Ластавецкі: “Суд быў недастаткова жорсткі да абвінавачанага”

Ластавецкі: “Суд быў недастаткова жорсткі да абвінавачанага”

У Горадні вынесены прысуд таксісту, каторы зьбіў траіх студэнтаў у кастрычніку мінулага года. Пацярпелы ў аварыі маладафронтавец Арцём Ластавецкі лічыць занадта лаяльным  вырак суду да кіроўцы, каторы ледзь не давёў да сьмерці двух чалавек.

Таксіст на машыне Ford Mondeo зьбіў маладафронтаўца Арцёма Ластавецкага і двух дзяўчынак на пешаходным пераходзе. У пятніцу, 27 студзеня 2011 г., суд вынес вырак кіроўцу — 5 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама дадатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня правоў на пяць гадоў.

Пад машыну патрапілі трое студэнтаў. Яны прыехалі ў Горадню за гадзіну да здарэньня. Адна зь дзяўчын па шчасьлівай выпадковасьці — яе зачапіла па датычнай лініі й шпіталізацыя не спатрэбілася. Арцёма Ластавецкага ад удару адкінула на стрэчную паласу. Другая дзяўчына ўпала на капот аўтамабіля ды праехала такім чынам больш за 15 мэтраў. У яе пералом абодвух касьцей правай голені, закрытая чэрапна-мазгавая траўма, у Арцёма — яшчэ больш сур’ёзныя траўмы: удар галаўнога мозга, пералом бядра, адкрыты пералом абодвух касьцей голені, палітраўма. Першыя чатыры дні хлопец прабыў у шпіталі без прытомнасьці пад штучным дыханьнем.

“Лічу, што суд быў не дастаткова жосткім да абвінавачанага, бо за давядзеньне  двух чалавек да перадсьмяротнага стану павінны даваць болей,” — лічыць Арцём Ластавецкі.

“Справа атрымалася дастактова гучнай. — дадае маладафронтавец. — І судзьдзя, і пракурор ведалі, што я стыпэндыят праграмы Кастуся Каліноўскага і сябар Маладога Фронту. І я не выключаю магчымасьці, што гэта паўплывала на рашэньне суда”

На суд Арцём і яго сяброўка прыйшлі на мыліцах. Яны дагэтуль праходзяць курс лекаваньня. Абвінавачаны мусіць таксама аплаціць лекаваньне зьбітых машынаю. На карысьць пацярпелых спагнана ў дадатак па 11 мільёнаў рублёў за нанясеньне маральнай шкоды. “Мае выдаткі на лекі будуць болей,” — пракамэнтаваў Арцём мізерную ў параўнаньні з траўмамі маральную кампэнсацыю.

Арцём паведаміў таксама прэс-службе МФ, што самаадчуваньне ягонае палепшылася, але яшчэ засталося шмат праблемаў і хадзіць самастойна пакуль ён ня можа. З шпіталя Арцёма выпісалі напрыканцы сьнежня: “У нас па-мінімуму трымаюць у бальніцы, грошаў мэдыцыне нашай не хапае. У мяне палова твару не працавала, дык мяне лекавалі апаратам 70-ых гадоў. Дый працаваць мэдыкам за бясцэнак ня надта хочацца,” — дзеліцца меркаваньнем пацярпелы Арцём Ластавецкі.

Выкарыстаны відэа- й фота-матэрыялы ДАІ Гарадзенскай вобласьці ды сайту auto.onliner.by

Падзяліцца:

Каментары