СЯРГЕЯ ЛЯШКЕВІЧА СУДЗЯЦЬ 25 ТРАЎНЯ
Суд над шчучынскім маладафронтаўцам Сяргеям Ляшкевічам адбудзецца 25 траўня. Хлопца, якога ўжо два месяцы ўтрымліваюць у СІЗО, пракуратура абвінавачвае ў падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту.
Судзіць Сяргея будзе судзьдзя Віталій Сініла. Хадайніцтва аб зьмене меры ўтрыманьня было адхіленае, і зараз хлопец знаходзіцца ў жахлівых турэных умовах.
Сяргею 27 год. Ён удзельнічаў у выбарах у парлямэнт у 2004-м у складзе ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Крымінальная справа на яго заведзеная на падставе прызнаньня нейкага Аляксандра Бурдзея, які зьявіўся ў міліцыю з павіннай. Аляксандар Бурдзей нібыта прызнаўся міліцыі, што Сяргей Ляшкевіч рыхтаваў яго да тэрарыстычнай дзейнасьці. У той жа дзень у Сяргея Ляшкевіча зрабілі ператрус, сканфіскавалі кампутар, архіўныя паперы, а потым затрымалі. Дарэчы, 3 сакавіка Бурдзей быў асуджаны Шчучынскім раённым судом за крадзеж будматэрыялаў на два з паловай гады абмежаваньня волі.
[8 траўня 2006]
Прэс-служба Маладога фронту |