Маладафронтаўца Яроменка судзілі ў ягоную адсутнасць

Маладафронтаўца Яроменка судзілі ў ягоную адсутнасць

У судзе Першамайскага раёна Менска адбыўся чарговы суд над былым палітвязнем Уладзімірам Яроменкам.

Адміністрацыйная справа ў дачыненні да актывіста «Маладога фронту» за нібыта парушэнні ўмоў прэвентыўнага нагляду разглядалася ў 14.00 у судзе Першамайскага раёна Менска.

 

Уладзімір Яроменак не прысутнічаў на працэсе, бо не быў праінфармаваны пра яго загадзя.

 

«Я туды проста не пайшоў, я даведаўся постфактум пра тое, што сёння павінна была разглядацца справа аб парушэннях умоў прэвентыўнага нагляду. Нават не ведаю пра якія парушэнні ідзе гаворка. Таму падрабязнасцяў суда я не ведаю», — распавёў былы палітвязень.

Актывіст адзначыў, што судовы працэс, які прайшоў без яго прысутнасці, — гэта парушэнне яго правоў.

«Тое, што працэс прайшоў без маёй прысутнасці, — гэта парушэнне маіх правоў, у прыватнасці, права на абарону. Але пакуль мне належным чынам не ўручаць позву — я ў суд не пайду.

 

Калі я ўчора заходзіў у крымінальна-выканаўчую інспекцыю, інспектар нічога мне не сказаў пра тое, што сёння будзе суд», — сказаў на заканчэнне актывіст.

 

Нагадаем, актывіст «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак у студзені 2011 года быў арыштаваны як падазраваны па справе «аб масавых беспарадках». Быў асуджаны на тры гады.

Адбываў пакаранне ў калоніі пад Віцебскам. У жніўні 2011 года ў ліку іншых фігурантаў быў памілаваны. З тых часоў яшчэ некалькі разоў апыняўся за кратамі па адміністрацыйных артыкулах.

 

15 сакавіка 2013 суд Першамайскага раёна Менска на 6 месяцаў падоўжыў прэвентыўны нагляд у адносінах да актывіста, які быў устаноўлены год назад.

 

Асоба, за якой устаноўлены прэвентыўны нагляд, абавязаная з’яўляцца па выкліках у органы ўнутраных спраў і даваць тлумачэнні па пытаннях выканання патрабаванняў прэвентыўнага нагляду; папярэдзіць орган унутраных спраў аб змене месца працы і жыхарства; выязджаць за межы раёна (горада) толькі са згоды органа ўнутраных спраў . Пры гэтым упаўнаважаныя супрацоўнікі могуць прыходзіць да такой асобы ў любы час сутак. Пры трох правапарушэннях пад прэвентыўным наглядам можа быць распачатая крымінальная справа.

nn.by

Падзяліцца:

Каментары