«Курапаты». Чэскі позірк на беларускі некропаль

«Курапаты». Чэскі позірк на беларускі некропаль

Хрысціянская верніца і аматарка беларускай мовы з Чэхіі Святлана Вранава дзеліцца ўражаньнямі ад наведвання курапацкага лесу.

«Успаміны пра наведванне аднаго незвычайнага звычайнага лесу, пра які я ніколі не забуду»

Пасля дзесяці дзён, праведзеных паміж менскіх шматпавярховікаў, я з нецярплівасцю чакала лесу…

Салодкі пах ландышаў змешваецца з рэзкім водарам ігліцы, у кронах дрэваў шамаціць вецер, шматкаляровыя галоўкі кветак праглядваюць з покрыву травы, дрозд суне дажджавога чарвяка ў горла свайго нашчадка, птушыны хор радасна спявае сваю песню святкавання жыцця…

Але я ап’яняльнай прыгажосці лесу амаль не ўсведамляю. Стаю як скамянелая сярод мора крыжоў усіх формаў і памераў і не магу адарваць вачэй ад правалу, які перада мной. І таксама побач са мной злева. І побач са мной cправа. І яшчэ і за мной. І паўсюль навокал. Дзясяткі правалаў. Сотні правалаў… Калі сабе ўяўляю, што кожны з іх хавае астанкі дзясяткаў закатаваных, падае на мяне такі цяжар, што амаль рухацца немагчыма.

Яшчэ ўчора я нічога не разумела. Учора я запытвала Валеру, як гэта магчыма, што беларусы страцілі нацыянальную самасвядомасць, як яны змаглі адмовіцца ад сваёй мовы, як гэта магчыма, што ім гэта ўсё роўна, што яны настолькі абыякавыя… Гэтыя пытанні не далі мне спакою цэлых дзесяць дзён, адказы на іх не задавальнялі мяне, і не адкрывалі мне сэнсу.

I цяпер я тут стаю, сэрца як быццам сціскае жалезная рука, ногі — як быццам зробленыя з свінцу, з-за болю, які адчуваю, ледзь дыхаю, па маіх шчаках слёзы коцяцца ўніз, і раптам разумею. О, Божа! Дасканалая карціна Езэкіілевай даліны сухіх костак!

Вось, тут адказы на ўсе “чаму?” і “як гэта?” Тут ляжыць гонар Беларусі. Тут пахаваныя радасць, упэўненасць ды надзея. Адсюль распаўсюджваецца абыякавасць, тут пражывае апатыя. Таму беларусы кажуць: «Гэта не мае сэнсу… Гэта не магчыма… Надзеі няма…»

“Косці гэтыя — увесь дом беларускі. Высахлі косці іхнія, і загінула надзея іхняя: яны адарваныя ад кораня”.

КурапатыМае сябры пачынаюць маліцца. Яны малююць пальцам на пяску дарогі крыж і падліваюць ў яго алей. Я далучыцца не магу. Сяджу на пні і плачу. Сэрца моцна баліць. Мужчыны ў чорных паліто стаяць побач, назіраюць за намі і пачынаюць тэлефанаваць.

Абыякавыя машыны імчацца міма па Кальцавой, якая як парэз перасякае лес-могілкі і запаўняюць цішыню лесу бясконцым шумам. Праз ствалы дрэваў і плечы крыжоў прывольна падморгвае Гандлёва-забаўляльны Цэнтр.

Ландышы і ігліцы пахнуць. Дрэвы шумяць. Шматкаляровыя галоўкі кветак праглядваюць з траўнікаў. Малады дрозд зноў раззявае дзюбу. Птушыны хор няспынна радасна спявае сваю песню святкавання жыцця…

Атмасферу гэтага лесу я ніколі не забуду. Усюдыіснае жыццё прабіваецца да паверхні, каб змагацца з усюдыісным цяжарам духу смерці. У гэтай карціне я бачу барацьбу за будучыню Беларусі. Тут змагаюцца сілы дабра і зла, тут смерць змагаецца з жыццём, тут вырашаецца лёс краіны.

Стаю, абапіраючыся на бярозу, назіраю сініцу, якая нічога не ведае пра жахі, што адбываліся тут семдзесят год таму і з маіх вуснаў пачынаюць выцякаць словы Езэкіілевай малітвы за Беларусь:

Прыйдзі, дух, ад чатырох вятроў і дыхні на гэтых забітых! Прыйдзі, дух, ад чатырох вятроў, удыхні ў іх Дух Свой, хай яны ажывуць! Прыйдзі, дух, ад чатырох вятроў, вярні жыццё туды, дзе запанавала смерць! Госпадзе, адчыні труны Беларусі і выведзі народ Беларусі з трунаў іхніх. Хай уведаюць, што Ты — Гасподзь!

Косці сухія, слухайце слова Гасподняе! Косці сухія, хопіць ляжаць і рассыпацца ў прах! Хопіць валяцца ў роспачы! Хопіць скардзіцца на мінулае! Хопіць упівацца ў безнадзейнасці! Час устаць! Час ажыць! Час падняць галаву! Час зрабіць крок наперад! Паўстаньце, косці сухія! Паўстань, беларускі народзе! Паўстань, Беларусь! Паўстань да жыцця!

У Курапатах жыццё перамагае смерць. Я веру, што так будзе ўва ўсей краіне. Бо Курапаты — гэта вобраз Беларусі. Бо Беларусь створаная Госпадам да жыцця, а не да смерці. Да радасці, а не да плачу. Да гонару, а не да віноўнага сораму.

Няма ў Беларусі іншага месца, дзе хацелася б крычаць гучней: Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

Святлана Вранова
03.11.2013

Падзяліцца:

Каментары