Кіркевіч: Хто мы? Адкуль? Куды ідзем?

Кіркевіч: Хто мы? Адкуль? Куды ідзем?

Недзе гэтымі днямі мінула 9 месяцаў з прэм’еры нацыянальнай трагедыі пад назовам “Плошча” (а мажліва камедыі, як каму падабаецца). За гэты час жанчына магла вынасіць дзіця, прышытая рука магла прырасці да цела, а мая сяброўка – паспець выйсці з арганізацыі і вярнуцца ў яе… Пытанні ж і праблемы засталіся тымі самымі.

Першае і асноўнае з іх: ці займаемся мы насамрэч палітыкай? Што ёсць палітыка у сучасных беларускіх рэаліях? Улічвючы, што пры панаванні дыктатуры апазіцыйная ёй палітычная плынь заўжды мяжуе з маргінэсам і дысідэнтствам, можна з упэўненасцю сказаць, што мы займаемся палітыкай “па-беларуску”. Да сапраўднай жа палітыкі мы канешне маем яшчэ даспець… Але ў сучачнай сітуацыі мы, па вялікім рахунку, ня маем выбару: поўнасцю зыйсці з “палітычнага поля” значыла б не толькі скампраметаваць сябе, але фактычна прызнаць перамогу рэжыму і эфектыўнасць ягоных метадаў: гвалту, запужванняў, неправамернага ціску.

Іншая скрайнасць – гэта “павёрнутасць” на палітыцы – удзел выключна ў вузкапалітычных справах (выбары, справы палітвязняў), цалкам мінуючы напрыклад сацыяльныя кампаніі. Ва ўмовах, калі ўлады фактычна вынеслі палітыку па-за сферу жыцця людзей,мы аказаліся ў адным гетта з рэштай традыцыйных партыяў і рухаў. Ланцужок у нашым выпадку замкнуўся на кампаніі салідарнасці і чыста карпаратыўных інтарэсах (“Горад наш!”, кампаніі і конкурсы, якія мы ладзім для сябе самых…).Чамусці мы лічым, што людзей маюць цікавіць нашыя палітвязні апрыёры, таму што яны добрыя хлопцы і пазіраюць з лістовак шчырымі празрыстымі вачыма. НЕ! Бо гэтыя людзі дагэтуль не разу не сутыкаліся з нашай дзейнасцю, і атрымліваецца, што маюць аб ёй уяўленне выключна ў кантэксце адсідак нашых актывістаў.

Праблема ў тым, што мы згубілі кантакт з народам у цэлым і моладзю ў прыватнасці. Мы нецікавыя. Людзі не разумеюць повязі паміж сваімі праблемамі (падрыхтоўка дзяцей да школы, падвышэнне платы за вучобу) і тым, што ў нас нехта сядзіць. Мы спрабуем звярнуць на сябе ўвагу геройскімі ўчынкамі, якія часам робяцца ад безвыходнасці і для заспакаення сумлення, а звонку гэта выглядае як самакатаванне ці яшчэ горш – як “праплочаны чорны піяр”. Гэта ніякім чынам не змяншае геройства, але кроў, пралітая на такім крыжы збаўляе ўлепшым выпадку нас саміх і нікога больш…

Як жа выправіць сітуацыю? Адказ наступны: заваяваць АЎТАРЫТЭТ сярод насельніцтва, за ім ДАВЕР, і ў выніку ДАПАМОГУ ў выглядзе чалавечага ці любога іншага рэсурсу. Зараз дадзеная схема актуальная яшчэ і на тле татальнага падзення рэйтынгу ўладаў, а разам з тым і падуладных СМІ, якія гадамі спрабуюць паліваць нас брудам, ствараючы негатыўны імідж арганізацыі сярод насельніцтва. З’яўляючыся патрыятычнай арганізацыяй, мы не можам забываць, што працуем у інтарэсах беларускага народу, з якога і маем папаўняць свае сілы. Уладам, у сваю чаргу, заўжды было выгадна загнаць нас пад крыло заходніх спонсараў, такім чынам яшчэ раз адмежаваўшы ад людзей:

1)      У любы момант можна ўказаць на гэты момант, прадставўшы нас як “заходніх шпіёнаў-марыянетак”

2)      Гэта спрыяе ўзрастанню нашай лені і нашаму нежаданню працаваць з людзьмі, задавольваючыся наборам зручных сімуляцыяў (пікетаў, расклеек, скандальных затрыманняў), патрэбных еўрачыноўнікам у выглядзе фота і відэа-справаздачаў

3)      Ня трэба забывацца, што Захад таксама вядзе сваю гульню, кіруючыся толькі сваімі цікавасцямі, мы ж пры любым раскладзе павінны бараніць непадлегласць сваёй дзяржавы, і толькі яе

Мы мам стварыць для сябе САЦЫЯЛЬНУЮ БАЗУ сярод насельніцтва шляхам правядзення  сацыяльнх кампаніяў, то бок ВЫРАШАЮЧЫ ПРАБЛЕМЫ ЛЮДЗЕЙ. Ці маюць нацыяналісты, напрыклад, займацца праблемай вываза смецця? Камусці гэта падасца смешным,  але толькі да таго моманту, калі падчас пагоні ў гэтым доме яму не зачыняцца перад носам усе дзверы. “Зачыненыя дзверы” – усяго тлькі метафара, каб пазначыць ступень неразумення і абыякавасці з боку насельніцтва, якая шмат каму не дазволіць нават зірнуць у вочка… Зразумела, што “вываз смецця” – гэта таксама метафара, за якой хаваецца шырокае змаганне за свае правы з ЖКГ і любой іншай бюракратычнай структурай, прававая дапамога студэнтам, праца ў дзіцячых дамах, суботнікі, пасадкі дрэваў і багата чаго іншага.

Спрадвечнае пытанне аб фармаце Маладога Фронту, маўляў, класічная арганізацыя ці рух, у святле гэтых прапановаў таксама бачыцца па-іншам: ядро складае арганізацыя, куды ўваходзяць прыняўшыя прысягу ідэйна-блізкія аднадумцы, а ў руху можа працаваць даволі шырокі спектр асобаў, якія хочуць зрабіць хоць нешта для краіны, пры гэтым напрамую нават не закранаючы палітычных тэмаў. Наша задача: дапамагчы ім і скіраваць у патрэбнае рэчышча. У свой час ядро мае даваць прыклад дасцыпліны, адзінства, правільнага размеркавання абавязкаў.

Як мы можам казаць, што бярэм адказнасць за краіну, калі паміж намі і народам паспеў вырасці вялізны мур? Як мы можам вывесці тысячы на вуліцы,калі не можам дамовіцца паміж сабой аб месцы сустрэчы? Як мы можам кідаць ультыматумы ўладам, калі не трымаем слова нават у драбніцах? Мы маем вырасці і нарэшце пачаць наступаць, замест таго каб увесь час абараняцца. Час пачынаць інвазію. А мур рухне, рухне абавязкова, і на ягоных абломках вецер будзе граць ужо нікому непатрэбнымі ўлёткамі.

Алесь Кіркевіч,
Горадня, 21.09.2011

Падзяліцца:

Каментары