Маладафронтаўца Станіслава Булу адлічылі з унівэрсытэту

Маладафронтаўца Станіслава Булу адлічылі з унівэрсытэту

Гомельскага студэнта Станіслава Булу пасьля акцыі пратэсту супраць агрэсіі Расеі ва Ўкраіне і арышту ў Менску адлічылі зь дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Студэнта чакае войска.

Станіслаў Була даведаўся, што яго адлічылі з унівэрсытэту, у мінулы панядзелак, 24 сакавіка. За дзень да гэтага ён вярнуўся ў Гомель зь Менску, дзе разам са Зьмітром Карашковым браў удзел у пікетаваньні расейскай амбасады з прычыны разьвязанай Расеяй агрэсіі ва Ўкраіне:

«Выйшлі з плякатамі насупраць расейскай амбасады. Было напісана: „Не — вайне! Пуцін вораг“ — гэта мой быў плякат. У Зьмітра напісана: „Пуцін, рукі прэч ад Украіны“. Мы прастаялі больш за ўсіх — нам удалося паўтары хвіліны прастаяць. Гэта своеасаблівы рэкорд сярод тых, што там былі. Потым нас затрымалі».

Гамельчука Зьмітра Карашкова пакаралі праз суд за пікет 15-суткавым арыштам. Булу арыштавалі на 11 сутак:

«Восем дзён я трымаў галадоўку, але потым у мяне ўжо ня стала моцы падымацца на сваю шконку на другім ярусе, і я вырашыў галадоўку адкласьці».

Па прыезьдзе ў Гомель Станіслаў яшчэ паназіраў за галасаваньнем на адным з участкаў, а з пачаткам працоўнага тыдня прыйшоў ва ўнівэрсытэт, дзе яго й пазнаёмілі з загадам рэктара на адлічэньне за неліквідаваную акадэмічную запазычанасьць. Падпісаны загад быў яшчэ 17 сакавіка, калі Була адбываў «суткі» ў сталічным ізалятары на вуліцы Акрэсьціна.

Восем дзён я трымаў галадоўку, але потым у мяне ўжо ня стала моцы падымацца на сваю шконку на другім ярусе, і я вырашыў галадоўку адкласьці

Студэнт тлумачыць, што да экзамэнаў яго наагул не дапусьцілі з прычыны заліку па паліталёгіі, ня здадзенага загадчыку катэдры палітычнай сацыялёгіі Міхаілу Цішкевічу. Станіслаў кажа, што ня раз спрабаваў здаць залік, але выкладчык яго ня надта і слухаў. Альбо наагул казаў, што пара зьбірацца ў войска.

Станіслаў: «Ня ведаю, чаго ён ад мяне хацеў. Але так атрымалася, што я да яго чатыры разы прыходзіў ці нават болей. Потым мне гэта надакучыла, і я пісьмова зьвярнуўся ў дэканат, каб мне прызначылі камісію без удзелу Цішкевіча».

Камісіі Була залік па паліталёгіі здаў, але час быў страчаны — экзамэнацыйная сэсія ўжо скончылася. Станіслаў кажа, што прыходзіў у дэканат пытацца, дзе й каму здаць экзамэны, але ніхто гэтага першакурсьніку не патлумачыў. Прапаноўвалі толькі самому шукаць выкладчыкаў і дамаўляцца пра экзамэны.

У дэканаце філялягічнага факультэту, наадварот, кажуць, што ніякай ініцыятывы Станіслаў не выяўляў:

«Ён кажа тое, што яму выгадна. Ён ні разу не прыйшоў па накіраваньні ў дэканат. Папярэджвалі пра тое, што ёсьць вызначаныя тэрміны ліквідацыі запазычанасьці — трэба прыйсьці і ліквідаваць. Ён адказваў: „Добра“. Разьвярнуўся і пайшоў».

Яшчэ да адлічэньня, як сьцьвярджае Станіслаў, яму ня раз на факультэце паказвалі фатаздымкі з грамадзкіх акцыяў зь ягоным удзелам, а калі адміністрацыйная камісія Савецкага раёну пакарала яго штрафам за распаўсюд улётак супраць алькагалізацыі насельніцтва, у дэканаце запатрабавалі тлумачальную і вынесьлі вымову:

«У тлумачальнай я ўказаў, што аспрэчваю цяпер гэты штраф — багата чаго напісаў, але, нягледзячы на тлумачэньне, абвясьцілі афіцыйную вымову».

Штраф Станіславу суд адмяніў, а вымова, дарэчы, так і засталася.

Сёлета ў жніўні Станіславу Булу споўніцца 19 гадоў. Ён ужо два гады як сябра зарэгістраванай у Чэхіі моладзевай грамадзкай арганізацыі «Малады фронт». Цалкам беларускамоўны юнак, хоць і вучыўся на спэцыяльнасьці «расейская мова». Кажа, што ўступіў у арганізацыю з ідэйных памкненьняў.

Аднакурсьнікі па філялягічным факультэце з жалем успрынялі адлічэньне Станіслава Булы. Студэнтаў-хлапцоў на патоку і без таго можна было пералічыць на пальцах адной рукі, а тут яшчэ й Стаса ня стала.

Аднакурсьніца Булы апавядае: «Зьдзівіліся гэтаму. Многія на факультэце нават расстроіліся. Сапраўды, у нас на факультэце хлапцы ў вялікім дэфіцыце. І што Стаса адлічылі, гэта расстроіла шмат каго. Ён быў зьвязаны з палітычнай дзейнасьцю, і, відаць, з-за гэтага не заўсёды ў яго часу хапала на вучобу. Ад сябе магу сказаць, што ён разумны і цікавы малады чалавек».

Суразмоўніца кажа, што з залікам па паліталёгіі праблемы былі ня толькі ў Станіслава. Гэта няпрофільны прадмет, і ставіліся да яго ня надта сур’ёзна. Ну, а выкладчык таксама ў даўгу не заставаўся.

Што да грамадзкай дзейнасьці Станіслава, то да яе стаўленьне ў аднакурсьнікаў рознае:

«Ёсьць такія, што падтрымліваюць ягонае ўступленьне ў „Малады фронт“ і тое, што ён займаецца грамадзкай дзейнасьцю. А ёсьць такія — абы ціха. Ціха — ну і добра. Паводле прынцыпу: мая хата з краю».

Сам Станіслаў Була ніякіх плянаў пакуль не будуе — яго чакае войска. Але як бы там ні было, сваё жыцьцё ён наважаны прысьвяціць менавіта Беларусі:

«Ва ўсялякім разе, мая дзейнасьць будзе зьвязаная з тым, каб прынесьці Беларусі вольнасьць, незалежнасьць, паспрыяць беларускаму нацыянальнаму адраджэньню».

svaboda.org

Падзяліцца:

Каментары