Кіраўніцтва калёніі: “З Дашкевічам усё ў парадку”

Кіраўніцтва калёніі: “З Дашкевічам усё ў парадку”

Кіраўніцтва Горацкай папраўчай калёніі №9 заяўляе, што са зьняволеным Зьмітром Дашкевічам “усё ў парадку”. Пра гэта гаворыцца ў лістах актывістам, якія 2 жніўня патрабавалі ад кіраўніцтва турмы дазволу на сустрэчу адваката са зьняволеным лідэрам “Маладога фронту”.

Пад зваротам да кіраўніцтва турмы падпісаліся больш за сорак чалавек. Ён быў напісаны пасьля таго як адвакату адмовілі ў сустрэчы са зьняволеным маладафронтаўцам.

Актывісты зьвінавацілі адміністрацыю калёніі ў парушэньні заканадаўства, выказалі засьцярогу, што з Дашкевічам у турме адбываецца нешта нядобрае. Адказнасьць за беззаконьне падпісанты звароту ўсклалі на кіраўніцтва турмы.

Аднымі зь першых атрымалі адказы за подпісам начальніка калёніі Аляксандра Кавалёва сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ з Горак Віктар і Марыя Каральковы. У лісьце гаворыцца, што “ад асуджанага Дашкевіча ніякіх заяваў альбо скаргаў не паступала. Стан здароўя асуджанага задавальняючы. Скаргаў на стан здароўя не паступала”.

“Гэта звычайная адпіска. Калі насамрэч няма ніякіх праблемаў, то можна было б дазволіць сустрэцца адвакату са Зьмітром. Гэта адпіска, каб прадэманстраваць, што мы дзейнічаем паводле закону. Мы жывём у Горках і шмат дрэнных чутак ходзіць тут пра тое як паводзяць сябе турэмшчыкі з Дашкевічам. Усё, што адбылося 2 жніўня каля калёніі – гэта вынік правакацыйных дзеяньняў адміністрацыі турмы. Людзі хадзілі да кіраўніцтва турмы. Іх там не выслухоўвалі, а запісвалі іх пашпартныя зьвесткі ды здымалі на відэа супрацоўнікі КДБ, якія ніякага дачыненьня да турмы ня маюць. Тое, што людзі пачалі пратэставаць каля будынка адміністрацыі – гэта быў эмацыйны адказ на паводзіны турэмшчыкаў. Твораць таямніцу зь нічога – вось і атрымалі тое, чаго дамагаліся – людзкога пратэсту”, — камэнтуе адказ з турмы Віктар Каралькоў.

Адмовілі адвакату ў сустрэчы з Дашкевічам на той падставе, што асуджаны пісьмова не прасіў пра яе. Актывісты палічылі такі адказ надуманым і арганізавалі пікет з расьцяжкай “Спыніце перасьлед” перад адміністрацыйным будынкам калёніі.

Акцыю пратэсту разагналі. Пятнаццаць яе ўдзельнікаў затрымалі.

Цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня ў Горках і Дрыбіне адбываюць пакараньне дзевяць актывістаў. Чацьвёра зь іх выйдуць на волю пасьля дзесяці сутак арышту 12 жніўня.

http://www.svaboda.org

Падзяліцца:

Каментары