ў першы раз, гэтаму перашкодзілі заявы беларускіх апазіцыйных лідараў і асабістае ўмяшанне былога тады генпракурорам Польшчы Леха Качыньскага.

“Мы памыляемся, кажучы што ведаем пазіцыю Польшчы. Пра яе пазіцыі можна меркаваць па справах, а не па словах”, — лічыць Віталь Рымашэўскі.

“З 1994 года ўлада пераследавала бізнэсоўцаў, кідала іх у турмы па розных прычынах. Таму беларуская апазіцыя засталася без унутранага фінансавання. Выдача Жукаўца стане дрэнным прыкладам для тых прадпрымальнікаў, якія пакуль яшчэ падтрымліваюць дэмакратычныя сілы”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Па словах намесніка кіраўніка Руху “Разам” Аляксандра Макаева “чарговая хваля рэпрэсій супраць беларускіх прадпрымальнікаў пачалася пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў”. Палітык заявіў, што цяпер фактычна пад кантролем уладаў знаходзіцца бізнэс прадпрымальнікаў Дзмітрыя Уса і Уладзіміра Правальскага, якія ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах, а таксама прадпрымальніка Дзмітрыя Мядзведзя, затрыманага за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года.

“Лукашэнка заяўляў, што прадпрымальнікі не маюць права ісці ў палітыку, але гэта неканстытуцыйна. У Беларусі фабрыкуюць 90% справаў, якія тычацца бізнэсу. Паводле афіцыйнай статыстыкі, на 2008 год 15 тыс. дырэктараў, у тым ліку дзяржаўных прадпрыемстваў, знаходзіліся ў турмах. У нас у краіне пабудавана вертыкаль, якая дазваляе прадпрымальнікам дзейнічаць, калі яны нясуць даніну. Яркі прыклад таго ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які знаходзіцца па палітычных прычынах у турме”, — заявіў Аляксандр Макаеў.

“Будучыня беларускай палітыкі залежыць ад моцных і самастойных палітычных сіл. А яны з’явяцца толькі, калі іх будуць фінансаваць такія людзі, як Жукавец. Інакш будуць залежаць ад знешніх сіл, ад грошай, якія паступаюць з ЕС або Масквы”, — падсумаваў Віталь Рымашэўскі.

Тэкст паводле http://telegraf.by/
Здымкі: http://bchd.info/

Падзяліцца:

Каментары