КДБ цікавілася сайтам САЛІГОРСК.org з-за маладафронтаўскага велапрабегу

КДБ цікавілася сайтам САЛІГОРСК.org з-за маладафронтаўскага велапрабегу

Суддзя суда Салігорскага раёна Валянціна Лапіна 4 ліпеня не задаволіла скаргу актывіста Маладога Фронта Андрэя Тычыны на забарону велапрабегу. Спадзяванні маладзёна на пэўную перадвыбарчую лібералізацыю не апраўдаліся.

Салігорскі выканаўчы камітэт у судзе прадстаўляў начальнік юрыдычнага аддзела Аляксей Страпко. Тлумачэнні забароны велапрабегу з вуснаў маладога юрыста гучалі досыць абсурдна. Прысутны на судовым паседжанні падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Віктар Малочка так пракамэнтаваў працэс:

— Мяне, юрыста з дваццаціпяцігадовым стажам, наўпрост шакуе прававы нігілізм адказных асобаў на дзяржаўных пасадах. Яшчэ на ўваходзе ў будынак суда маладая міліцыянтка заявіла мне, што заходзіць у суд і іншыя адміністратыўныя будынкі з сумкай забаронена нейкім законам, які “павінны ведаць усе”. А пасля ажыццявіла поўны дагляд маёй сумкі, абмацаўшы рукамі нават самыя маленькія кішэнчыкі. А тое,што адбывалася на судзе, і фарсам назваць нельга. Больш нагадвала ідыятызм.

Адной з прычынаў забароны велапрабегу, як высветлілася толькі падчас судовага паседжання, стаў перадрукаваны сайтам САЛІГОРСК.org каментар Андрэя Тычынысайту праваабарончага цэнтра “Вясна”. Як вядома, Закон “Аб масавых мерапрыемствах” забараняе абвяшчаць месца, час і дату правядзення мерапрыемства да атрымання афіцыйнага дазволу на яго ад уладаў. У тым інтэрв’ю маладзён не называў ніякіх канкрэтных тэрмінаў ці маршрутаў правядзення велапрабегу, аднак для яго забароны чыноўнікам апынулася дастаткова публічнага агучвання інфармацыі аб факце падачы заяўкі нават “іншымі асобамі”.

Адказ спадара Страпко на пытанне адваката пра тое, хто менавіта гэтыя “іншыя асобы”, шакаваў прысутных. Выканкамаўскі юрыст заявіў літаральна наступнае:

— Гэтых асобаў ніхто ня ведае. Іх нават не змагло ўсталяваць упраўленне “К” КДБ Беларусі, але зарэгістраваныя яны на нейкіх выспах, — а потым дадаў, — Мы ўсе ведаем, што дадзены сайт (САЛІГОРСК.org — заўв.рэд.) з’яўляецца і прадстаўляе інтарэсы пэўных структураў. Прадстаўніком гэтых структураў з’яўляецца і Тычына Андрэй Уладзіміравіч.

Што гэта за структуры, прадстаўнік выканкаму не расышфраваў. Не менш абсурдна прагучала і другая прычына забароны маладафронтаўскага велапрабегу Салігорскім выканаўчым камітэтам. Абапіраючыся на той жа каментар маладзёна у інтэрнэце, чыноўнікі прыйшлі да высновы, што падчас акцыі будуць выкарыстоўвацца незарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку сцягі. У сваім інтэрв’ю Андрэй Тычына насамрэч вёў гаворку пра бел-чырвона-белую сімволіку на велапрабегу, але домыслы аб незарэгістраваных сцягах былі ўзяты з паветра.

— Сітуацыя ўвогуле дзікунская. Велапрабег за вяртанне афіцыйнага статусу бел-чырвона-беламу сцягу быў забаронены з прычыны незарэгістраванага статусу гэтага сцяга, — кажа сам маладафронтавец. — Я, канешне, асаблівых спадзеваў на справядліваць у дадзеным палітычным працэсе не ўскладаў, але пэўныя спадзевы на магчымую перадвыбарчую лібэаралізацыю ўсё ж такі меў. Як бачна, дарэмнаЦяпер вось думаю падаць заяўку на пікет у падтрымку байкота выбараў.

11 ліпеня маладзёну мусяць выдаць пастанову суда і матывацыйную частку да яе. Пасля гэтага цягам дзесяці дзён у яго будзе магчымасць абскардзіць рашэнне спадарыні Лапінай ў Менскім абласным судзе.

spring96.org

Падзяліцца:

Каментары