Канстанцін Жукоўскі прыгавораны да 15 сутак

Канстанцін Жукоўскі прыгавораны да 15 сутак

22 верасня суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка прызнала апазіцыянера Канстанціна Жукоўскага вінаватым ва ўчыненні правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 17.1 і 23.4 КоАП (нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі). Па рашэнні суда 15 сутак апазіцыянер правядзе ў ІЧУ.

Нагадаем, Жукоўскі быў затрыманы вечарам 21 верасня. На скрыжаванні вуліц Кніжнай і Тэльмана на яго раптоўна накінуліся супрацоўнікі спецназа і з прымяненнем грубай фізічнай сілы заштурхалі ў службовы аўтамабіль. Верагодна, актывіст атрымаў пры гэтым траўмы, бо ноччу яго дастаўлялі ў абласную бальніцу. Мінулую ноч ён правёў у ІЧУ.

Згодна з міліцэйскім пратаколам, Жукоўскі 21 верасня прыкладна ў 18.25 на вуліцы Тэльмана нецэнзурна лаяўся, на заўвагі міліцыянераў не рэагаваў, а пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеянні аказаў непадпарадкаванне міліцыі.

Супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Сяргей Мітчанка, Андрэй Юранаў і Аляксандр Мядзведзеў паказалі на судзе, што 21 верасня прыкладна з 17.00 па загадзе начальніка аддзела грамадскага парадку Чыгуначнага РАУС маёра Аляксандра Кошмана чакалі Жукоўскага каля яго дома, каб уручыць яму позву. Паводле слоў міліцыянераў, яны сустрэлі актывіста на вуліцы Тэльмана, спрабавалі ўручыць позву, але Жукоўскі пачаў лаяцца матам, аказаў ім супраціўленне, сарваў з міліцыянераў бэджы і рацыі. Паводле слоў міліцыянераў, апазіцыянер паводзіў сябе неадэкватна. «Ён пагражаў нам, нашым сем’ям, усё гаварыў аб нейкай ілюстрацыі», — заявіў у судзе Сяргей Мітчанка.

Актывіст не прызнаў, што лаяўся матам і не падпарадкоўваўся міліцыянерам.

Наша Ніва, са спасылкаю на href=”http://by.belapan.by/archive/2011/09/22/498338_498340/”>БелаПАН

Падзяліцца:

Каментары