«Казус Мацавілы» і «Совесть нации»

«Казус Мацавілы» і «Совесть нации»

Прапаноўваем вашай увазе адказ на артыкул «”Совесть нации” или казус Дашкевича» (28.09.12, belta.by) за аўтарствам Аляксея Мацавілы. З карцінкамі 🙂

Артыкул «палітычнага аналітыка» Аляксея Мацавілы ад пачатку вельмі цяжка разглядаць як спробу аб’ектыўнай аналітыкі і запрашэнне да дыскусіі. Па-першае таму, што ягоны апанент знаходзіцца за кратамі і ў дадзеным выпадку адказаць аўтару ня можа. Па-другое, Зміцер Дашкевіч зараз знаходзіцца ці не ў найгоршых умовах, у параўнанні з іншымі палітвязнямі, а пагалоска аб гэтым у СМІ і выклікала   адпаведную «замову» для праўладнага «аналітыка». «По поводу нынешних неудобств парню сочувствую…» — цынічна піша «аналітык» у сваім блогу на сайце БелТА, а пасля дадае: «…колония не санаторий».

Ч.І (змястоўная)

У сваім тэксце А.Мацавіла спрабуе давесці ідэйную няўстойлівасць Дашкевіча на прыкладзе двух ягоных артыкулаў за 2010 г.: «ВЫБАР. Паміж Захадам і Ўсходам» (30.04.2010) ды «Не бойцеся рускіх!» (27.09.2010). Кшталту, у першым Дашкевіч жорстка крытыкуе Расею, а ў другім глядзіць на яе ўжо больш паблажліва. Сярод вырваных з кантэксту цытатаў, якія прыводзіць «аналітык», чытачу сапраўды лёгка згубіцца і заблытацца.

Аднак, калі звярнуцца да першакрыніцаў усё стае на свае месцы. У артыкуле «ВЫБАР…» Дашкевіч разглядае адвечнае супрацьстаянне Захада і Ўсходу, якое акурат праходзіла ў раёне расейска-беларускай мяжы. Так, гісторыя ў нас з «усходнімі братамі» агульная, але пры гэтым крывавая ды лютая. І ніякая «сямейная кансультацыя» з такімі «родзічамі» ужо не дасць рады… Дамінуючы заходні вектар у развіцці краіны – прынцыповая пазіцыя Зміцера, з абавязковымі заўвагамі, канешне, наконт памылак ЕЗ: адносна стану маралі і рэлігіі, эканамічнай падпарадкаванасці некаторых краінаў і г.д.

Другі артыкул — «Не бойцеся рускіх!» — быў напісаны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 г., і з’яўляўся заклікам да аб’яднання вакол ідэі «Плошчы» насуперак сваркам з-за паходжання тых ці іншых грошаў ды адпаведна кандыдатаў. Дашкевіч у ім спрабуе давесці, што расейскі фактар так ці інакш застанецца ў Беларусі і пасля Лукашэнкі, і да гэтага нацыяналістам трэба быць гатовымі, адмовіўшыся ад ілюзіі маментальна вырашыць усе праблемы шляхам змены ўлады. «Плошча» для ўсіх была сапраўды кансалідуючым фактарам (за гэта кажа хаця б колькасць людзей, якія выйшлі 19 снежня), у адрозненні ад сёлетніх парламенцкіх выбараў, дзе партыйныя лідэры так і не змаглі знайсці агульнай кропкі апоры.

Такім чынам першы артыкул дае стратэгічнае бачанне «усходняга пытання», другі – тактычнае. Супярэчнасцяў паміж імі няма, бо галоўны пасыл Зміцера застаецца тым самым: «Толькі мы самі вырашым лёс Беларусі, незалежна ад Захада ці Ўсходу».

 

Ч.ІІ (цікавая)

Аляксей, а ці часта вы самі змяняеце свае жыццёвыя погляды? На адрас нашай арганізацыі прыйшоў ліст з прыкладзеным фота з вашай маладосці, год прыкладна 1996: на ім вы стаіце ў атачэнні прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі «КАРП», якая з’яўлялася адным з праектаў «Царквы Аб’яднання» Сан-Мён-Муна, тады яшчэ легальным на тэрыторыі Беларусі…

Сан-Мён-Мун – уладальнік шматлікіх кампаніяў і праектаў, прадпрымальнік, міліярдэр, медыямагнат, заснавальнік і лідар «Царквы Аб’яднання – Асацыяцыі Святога Духа за Аб’яднанне Святовага Хрысціянства». Мун адкрыта (з 1993 г.) абвясціў сябе і сваю жонку «сапраўднымі бацькамі» усяго чалавецтва. Мун, ягоная жонка ды іх дзеці, згодна вучэнню, утвараюць «сапраўдную сям’ю», якая гатовая ўратаваць усіх людзей праз абрад «блаславення», які праводзіўся сярод дзесяткаў і сотняў паслядоўнікаў у выглядзе «заручынаў».

Міфалогія ў царквы наступная: дзве тысячы год пасля Хрыста ў ролі новага «месіі» з’явіўся Мун («Госпад Другога Прышэсця»), які быў больш «паспяховым» у выкананні сваёй місіі за папярэдніка. Вучэнне Муна прапануецца разглядаць як трэці «скончаны» Запавет, услед за Старым і Новым. Задача чалавецтва, згодна ідэалогіі, «аб’яднацца вакол Сапраўдных Бацькоў», каб свет «уступіў у новую эру сапраўднай любові ды дабрабыту»… Агулам так.

На хвалі перабудовы, а яшчэ больш актыўна ў 1990-х муністы актыўна дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, спрабуючы прасунуць сваю ідэалогію ў сферу адукацыі. Аднак пачынаючы з 1999 г. розным структурам і аргінізацыям «Царквы» ў РБ не працягваюць рэестрацыі, то бок фактычна забараняюць.

Як людзі недастаткова кампетэнтныя ў дадзенай справе ніякіх вердыктаў мы ставіць ня будзем – хай кожны сам зробіць свае высновы, пашукаўшы дадатковую інфармацыю ў інтэрнэце як «за», так і «супраць». Тут пытанне менавіта да Аляксея: ці не замінае яму чалецтва ў забароненай арганізацыі, няхай і ў мінулым, быць адным з непасрэдных ідэалагічных реферэнтаў сучаснай улады? І дзе тут трываласць пазіцыі?

Дарэчы, паводле некаторых звестак Аяксей Мацавіла з’яўляецца спічрайтэрам Гаранта Канстытуцыі… Так, менавіта з ягонай падачы ў прамовах прэзідэнта час ад часу ўсплываюць цытаты з Дастаеўскага аб «невыноснасці свабоды» (дарэчы, таксама вырваныя з кантэксту), ды і ня толькі гэта. Ці паўплывала неяк ідэалогія «Царквы аб’яднання» на погляды Аляксея, а значыць і на тое, што ў сваіх прамовах прагаворвае кіраўнік РБ – застаецца таямніцай…

І апошняе: адной з нагодаў для дачэпак да Дашкевіча з боку начальніка мазырскай калоніі расейскага фашыста паводле поглядаў і садыста па жыцці Збароўскага, было менавіта «пратэстанцкае» веравызнанне Зміцера, якое «разрушает славянскую расу». Цікава, што б сказаў Збароўскі датычна вашых «неславянских» рэлігійных поглядаў?..

Маладафронтаўцы

Падзяліцца:

Каментары

  1. Лявон (Oct 07, 2012:14:17)Адказаць

    Сёння 100 гадоў з дня нараджэння беларускага нацыяналіста, выдаўца, пісьменьніка Юрыя Попкі (http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Юры_Попка).

    Яго маёмасць у Германіі чакае, каб стаць маёмасцю беларускай дзяржавы, «незалежнай ад палітыкі іншых краін»(http://nn.by/index.php?c=ar&i=10221).