Лібэралізм і нацыянальная дзяржава

Лібэралізм і нацыянальная дзяржава

Беларускі народ – дзяржаватворчая нацыя на сваёй спрадвечнай зямлі, таму толькі ён мае права гаспадарыць у сваёй краіне і кіраваць усімі дзяржаўнымі й нацыянальнымі справамі. Зыходзячы з гэтага, Беларуская Дзяржава мусіць быць НАЦЫЯНАЛЬНАЙ, дзе павінныя панаваць беларускія ўлада, мова, культура, традыцыі.

Гармонія і ўсталяваньне раўнавагі паміж рознымі сацыяльнымі станамі, прафэсіямі, рэлігійнымі канфэсіямі і г.д. дзеля адзінства Нацыі – адная з найгалоўных задачаў Нацыянальнай Дзяржавы. Таму мусяць быць рашуча адкінутыя як лявацкая ідэя клясавае барацьбы, так і ідэя эгацэнтрычнага лібэралізму, які сёньня зьяўляецца ці не асноўнай небясьпекай для традыцыйнай Эўропы.

Лібэралізм, нягледзячы на ягоную гуманістычна-дэмакратычную дэмагогію, зьяўляецца таталітарнай ідэалёгіяй, бо ўсе іншыя палітычныя і філязофскія плыні ён абвяшчае недасканалымі, састарэлымі альбо антыдэмакратычнымі, імкнучыся пры гэтым апанаваць ўвесь сьвет. Любое іншадумства фактычна забараняецца нормамі г.зв. “паліткарэктнасьці”, а нярэдка выкарыстоўваюцца і больш жорсткія мэтады – ад эканамічных санкцыяй да ўварваньня вайсковых “кааліцый”.

Асноўны лібэральны прынцып – “свабода чалавека” – стаў аб’ектам абагаўленьня, адзінай меркай “дабра й зла”. Больш за тое, свабода апалягетамі лібэралізму была пераўтвораная ўва ўсёдазволенасьць, лібэралізм зрабіў найгоршыя заганы грамадзства сваім маральным падмуркам. Агрэсіўная абарона правоў усемагчых меншасьцяў перарасла ў дыктатуру гэтых меншасьцяў над большасьцю, у імклівае разбурэньне традыцыйнага эўрапейскага грамадзтва.

А калі ў грамадзтве адбываецца заняпад маралі, то заўсёды знойдуцца ахвотныя, каб дапамагчы запоўніць узьніклую пустэчу “патрэбнымі думкамі”.

Таму лібэральныя СМІ ператварыліся ў рупар прапаганды эгацэнтрызму, амаральнасьці, спаронаў, збачэнстваў (гамасэксуалізм, аднаполыя шлюбы й г.д.), сталі сродкам задурваньня масаў і насаджэньня фальшывых матэрыялістычных каштоўнасьцяў. Гэтак адбываецца апанаваньне сьвету транснацыянальным капіталам, галоўны прынцып якога – “прыбытак дзеля прыбытку”.

Такім чынам, падобная “дэмакратыя” ёсьць толькі прыхаванай формай глябальнай дыктатуры.

Касмапалітычны лібэралізм, які цяпер усталяваўся ў Эўропе, добра каардынуецца з расейскім імпэрыялізмам, знаходзячы паразуменьне з апошнім у адмаўленьні беларусам у праве на самастойнае палітычнае і нацыянальнае існаваньне. І Расея, і Захад праводзяць у дачыненьні да Беларусі аднолькавую антынацыянальную палітыку. Адпаведна, аніякай падтрымкі ў лібэральнай Эўропе беларускі нацыянальны рух ня меў і мець ня будзе, бо ён супрацьстаіць амаральнай “свабодзе” і разбэшчанасьці лібэралізму. Імкненьне стварыць моцную Беларускую Дзяржаву і незалежную эканоміку таксама супярэчыць лібэральнай канцэпцыі “адчыненага грамадзтва”, дзе транснацыянальны капітал мог бы гаспадарыць без перашкодаў.

З тых самых прычынаў ня можа быць прынятая сыстэма г.зв. “дэмакратычнага парлямэнтарызму”. Бясконцыя нутраныя звадкі, несупыннае тасаваньне кіроўных партыяў і, як вынік, касаваньне адных плянаў разьвіцьця іншымі, складае пагрозу будучыні для краіны, якой дзеля разбудовы патрабуюцца непарыўныя намаганьні.

Як вядома, няма нічога больш капрызнага й няўстолівага за думку натоўпу. Ягоны крытэр выбару: “Паспрабуем цяпер выбраць іншых”. І звычайна выбіраюць яшчэ горшых красамоўных прайдзісьветаў.

Бо ўсё залежыць не ад маральных якасьцяў кандыдата альбо вартасьці ягоных ідэяў, а ад спрыту, зь якім гэныя асобы здольныя заваяць прыхільнасьць натоўпу. Падобныя “народныя прадстаўнікі”, карыстаючыся з дэпутацкай недатыкальнасьці, ніколі не адказваюць перад сваімі выбарцамі за наступствы прынятых рашэньняў, што спараджае ў дэпутацкім корпусе і прадажнасьць, і карупцыю, і марнатраўства дзяржаўных грошай.

Больш за тое, сыстэма парляманцкай дэмакратыі непазьбежна выраджаецца ў плютакратыю. Выбарныя кампаніі й канкурэцыя патрабуюць вялікіх грошай, таму спаборнікам не абыйсьціся бяз “фундацыяў”, вядома, узамен на лабіраваньне інтарэсаў “дабрадзеяў” у парляманце. У выніку, гэтакая дэмакратыя робіцца паслугачкай тых, хто плоціць, а менавіта – ізноў жа буйных кампаніяў, банкаў і транснацыянальных карпарацыяў.

Падсумаўваўшы ўсё вышэйнапісанае, бачым, што лямантацыі пра “справядлівыя выбары”, “правы чалавека” і “свабоду слова”, якія мы чуем вакол Беларусі, – гэта пустое словаблудзтва, што адцягвае ўвагу й высілкі беларусаў ад вырашэньня галоўнай задачы – пабудовы Нацыянальнай Дзяржавы.

Тут можа паўстаць слушнае пытаньне – а што прапануецца наўзамен “парляманцкай дэмакратыі”?

Ёй на зьмену мусіць прыйсьці арганізацыя дзяржаўнага і грамадзкага-сацыяльнага ладу паводле прынцыпаў сыстэмы дабраахвотных карпарацыяў (карпаратывізм) – аб’яднаньняў грамадзянаў (незалежна ад грамадзкага і маёмаснага стану) у адпаведнасьці зь іхнымі прафэсійна-вытворчымі функцыямі.
Карпаратыўная сыстэма гарантуе гарманічную супрацу ўсіх сацыяльных групаў Нацыі, чым забясьпечвае панадклясавы, без староньніх уплываў характар дзяржаўнай улады. Дзяржава пры гэтым выконвае з аднога боку, ролю пасярэдніка й арганізатара дыялёгу, а зь іншага – зьяўляецца вышэйшым выразьнікам і абаронцам агульных інтарэсаў – інтарэсаў Нацыі.
Грамадзяне, вылучаныя з шэрагаў сваіх карпарыцыяў, мусяць быць прапарцыйна прадстаўленыя ў заканадаўчым органе Дзяржавы, дзе будуць непасрэдна выказваць патрэбы й інтарэсы, як асобных сацыяльных групаў, гэтак і ўвогуле Нацыі.

Тут найяскрава бачна, чым падобная форма народнага прадстаўніцтва адрозьніваецца ад г.зв. “парляманцкай дэмакратыі”. Па-першае, у прапанаванай сыстэме выбарцы галасуюць не за малазнаёмых кандыдатаў, якія не прадстаўляюць інтарэсаў усіх станаў насельніцтва, а за спэцыялістаў, якіх ведаюць асабіста. Па-другое, у ёй прадстаўляецца не аморфны “народ”, то бок, насамрэч, праз палітычныя партыі розныя групы транснацыянальнага капіталу, а ўсе грамадзкакарысныя станы Нацыі.

Прадчуваю новае пытаньне – а што з правамі чалавека і свабодай слова?

Чалавечая годнасьць і свабода асобы – адвечныя й нематэрыяльныя каштоўнасьці. Права ж на свабоду і магчымасьць самарэалізацыі асоба можа мець толькі ў моцнай незалежнай дзяржаве. Нацыянальная Дзяржава павінная забясьпечваць грамадзяніну сфэру свабоды самарэалізацыі, якая ня супярэчыць дзяржаўным і нацыянальным інтарэсам. Але нікому ня можа быць дазволенае карыстацца са сваёй свабоды на шкоду Нацыі й Дзяржаве.
На ўсіх дзяржаўных і сацыяльных узроўнях мусіць быць уведзены прынцып узаемазалежнасьці правоў і абавязкаў. Невыкананьне абавязкаў перад Нацыяй і Дзяржавай мусіць цягнуць за сабою абмежаваньне праваў альбо пазбаўленьне грамадзянства.

Адпаведна, дзейнасьць усіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў, скіраваная на скасаваньне альбо абмежаваньне незалежнасьці краіны, гэтаксама і СМІ, што прыніжаюць нацыянальную годнасьць беларусаў, распаўсюджваюць дэзынфармацыю альбо ажыцьцяўляюць антыбеларускую прапаганду, мусіць быць забароненая.

Больш за тое, павінен быць вызначаны комплекс заканадаўчых мераў, якія б засьцерагалі грамадзянаў, баранілі дзяцей і падлеткаў ад праяваў маральнай разбэшчанасьці ў сродках масавай інфармацыі, а таксама ад культурных плыняў, што разбуральна ўплываюць на традыцыйныя нацыянальныя каштоўнасьці, − г.зв. “унікультуры”, што імкнецца да стварэньня аднароднай, бездухоўнай масы спажыўцоў.

Напрыканцы хочацца шчэ раз зазначыць, што шчасьце асобнага чалавека не адлучная ад шчасьця Нацыі.
Лібэралізм прапагандуючы “свабоду асобы і права на самавыяўленьне”, у той самы час пазбаўляе асобу права самастойнага разьвіцьця, бо штучна стварае прыхаваныя стандарты, моду, масавую культуру, розныя плыні субкультуры й г.д. У гэтых шаблёнах чалавек ёсьць толькі шасьцярэнькаю ў мэханізме спажываньня, сродкам вытворчасьці, безасабовай часьцінкай масы (натоўпу), сьмяротным элемэнтам у біялягічным ланцугу.

Чалавек ёсьць адухоўленай адзінкай, што зьяўляецца неад’емным складнікам жывога арганізму Нацыі. Няма пазанацыянальнай асобы, як не існуе людзей без дзядоў і няма нацыяў бяз мовы, гісторыі, культуры, традыцыяў. Чалавек бяз памяці пра свой род не трымаецца сваіх, не пазнае іх, робіцца духоўна мёртвым. Гэтак, першабытная эпоха, калі плямёны сваімі норавамі, духовым жыцьцём мала розьніліся паміж сабою, ёсьць эпохай без асобаў.
Пад паняткам “Нацыя” неабходна разумець ня толькі беларусаў, што жывуць зараз, але й тых, хто жыў на нашай зямлі ў мінуўшчыне, і тых, хто будзе на ёй жыць у будучыні. А адзіным гарантам нармальнага йснаваньня Нацыі зьяўляецца моцная й незалежная Нацыянальная Дзяржава, якая мусіць заняць пачэснае месца ў адноўленай сыстэме ўладкаваньня Эўропы – Эўропе Нацыяў, вольнай ад улады міжнароднага банкірства й транснацыянальных карпарацыяў.

БЕЛАРУСЬ ПЕРАДУСІМ! AVE EUROPA!

Зьміцер Захарэвіч

Падзяліцца:

Каментары