Дашкевіч: “Шклоў — проста нішто ў параўнаньні з тым, што зараз”

Дашкевіч: “Шклоў — проста нішто ў параўнаньні з тым, што зараз”

Аднаўленне! Важна! Паводле інфармацыі, атрыманай сёння ад Дашкевіча падчас сустрэчы з абаронцам, гэта ліст быў напісаны адразу па этапе і апісвае стан Дашкевіча адразу па прыбыцці калоніі. Паводле нашых звестак, у Глыбоцкай калоніі стаўленне да Дашкевіча палепшылася. Таму просім накіроўваць скаргі на бесчалавечнае стаўленне на кіраўніцтва Горацкай калоніі, якое арганізавала гэты пакутлівы тыднёвы этап.

Ліст Зьмітра Дашкевіча да яго хроснай маці Натальлі Ясевіч.

Мілая мая мамулечка!

Вось я на новым месцы сваёй дыслакацыі. Што тут будзе да чаго ня ведаю, але ў любым выпадку — радаснага мала. Адзінае цяпер спадзяваньне на Госпада, што нейкім чынам Ён мяне адсюль выбавіць.Як я мару пра гэта! Як я мару пра нашую сустрэчу! Пра тое, як мы засядзем за столік, ля вогнішча з шашлыкамі ў нашым садзе! А там ужо і пладоў можна назьбіраць трошку! 🙂

Ня ведаю, ці пісаў я Вам раней — Вы запісаны ў маёй асабістай справе. Гэта азначае, што Вы на правах роднага 🙂 мне чалавека можаце мяне наведаць на кароткатэрміновую нават доўгатэрміновую сустрэчу. Гэта ў тым страшным разьвіцьці падзеяў, калі я буду і надалей у зоне. Я, дарэчы, думаю пісаць заяву, калі так усё і застанецца, з просьбаю зрабіць мне на калене аперацыю, на меніск. Для гэтага мусяць калі дамагуся я, везьці мяне ў Менск, на Валадарку — там цяпер тая бальніца, якая была раней на Кальварыйскага. Аднак, канешне. малюся я з усяе моцы, каб мне вырвацца адсюль і пабачыць Вас на волі. Абняць Вас, родненькага майго брата, Насьцюленьку, Леапольдзіка! Болей нічога мне для шчасьця ня трэба, як толькі быць побач з Вамі ўсімі… І я ўжо адчуваю, што доўга бяз вас я не вытрываю… Моц мая мяне пакідае… Падаецца мне, што няма ні пачатку, ні канца гэтаму жаху, у якім я жыву апошнія месяцы. Аглядаюся назад і не разумею, як я ўсё гэта пераадоліў, і яшчэ менш разумею, як гэта можна пераадольваць болей?.. Маліцеся за мяне, міленькая мая, каб быў я да вас вернуты… Бо інакш жыць я не магу… Гэтыя 9 месяцаў даліся мне як гадоў 9 катаргі. Шклоў* — гэта проста нішто ў параўнаньні з тым, што вымушаны я быў прайсьці і праходжу яшчэ зараз. Можаце ўявіць сабе такое і адпаведны мой духовы стан? Я і сам уявіць не магу. Думаю аб усім гэтым і трэскаецца галава… У прамым і пераносным значэньні.

Добра, ня буду болей Вас мучыць сваім болем… Проста так хацелася мне напісаць Вам — трошку з Вамі, такім чынам, пагаварыўшы :-*

Вельмі моцна-моцна люблю Вас, Дзімулю, Наташу. Вас абдымаю і за Вас уісх малюся!

27.09.11, 19:15 Зьміцер Дашкевіч

“Душа мая срод ільвоў;
я ляжу сярод тых, што дыхаюць полымем, сярод сы-
ноў чалавечыў, чые зубы —
як дзіды і стрэлы, чый
язык — востры меч”. (Пс.56:5)

* Шклоў — маецца на ўвазе шклоўская калёнія, у каторай Дашкевіч адбываў пакараньне ў 2006-2007 г. за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Дыктатарскі рэжым спрабаваў зламаць маладога лідэра МФ у 2006 г ды цісне катаваннямі на Дашкевіча і цяпер.

[ Крык аб дапамозе да сусветнай супольнасці ]

Падзяліцца:

Каментары