Маці палітвязня Лобава: Эдуард шмат чытае, у яго ўсё нармальна

Маці палітвязня Лобава: Эдуард шмат чытае, у яго ўсё нармальна

Маці актывіста міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Эдуарда Лобава наведала сына ў Івацэвіцкай папраўчай калоніі № 5. Як паведаміла Марына Лобава, з 16 па 19 лістапада ў яе было доўгатэрміновае спатканне з сынам.

«У яго ўсё нармальна. На ўмовы ўтрымання не скардзіцца.

Са здароўем таксама ўсё ў парадку, хоць нядаўна ён быў прастуджаны. Ужо паправіўся. Трымаецца бадзёра, настрой добры», — сказала Марына Лобава.

У калоніі Эдуард, паводле яе слоў, не працуе. «Працы там няма, застаўся толькі адзін рабочы атрад. Ён шмат чытае, яму выпісана шмат газет, усе прыходзяць. Таксама ў яго шмат кніг.

Піша лісты сваім сябрам, але асабліва нічога новага не напішаш — дні падобныя адзін на адзін, няма падзей, няма новых уражанняў, усё аднастайна. Аб чым можна было напісаць — ён ужо даўно напісаў», — сказала Марына Лобава.

«Цяпер у яго няма праблем і з адміністрацыяй калоніі, і з іншымі зняволенымі. У калоніі было цёпла, добра грэюць. Харчаванне як і ўсюды, не горшае і не лепшае», — паведаміла маці зняволенага. Чарговае спатканне з сынам у Марыны Лобавай будзе толькі праз паўгода. «Калі ўсё будзе добра і ў яго не будзе ніякіх парушэнняў», — далдала маці палітвязня ў размове з журналістам “Нашай Нівы”.

Нагадаем, што 1 снежня — дзень нараджэння нашага брата і паплечніка Эдуарда, павіншаваць хлопца можна па адрасе:

Эдуард Лобаў
225295 Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, “Воўчыя норы”, а / с 20
папраўчая калонія № 22

Падзяліцца:

Каментары