Ліцьвінскі клуб: Спецназ і Святло

Ліцьвінскі клуб: Спецназ і Святло

Навіна пра тое, як спецназ уварваўся ў дом пастара пратэстанцкай царквы “Ян Прадвеснік” Антонія Бокуна, ужо абляцела беларускія інтэрнэт-сайты.

Служкі Лукашэнкі ўварваліся, фактычна, у царкву. Нібы бандыты, выбілі вокны, не прадставіліся, загадалі ўзняць рукі ўгору ды завялі ўсіх прысутных у аўтобус. Завезлі ў РАУС, пратрымалі некалькі гадзінаў ды адпусцілі без тлумачэнняў і пратаколаў.

Навошта была гэтая варварская акцыя? Найбольш лагічная версія – каб запалохаць.

Спецназ уламаўся ў дом пастара ў той момант, калі там праходзіў Ліцьвінскі Клюб. Гэта сустрэчы, якія арганізоўваюць члены царквы “Ян Прадвеснік”. Удзельнікі Ліцьвінскага Клюбу абмяркоўваюць гістарычныя падзеі і асобаў, літаратурныя і мастацкія творы.

Адметнасць Ліцьвінскага Клюбу – тое, што ўсе тэмы абмяркоўваюцца ў хрысціянскім кантэксце. На сустрэчах Клюбу можна пачуць багата прыкладаў таго, як людзі, якія верылі ў Бога і любілі сваю краіну, уплывалі на хаду гісторыі. Гучалі таксама і прыклады таго, да якога заняпаду бязбожжа даводзіла краіны і народы.

У многіх пасля сустрэчаў Ліцьвінскага Клюбу змяніўся погляд на гісторыю, сучаснасць і будучыя перспектывы Беларусі. Клюб пашыраў меркаванне, што адраджэннне Беларусі можа прыйсці толькі праз адраджэнне веры. Сустрэчы прыносяць вялікі плён у справе евангелізацыі – вельмі многія ўдзельнікі Клюбу паверылі ў Хрыста і пачалі хадзіць у царкву.

Вось у гэтым і ёсць уся “небяспека” Ліцьвінскага Клюбу. Дыктатура баіцца, каб людзі не пачалі верыць у Бога. Калі дыктатура церпіць веру, то толькі веру без справаў,мёртвую веру (гл. Якуба, 3:20). Калі ж чалавек пад уплывам веры пачынае задумвацца над сваім пакліканнем, адмаўляецца хлусіць і перастае падрымліваць беззаконне – гэта небяспечна для дыктатуры.

Вядоўцы Ліцьвінскага Клюбу заўсёды падкрэслівалі, што беларусам варта быць хрысціянамі і што хрысціяне павінны быць соллю зямлі і святлом свету (гл. Мацвея, 5, 13-16). І напамін пра гэта давёў лукашэнкаўскіх сілавікоў да шаленства.

“Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць сьвятло і ня ідзе да сьвятла, каб не адкрыліся ўчынкі ягоныя, бо яны ліхія” (Яна, 3:20).

http://westki.info

Падзяліцца:

Каментары

  1. Ганна (Feb 10, 2012:21:38)Адказаць

    Няўжо Касцел і на гэты раз прамаўчыць?