Лебядзь, шчупак i рак, альбо абмен палітычнымі ілюзіямі

Лебядзь, шчупак i рак, альбо абмен палітычнымі ілюзіямі

Цiкавы артыкул нам даслаў чытач. Вось так паглядае моладзь на апазiцыйных “дыназаўраў”, iх барацьбу i жыццё. Варта пачытаць i задумацца.

Нядаўна мне прыйшлося назіраць размову паміж сапраўднымі ветэранамі апазіцыі. Упэўнены, што яны сябе лічаць такімі ды, як кажуць, паслужны спіс у іх бярэ свой пачатак у слаўных дзевяностых, хоць і скончваецца на іх прыканцы. Гонару яны маюць як феадалы-шляхцічы, але, нажаль, працэсы, якія адбываюцца з імі, ніяк акрамя як “феадальнай раздробленасцю” ці “раздробленасцю апазіцыйнай” не назавеш. Карацей, негледзячы на тое, што гэтыя палітычныя дыназаўры і перайшлі ў новае стагоддзе, іх ідэі, метады барацьбы і так і не набытая здольнасць да адкрытага дыялогу засталіся недзе там – у часах, калі нараджаліся мае аднагодкі.

Сёння яны цвёрда стаяць на сваіх каштоўнасцях: хто на пабудаванні дэмакратычнага грамадства ў Беларусі шляхам бясконцага абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы “кішэнных” партый, хто – на пакланенні чалавеку, які так і не стаў прэзідэнтам, але ўпэўнены, што яшчэ абавязкова стане. Больш чым удзельнікаў клубу па інтарэсах ці фан-клубу яны не нагадваюць.

Назіраючы за ўсім гэтым, я спрабаваў адказаць самому сабе на пытанне: што яднае ўсіх гэтых людзей? Цяжка было падвесці ўсё пад агульны назоўнік, які б пасаваў усім прадстаўнікам структурна-неструктурнай апазіцыі. Гэтых людзей раздзяляе болей, чым яднае – падумаў я. Адныя робяць выгляд, што змагаюцца “за”, другія робяць выгляд, што змагаюцца “супраць”. Хтосьці за беларускую нацыю, а хтосьці супраць дыктатарскай улады. Для адных у дзевяностых засталася маладосць, адданасць ідэям і максімалізм, якому яны знайшлі выхад у той час. Таму ўсю іх дзейнасць можна назваць толькі настальгічнымі перажываннямі. Для другіх стварэнне выгляду палітычнай барацьбы стала паспяховым бізнэсам.

Уласныя амбіцыі гэтых людзей не дазваляюць ім убачыць уласную ж недзеяздольнасць, некампетэнтнасць і адарванасць ад рэальнасці. Паважаныя ветэраны абменьваліся меркаваннямі альбо, як я акрэсліў гэта потым, палітычнымі ілюзіямі наконт сітуацыі ў Беларусі і, канешне, барацьбы. Што цікава, усе гэтыя размовы яднае адсутнасць канрэтнага аб’екту дыскусіі. Мэтай гэтых размоў не з’яўляецца знаходжанне канкрэтных шляхоў вырашэння праблемаў, якія існуюць на Беларусі, ці нават выкананне якой-небудзь дробненькай лакальнай задачкі. Гэтыя людзі не чуюць адзін аднаго ды і не робяць нічога акрамя таго, што пераносяць тыповыя беларускія кухонныя размовы на шырокі фармат.

Вось такая рэчаіснасць. Гэтыя людзі, якія ўсё ж зрабілі шмат для Беларусі ў свой час, зараз маюць сем’і, маюць дзяцей і ўнукаў, побыт. Падчас таго, як народ і ўлада назірала за імі ўсе гэтыя гады, яны займелі комплексы і задаволенасць сабой, сваімі подзвігамі, але прайгралі самае галоўнае – тое, што стварала б новую, нацыянальную краіну, яны прайгралі моладзь. Прайгралі стара-новай савецкай, антыбеларускай ідэалогіі.

Мае дарагія беларусы, хлопцы і дзяўчаты, гэты артыкул скіраваны да вас. Я веру, што за вамі будучыня, у вас хаваюцца безлічныя моцы на тое, каб адрадзіць нашую мову, культуру, сям’ю, адукацыю, дзяржаву. Нашае права “людзьмі звацца”. Старая апазіцыя ніколі ўжо не будзе здольная ўспрыняць крытыку і змяніцца. Яны зрабілі сваю справу як маглі, і мы будзем паважаць іх за гэта.

Прыйшоў час для нас: мужныя, адважныя, годныя хлопцы і прыгожыя, пяшчотныя, ласкавыя дзяўчаты! Нашыя прашчуры адстаялі і захавалі нашую мову, культуру, веру і праўду для нас. Праз стагоддзі і назаўсёды! Жыве Беларусь!

Мікіцей

Падзяліцца:

Каментары