Хрысьціянская паэзія Беларусі


Славутыя беларускія паэты пішуць пра Госпада, любоў і родную краіну… 

Цемень

Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок!
Над зямлёю — імгла, у душы маёй змрок.
О, як пуста у ёй! О, як холадна жыць!
Але вось цераз цемень маланка блішчыць,

Асьвячае мне вобраз Хрыста… яго крыж…
Ажываеш, здаецца, душою гарыш.
Але толькі чаму ж так малы гэты час?!
Зноў навокал цемень. Свет зірнуў і пагас.

Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста.
Над зямлёю імгла, у душы пустата.

Максім Багдановіч, 1909

****************************************************

Ідуць вякі, а Ён—укрыжаваны
З крывёй цячэ цвікоў іржа
А род людскі бязглузды, апантаны
Не здольны зняць Яго з крыжа.

Мікола Зніч


****************************************************

Цяжар крыжа…
А на крыжы іржа!
А над зямлёй халодная імжа!
А пад зямлёй крывавая імша…

Баліць душа!
Што ж так баліць душа?!
Гарыць душа!
Душы маёй пажар…

Крыжа цяжар…
Зямлі блакітны шар
Імчыць мяне кудысці праз гады,
Ды толькі вось куды?

Куды?
Куды…

Генадзь Аўласенка

****************************************************

Нехта

У світальным тумане губляюцца гукі:
Нат крычы – не пачуеш уласнага крыку.
Нехта цьмяны ступае па выстылым бруку.
Непахісны. Цяжкі. Неаглядна вялікі.

Нехта дыхае – роўна, бы дыхае вецер, –
Непазнаная постаць у шэрым адзенні.
Твар завешаны шчыльнай заслонай дасвецця,
Дзе святло аніяк не адрозніць ад цемры.

Па знямелых завулках туляюцца цені.
Нехта крочыць – слядоў разабраць немагчыма.
Ці бязмоўным прысудам, ці грозным знаменнем –
Акрываўлены крыж у яго за плячыма.

Андрэй Цяўлоўскі

****************************************************

Мая душа не нараджала колас,
Пакуль яе да мяса не ўзараў.
Калі сарваў свой апярэтны голас
Я ад душы нарэшце заспяваў…

Мне шмат гадоў і не малы я днямі,
А пачынаю з чыстага ліста.
Я з абразоў садраў парчу і камні,
Каб мне за імі не забыць Хрыста…

Так! Многагрэшны я ў сваім штукарстве—
Пра што мне марыць і аб чым маліць?
Хай годныя раздзеляць валадарства,
А мне б з Табою раны раздзяліць!

Алесь Спіцын

****************************************************

Пацір

Знайшлі пацір слязамі поўны,
Ніхто не ведае чыймі.
Сярэбранае ў срэбным—
Поўню
Пакутнік нейкі расчыніў.
Ад зла, спакус, грахоў замову
Гугнявіў голас за сцяной…
Знайшлі на дне паціра слова,
З малітвы выпала яно.

КАХАЮ —
Вочы прачыталі

КАХАЮ —
Вусны прашапталі,

КАХАЮ —
Душы прастагналі,

КАХАЮ —
Людзі закрычалі.

Каго?

Паэт сказаў: Айчыну!
Жаўнер: дзяўчыну!
Хтось: сябе!

І сталі дружна,
Шчыра, шчыльна,
Як на касьбе, як на сяўбе.
А ён канчаўся у знямозе—
Ніхто яго не пакахаў,
З паціра выплюхнулі слёзы,
І налілі праз край віна,
І сталі дружна, шчыра, шчыльна,
Як на касьбе ці на сяўбе,
Паэт сказаў: п’ем за Айчыну!

І кожны выпіў: за сябе…

Анатоль Сыс

 

Глядзіце таксама:
[ Лірыка ]
[ Бібліятэка маладафронтаўца ]
Зборнік хрысьціянскіх сьпеваў з акордамі ] 

 

Падзяліцца:
Каментары